Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗЭЛЬВЕ АДКРЫЛІ ПОМНІК ЛАРЫСЕ ГЕНІЮШ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На адкрыцьцё прыехала група менчукоў на чале з Анатолем Белым, які кіруе клюбам “Спадчына”. Зь ягонай ініцыятывы помнік паставілі. Выканаў яго скульптар Міхась Інькоў, які паходзіць з Зэльвы. Удзельнікі літургіі выйшлі з храму і яна закончылася каля помінка, які стаіць на цьвінтары. Праводзілі літургію сакратар Гарадзенска-Ваўкавыскай эпархіі айцец Анатоль, настаяцель гарадзенскай Каложскай царквы Аляксандар і настаяцель зэльвэнскай царквы айцец Аляксандар. Айцец Анатоль пасьля асьвячэньня помніка сказаў:

(Айцец Анатоль:) “Вялікую карысьць маюць сёньня тыя намаганьні, якія робяцца, каб ушанаваць памяць гэтай паэтэсы, памяць хрысьціянкі, памяць проста добрага і сумленнага чалавека. І таму сёньня мы молімся, каб Гасподзь даў сілы кожнаму з нас быць падобнымі на яе.”

Анатоль Белы сказаў пра Ларысу Геніюш:

(А.Белы:) “Зь цягам часу, мы вельмі спадзяемся, што яна увойдзе ў рад нашых вялікіх пакутнікаў. Таму што, сапраўды, яна цярпела за праваслаўную веру, яна сядзела ў турме і за тое, што сьвяткавала там Вялікдзень, сядзела ў карцэры.”

Анатоль Белы сказаў, што мітрапаліт Філарэт прызнаўся яму, што бачыў некалі Ларысу Геніюш, калі прыяжджаў у Зэльву. Адкрыцьцё помніка адбылося з дазволу ўладыкі Філарэта.

Прамовіў і былы міністар замежных справаў Пётар Краўчанка. Ён сказаў, што ўдзельнічаў дзесяць гадоў таму ў адкрыцьці надмагільнага помніка на месцы пахаваньня Ларысы Геніюш, дзеля чага шмат намаганьняў прыклала вядомая паэтка Данута Бічэль. І гэта была вялікая падзея. Далей сп. Краўчанка сказаў:

(П.Краўчанка:) “Ларыса Геніюш—гэтам магутная жанчына. Я думаю, што па сіле свайго духу, па патрыятызму ў нашай нацыянальнай гісторыі рэдка каго з мужчын можна паставіць побач. Гэта жанчына, якая зьяўляецца прыкладам для ўсіх нас. Для тых людзей, якія вераць у свабодную незалежную Беларусь.”

Пётар Краўчанка лічыць, што павінен быць створаны пантэон самых вартых асобаў Беларусі, сярод якіх павінна быць і Ларыса Геніюш. Яшчэ ён сказаў, што на яго вялікі ўплыў аказала “Споведзь” паэткі, якую ён прачытаў у канцы 80-х гадоў:

(П.Краўчанка:) “І тое, што я потым рабіў у жыцьці, я рабіў сьвядома дзякуючы “Споведзі” Ларысы Геніюш.

Выступілі і іншыя, а сярод іх вядомы мастак Аляксей Марачкін, які ведаў Ларысу Геніюш асабіста, прыяжджаў да яе ў Зэльву. Прамоўцы падкрэсьлівалі пазытыўнасьць таго моманту, што праваслаўная царква павярнулася тварам да нацыянальнай інтэлігенцыі, і што гэта надзвычай важна для ўмацаваньня беларускага грамадзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG