А пачыналася ўсё з таго, што Генадзь Цітовіч яшчэ ў 1939-м стварыў хор у вёсцы Вялікае Падлесьсе Ляхавіцкага раёну. Хор той сьпяваў народныя песьні і хутка стаў вельмі папулярным. Вось на падставе гэтага калектыву Цітовіч і стварыў у 1952 годзе Дзяржаўны хор. З 1975 году хорам кіруе вучань Цітовіча Міхась Дрынеўскі.
Учора споўнілася 10 гадоў, як урочышчу Курапаты быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі.
Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 30 лістапада ў розныя гады, назавем сёньня ірляндзкага сьвятара Джонатана Сьвіфта, які пісаў кніжкі пра прыгоды Гулівэра; амэрыканскага вынаходніка Олівэра Вінчэстэра, які прыдумаў аднайменную стрэльбу; таксама амэрыканца, пісьменьніка Марка Твэна і ангельскага прэм'ер-міністра Ўінстана Чэрчыля. Напэўна мала хто ведае, што Чэрчыль – ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.
Затое беларускага літаратара Міхася Лынькова ўсе ведаюць яшчэ са школьных гадоў. Аўтар «Міколкі-паравоза», народны пісьменьнік Беларусі Лынькоў нарадзіўся таксама 30 лістапада, у 1899 годзе.
Цяпер – пра сёньняшні каляндар. 1 сьнежня, у першы дзень зімы, адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы з AIDS. Магчымасьць захварэць на гэтую невылечную хваробу зьвязваюць найперш зь неразборлівым сэксуальным жыцьцём. Дарэчы будзе згадаць, што якраз сёньня спаўняецца 50 гадоў знакамітаму эратычнаму часопісу Playboy.
Гістарычныя падзеі.
1 сьнежня 1856 году адкрыўся Віленскі музей старажытнасьцяў, заснаваны беларускім археолягам і гісторыкам Яўстахам Тышкевічам. Апроч ягонага брата Канстанціна, свае калекцыі новаму музэю перадалі Уладзіслаў Сыракомля, Адам Кіркор, Тэадор Нарбут, Францішак Багушэвіч. Напрыканцы ХІХ ст. у фондах музэя налічвалася больш за 12 тысячаў экспанатаў.
1 сьнежня 1919 году скончыў жыцьцё самагубствам Рамуальд Жакоўскі, выдатны беларускі актор, паэт і таленавіты дэкляматар. Выступаў Жакоўскі ў трупе Фларыяна Ждановіча. Прычынаю самагубства 22-гадовага актора называюць нястачу і голад.
1 сьнежня адзначае свой дзень нараджэньня Вайра Вікі-Фрэйбэрга, прэзыдэнт суседняе Латвіі. Яна – першая ў постсавецкіх краінах жанчына-прэзыдэнт – прыйшла на сьвет у 1937 годзе.