Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі мелі пры сабе друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы, у якіх былі вытрымкі з Канстытуцыі й тлумачэньні аб тым, што трэці тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі ня будзе адпавядаць заканадаўству. Яны мелі анкету, у якой грамадзяне маглі паставіць свой подпіс за ці супраць трэцяга рэфэрэндуму. Адразу ж зьявіліся людзі ў цывільным, а потым міліцыянты ўсіх затрымалі.
Спачатку затрыманых сяброў АГП трымалі ў апорным пункце міліцыі на Камароўскім рынку, а потым адвезьлі ў аддзел міліцыі Савецкага раёну. Разам восем чалавек — Алег Тарасевіч, Андрэй Козел, Ігар Арлоў, Мікалай Цімашэнка, Іван Чаратун, Аляксей Нішчык, Паліна Гулідава і праваабаронца Людміла Гразнова. Мне ўдалося зьвязацца зь Людмілай Гразновай па мабільным тэлефоне, калі яна знаходзілася ў дзяжурнай частцы Савецкага РУУС.
(Гразнова: ) “Ніхто не хвалюецца, але хвалююцца міліцыянты, бо ня ведаюць, пад які артыкул нас падвесьці. Нічога крымінальнага мы не рабілі. Паводле Канстытуцыі мы маем права запытацца ў людзей — хто падтрымлівае жаданьне Лукашэнкі застацца на трэці тэрмін. Не далі нам нічога зрабіць. Мы бачым, як цісьне ўлада на міліцыянтаў, бо ўсё гэта рабілі нават не яны. А нейкая іншая служба. Мы робім выснову: тэма трэцяга рэфэрэндуму вельмі балючая і важная для ўладаў. Яны ўжо выкарыстоўваюць ня толькі міліцыю”.
На ўсіх затрыманых міліцыянты склалі пратаколы за распаўсюд друкаванай літаратуры без выходных зьвестак і адпусьцілі. Іх адміністрацыйныя пратаколы для разгляду трапяць не ў суды, а ў выканкамы.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька ў часе затрыманьня сяброў партыі быў у суседняй Літве. Ён даведаўся літаральна праз гадзіну аб тым, што адбылося, калі перасёк літоўска-беларускую мяжу. Вось як ён пракамэнтаваў дзеяньні ўлады:
(Лябедзька: ) “Ёсьць дзьве тэмы — гэта працягненьне паўнамоцтваў Лукашэнкі на трэці тэрмін і выбарчая кампанія, якая мусіць адбыцца ўвосень наступнага году. Натуральна, што дзеяньні апанэнтаў рэжыму скіраваныя на тое, каб выбары выйгралі, а рэфэрэндум не адбыўся, альбо адбыўся і Лукашэнка прайграў, — вельмі балюча ўспрымае ўлада. Падзеі, якія адбываюцца сёньня ў рэгіёнах, гэта толькі пацьвярджаюць. Затрыманьне нашых актывістаў, якія “пайшлі ў народ” — гэта надзвычай нэрвовая рэакцыя ўлады”.
Лідэр АГП адзначыў, што ўпершыню на мяжы яго разам з намесьнікам завялі ў пакой і вбшукалі. Супрацоўнікі беларускай мяжы ўсё здымалі на відэакамэру. На думку Анатоля Лябедзькі, гэта не было акцыяй псыхалягічнага ціску, хутчэй за ўсё, памежнікі спадзяваліся знайсьці кампраматныя матэрыялы, валюту альбо зброю.