Адстаўка і прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці рэктара БДУ Аляксандра Казуліна сталі яркім адлюстраваньнем кадравай палітыкі, якая праводзіцца ў краіне. Менавіта кадравая палітыка стала тэмаю ўрадавай нарады, што адбылася на гэтым тыдні. У чым прычыны звальненьня Казуліна? Ці сапраўды, як заявіў на нарадзе Аляксандар Лукашэнка, беларуская сыстэма ўлады пазбаўленая клянавасьці? Чаму сярэдні ўзрост беларускага чыноўніка – каля 50 гадоў?
Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” былы старшыня нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі, былы міністар працы Аляксандар Сасноў і публіцыст Аляксандар Фядута.
(Дракахруст: ) За што звольнілі Аляксандра Казуліна? Незалежныя публіцысты часам сьпяшаюцца стварыць ікону і анёла зь любога чыноўніка, які зь якіх бы то ні было прычынах выпаў з уладнага вазка. Дарэчы, Аляксандар Казулін быў першым рэктарам БДУ, які быў не абраны навуковай радаю ўнівэрсытэту, а прызначаны кіраўніком дзяржавы. Як паставіў, гэтак і зньняў.
І тое, што чыноўнікі часам блытаюць дзяржаўнае дабро з ўласным – зьява зусім не ўнікальная. І схільнасьць да крадзяжу можа як спалучацца з абсалютнай ляяльнасьцю да кіраўніка дзяржавы, гэтак і не спалучацца.
І усё ж само разьвіцьцё справы Казуліна спараджае пэўны сумнеў у афіцыйнай вэрсіі. Навошта пракуратуры было на ўвесь сьвет абвяшчаць, што рэктар нібыта ўцёк, калі на самой справе Казулін зусім не хаваўся ад сьледзтва. Сытуацыя вельмі нагадвае эпапэю з арыштам расейскага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага. Ці пракуратура такім чынам давала Казуліну сыгнал – мы ўжо лічым цябе зьбеглым, дык бяжы?
Наконт афіцыйнай вэрсіі варта дадаць, што афіцыйная матывацыя прычынаў адхіленьня ад пасады рэктара мянялася на працягу тыдня.
У панядзелак у якасьці прыкладу называліся падозраньні ў дачыненьні да справы аб крадзяжы золата. Але пазьней кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Урал Латыпаў, прадстаўляючы новага рэктара, заявіў, што Аляксандар Казулін ня здолеў вярнуць БДУ да мадэлі клясычнага ўнівэрсытэту. Тое самае паўтарыў на кадравай нарадзе і кіраўнік дзяржавы.
Дык у чым жа прычына – датычнасьць да злачынства ці адхіленньне ад клясыкі?
Даволі часта калі ў якасьці абгрунтаваньня нейкага рашэньня прыводзіцца шмат матываў, то сапраўднай прычынаю зьяўляецца іншая, тая якая не называецца ўголас.
Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць штучнымі абвінавачаньні ў крадзяжы на адрас былога рэктара БДУ.
(Багданкевіч: ) “Цяжка сказаць, ці ёсьць тут палітыка, але яна можа быць, бо кіраўнік дзяржавы ў нас пэрыядычна прыбірае магчымых канкурэнтаў на будучых выбарах. Але я хачу падкрэсьліць, што ў нас ўвогуле аўтарытарная сыстэма кіраваньня і эканомікай, і адукацыяй і навукаю. Для мяне ў прынцыпе непрымальна, што чыноўнік вырашае, як павінен разьвівацца ўнівэрсытэт, што такое клясычны ўнівэрсытэт. Гэтыя пытаньні мусяць вырашацца выкладчыкамі гэтага ВНУ, навуковай радай ВНУ. Я абсалютна ня веру ў тое, што Казулін мог мець дачыненьне да нейкіх махінацыяў, зьвязаных з залатымі справамі. Мне здаецца, што гэта штучны, прыцягнуты за вушы матыў для вызваленьня Казуліна ад пасады”.
(Дракахруст: ) Былы міністар працы Аляксандар Сасноў называе набор цалкам палітычных прычынаў, якія маглі стаць падставамі для адхіленьня Казуліна ад пасады.
(Сасноў: ) “Дакладна я не магу сказаць, паводле якіх матываў яго зьнялі з пасады. Але прычыны палітычнага характару былі.
Два гады таму па краіне хадзілі ўпартыя чуткі, што Казулін будзе вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта. Быццам ён веў перамовы з пэўнымі людзьмі, якія маглі паўплываць на гэтыя справы. Гэта, відаць, дайшло да прэзыдэнта, і да Казуліна былі ўжытыя пэўныя захады, каб ён адмовіўся ад гэтай задумы.
