Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОМНІК МІКОЛУ ЕРМАЛОВІЧУ ЎРАЧЫСТА АДКРЫЛІ СЁНЬНЯ Ў МАЛАДЭЧНЕ

Севярын Квяткоўскі, Маладэчна

Гранітны валун з партрэтам Міколы Ермаловіча аўтарства мастака Ўладзімера Мелехава месьціцца ў самым цэнтры Маладэчна на вуліцы Віленскай. Пад гукі вайсковага аркестру кветкі да помніка ўсклалі як прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, Саюзу Пісьменьнікаў, гэтак і прадстаўнікі мясцовых уладаў. Ініцыятар стварэньня помніка, старшыня клюбу ”Спадчына” Анатоль Белы падзякаваў гарадзкім уладам за дапамогу.

На адкрыцьцё помніка сабралося каля 200 чалавек -- маладэчанцы, менчукі ды госьці зь іншых гарадоў. Урачыстыя словы прамовілі сябры і паплечнікі Міколы Ермаловіча -- прафэсар Анатоль Грыцкевіч, пісьменьнік Генрых Далідовіч ды іншыя. Таксама выступіў ураджэнец Маладэчна, экс-міністар замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка.

На заканчэньне сьпявалі маладыя маладэчанскія барды. Імпрэза цягнулася гадзіну. Увесь гэты час над прысутнымі лунаў бел-чырвона-белы сьцяг.
XS
SM
MD
LG