Ідучы каля новай менскай Ратушы на плошчы Свабоды, я раптам убачыў знаёмы твар – па Менску гуляў дэпутат парлямэнту Кіпру Хрыстас Пургурыдэс, які прыляцеў у Беларусь у суботу ўвечары. Я папрасіў яго адказаць на некалькі пытаньняў, і першым было наступнае: якая мэта гэтага, ужо другога за месяц вашага візыту сюды?
(Пургурыдэс: ) “Я – дакладчык палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на тэму "Перасьлед прэсы ў Беларусі". Таму я знаходжуся тут, каб вывучыць сытуацыю, якая датычыць прэсы, увогуле сродкаў масавай інфармацыі, усталяваць факты й зрабіць справаздачу палітычнаму камітэту, а потым усёй Парлямэнцкай асамблеі”.
(Карэспандэнт: ) З кім Вы зьбіраецеся сустрэцца тут і якія Вашы чаканьні?
(Пургурыдэс: ) “Я пляную сустрэцца зь міністрам інфармацыі, парлямэнтарамі, некаторымі прэзыдэнцкімі дарадцамі, вядома ж, са шмат якімі журналістамі, а таксама прадстаўнікамі грамадзкасьці. Чаго я чакаю – гэта цяжкае пытаньне, каб на яго адказаць. Я застаюся адкрытым для інфармацыі да таго, як зрабіць канчатковыя высновы, але магу сказаць вам у самым пачатку, што сытуацыя наконт сродкаў масавай інфармацыі ня ёсьць здавальняючай”.
(Карэспандэнт: ) Вы таксама рыхтуеце іншую справаздачу – пра зьніклых. Калі вы мяркуеце зрабіць абедзьве справаздачы перад Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы?
(Пургурыдэс: ) “Я працую і над той справаздачай. Як вы здагадваецеся, гэта даволі складанае пытаньне. Як чакаецца, гэта будзе даволі доўгая справаздача. Я пляную прадставіць яе да канца году альбо – самае позьняе – на першым тыдні студзеня”.
(Карэспандэнт: ) Але першай Вы будзеце рабіць справаздачу пра стан свабоды прэсы ў Беларусі, так? І ці атрымаецца ў Вас паразмаўляць з тымі, каго Вы ня здолелі пабачыць у пачатку лістапада ў справе зьніклых?
(Пургурыдэс: ) “Я буду. Я папрасіў сустрэчаў зь некалькімі людзьмі. Я папрасіў пра сустрэчу са спадаром Паўлічэнкам, з асуджанымі за выкраданьне спадара Завадзкага. Мы напісалі адпаведныя лісты міністру ўнутраных справаў і генэральнаму пракурору з запытам наконт гэтых сустрэчаў. Спадзяюся, што мне ўдасца”.
(Карэспандэнт: ) Мы йдзем з Вамі праспэктам Францішка Скарыны. Якія ў Вас уражаньні ад Менску ды яго жыхароў?
(Пургурыдэс: ) “Горад даволі чысты й прыгожы. Людзі вельмі ветлівыя, яны могуць падабацца. Але ў мяне склалася ўражаньне, што яны ня вельмі зацікаўленыя ў палітыцы, тутэйшыя людзі. Яны не даюць знакаў, што яны цікавяцца тым, як кіруюць іх краінай”.
(Карэспандэнт: ) Вы гуляеце па Менску адзін – не баіцеся?
(Пургурыдэс: ) “Чаму я мушу баяцца? Я раблю працу, якая будзе служыць народу Беларусі. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб дапамагчы народу Беларусі. І таму мне ня трэба хвалявацца наконт гэтага. Насамрэч, калі Вы сустрэлі мяне, я йшоў з праваслаўнай царквы, дзе я наведваў службу. Служба йшла, вядома, па-расейску, але яна была такая ж, як і ў грэцкай царкве. Мне спадабалася – гэта быў вельмі прыгожы досьвед”.