Па -другое, Лукашэнка год таму быў ва ўнівэрсытэце і казаў, што ў БДУ яго ня любяць, і ня толькі студэнты, але і выкладчыкі, і што ў акцыях апазыцыі і студэнты і выкладчыкі БГУ заўсёды бяруць актыўны ўдзел. І Лукашэнка тады паставіў Казуліну задачу "навесьці парадак". Гэты парадак, відаць, навесьці немагчыма, але невыкананьне такога загаду можна было паставіць у віну Казуліну”.
(Дракахруст: ) Палітычныя амбіцыі былога рэктара, жаданьне кіраўніка дзяржавы чарговым разам прыпужаць чынавенства, няздольнасьць Казуліна прышчапіць студэнцтву правільную ідэалёгію – усе гэтыя прычыны публічнага пакраньня чарговага чыноўніка называюць незалежныя назіральнікі. На думку рэдактара Інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны”, у справе Казуліна мелася спалучэньне ўсіх гэтых чыньнікаў.
(Класкоўскі: ) “Я разглядаў бы перапляценьне вэрсіяў. Віну чалавека можа вызначыць толькі суд, і вельмі непрыгожа, што афіцыйныя мэдыі ўжо выставілі былога рэктара злачынцам.
Вэрсія пра помсту за тое, што студэнты ў 2001 годзе "няправільна" прагаласавалі, мне падаецца даволі хісткай. Я б зьвярнуў увагу на тое, што каго б нават у гіпатэтычным парадку ні пачыналі называць канкурэнтам Лукашэнкі – тут можна прыгадаць і Лявонава, і Вайтовіча, яны адразу траплялі пад гэты каток. Казуліна незалежныя мэдыі і аналітыкі таксама называлі ў гэтым гіпатэтычным сьпісе.
Магчыма, і гэта паўплывала. Але якім чынам? 20 лістапада на сэмінары для кіраўнічых кадраў Лукашэнка з гонарам зазначыў, што ў Беларусі ўдалося пазьбегнуць клянавасьці ва ўладзе. Я думаю, што гэта не зусім шчыра, хоць вядома, што шмат годных людзей ёсьць у нас на Магілеўшчыне і на Шклоўшчыне. Але варта сказаць, што ў першую чаргу пры сілавых структурах у нас існуюць пэўныя групоўкі і яны тым або іншым шляхам апякуюцца нашым бізнэсам. І на гэтай глебе здараюцца даволі вострыя калізіі”.
(Дракахруст: ) Аляксандар Класкоўскі ўжо прыгадаў нараду па пытаньнях кадравай палітыкі, якая таксама адбылася на гэтым тыдні і на якой Лукашэнка з гонарам зазначыў, што Беларусь здолела пазьбегнуць клянавасьці ў пабудове сыстэмы ўлады. Аднак, на думку былога супрацоўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі публіцыста Аляксандра Фядуты, менавіта клянавыя супярэчнасьці сталі прычынаю адхіленьня ад пасады былога рэктара БДУ.
(Фядута: ) “Мы маем справу з тым, што можна назваць барацьбою за ўладу паміж клянамі. Гэтая барацьба непалітычная, усе гэтыя кляны арыентаваныя на аднаго чалавека, усе абсалютна да яго ляяльныя, і барацьба ідзе за ўплыў на кіраўніка дзяржавы. Гэта асабліва важна цяпер, бо ў наступным годзе хутчэй за ўсё пачнецца нарэшце працэс прыватызацыі і ключавыя пазыцыі ў прэзыдэнцкім атачэньні могуць ператварыцца ва ўнушальныя эканамічныя дывідэнды”.
(Дракахруст: ) На пытаньне, ці існуюць кляны ў цяперашняй беларускай сыстэме ўлады, Станіслаў Багданкевіч адказвае парадоксам.
(Багданкевіч: ) “У нас безумоўна адзіны клян – клян Аляксандра Лукашэнкі. У нас людзі падбіраюцца не паводле талентаў, не паводле прафэсійных якасьцяў, не паводле здольнасьці адстойваць свае пазыцыі, а паводле гатовасьці незалежна ад сваіх перакананьняў выконваць тыя рашэньні, якія прымаюцца на самым версе ўлады. Лукашэнка на нарадзе шмат што казаў правільна: пра аднаўленьне кадраў, пра пошук людзей, якія думаюць нестандартна, але ж гэтага не адбываецца”.
(Дракахруст: ) Сутычкі “піцерскіх”, “сямейных” і “чэкістаў” у атачэньні прэзыдэнта Расеі зьяўляюцца адной з галоўных тэмаў расейскай публіцыстыкі і аналітыкі. Амэрыканскі друк піша пра сутыкненьні, спаборніцтва ў атачэньні прэзыдэнта Джорджа Буша груповак, лідэрамі якіх зьяўляюцца дзяржсакратар Колін Паўэл і міністар абароны Доналд Рамсфэлд. Калі кляны ў беларускай ўладзе і існуюць, як лічыць Аляксандар Фядута, то можа гэта звычайная зьява для прэзыдэнцкіх рэспублік? Ці інакш – у чам адрозьненьне, так бы мовіць, уладных клянаў у ЗША і Расеі ад іх адпаведнікаў у Беларусі?
(Фядута: ) “У Злучаных Штатах Амэрыкі кляны ў атачэньні прэзыдэнта Буша – гэта групы людзей, якіх аб'ядноўваюць агульныя падыходы да тых ці іншых праблемаў. Калі мы паглядзім на атачэньне прэзыдэнта Расеі, то ўбачым, што там існуюць кляны прафэсійныя, кляны рэгіянальныя (вядомы так званы "піцерскі клян"). Яны змагаюцца за сваё права фармаваць нацыянальны парадак дня для прэзыдэнта, рэалізоўваць сваё бачаньне разьвіцьця Расеі.
У атачэньні Аляксандра Рыгоравіча клянаў у гэтым сэнсе няма. Ён – адзіны ідэоляг у краіне, ён адзіны фармулюе задачу, і ўсе астатнія толькі прапануюць шляхі яе рэалізацыі. У нашай сытуацыі клян – гэта група асобаў, зьвязаных чалавечымі, а зусім не прафэсійнымі ці ідэалягічнымі сымпатыямі, група асобаў, аб'яднаных агульным эканамічным ці палітычным бізнэсам. Яны змагаюцца не за тое, каб рэалізаваць сваю праграму, а за тое, каб атрымаць замову на рэалізацыю праграмы Аляксандра Рыгоравіча. Міністры прыходзяць і сыходзяць, палітыка не мяняецца. Выглядае, што міністар – гэта ня больш чым чарговая маска прэзыдэнта. Кажуць, скажам, што цяперашні міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў блізкі да групы, нефармальным лідэрам якой зьяўляецца старшыня камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоль Тозік. А хто такі Тозік – ён голуб або ястраб? А хто Мартынаў? Што аб'ядноўвае гэтых людзей? ”
(Дракахруст: ) У скаргах на тое, што беларускія чыноўнікі ня маюць уласнага палітычнага аблічча, Аляксандар Фядута зусім не самотны. Пра тое самае кажа і былы міністар працы Аляксандар Сасноў.
(Сасноў: ) “Усе ведаюць, што Лукашэнка збудаваў сваю "вэртыкаль". І кожны чыноўнік, калі трэба прымацть нейкае рашэньне, заўсёды павінен атрымаць "одобрям-с" зьверху. Калі ён гэтага ня зробіць і нешта пойдзе ня так, то наступствы для яго будуць вельмі дрэнныя. Можа быць, гэта і добра, але для каго? Добра для Лукашэнкі і ягонага кляну. І толькі. Для дзяржавы гэта нядобра. Калі ўсё залежыць ад вэртыкалі, гэта спыняе жыцьцё”.
(Дракахруст: ) Але ці так ужо кепска тое, што беларускія чыноўнікі цяпер – ня болей чым выканаўцы волі кіраўніка дзяржавы? Ці не вядомы досьвед іншых посткамуністычных (і ня толькі посткамуністычных) краінаў, дзе самастойнасьць, ініцыятыўнасьць чыноўнікаў палягае ў ініцыятыўным і творчым раскраданьні дзяржаўнай скарбніцы, у развале ў рэшце рэшт самой дзяржавы.
Зразумела, ёсьць заходні досьвед, досьвед краінаў нават Усходняй Эўропы, дзе дысцыпліна і некарумпаванасьць чынавенства дасягаецца іншымі, чым у Беларусі, сродкамі. Але, як той казаў, ці для пра нас гэты досьвед. Нядаўна расейскі публіцыст Дзьмітры Быкаў, камэнтуючы справу Юкасу, горка заўважыў, што ў Расеі ёсьць толькі дзьве ўстойлівыя формы дзяржаўнай пабудовы – бардак і барак.
Ці толькі пра Расею гэта? Гаворыць Аляксандар Класкоўскі.
(Класкоўскі: ) “Тут сапраўды ёсьць дылема, і я часам разумею Аляксандра Рыгоравіча, калі ён па-дзіцячаму крыўдзіцца ў гэтым пытаньні. Сапраўды, ягоныя апанэнты завастраюць ўвагу на адным баку праблемы, маўляў, зрабіў тут казармавую дзяржаву, ўсіх пастроіў у шэраг. Зразумела, што дысцыпліна, парадак і нават нейкая гіерархія павінны быць у любым кіраваньні.
Мы памятаем тыя ўзрушэньні, што пракаціліся па постсавецкіх дзяржавах, калі нечаканая воля ператварылася ў анархію і раскраданьне дзяржаўнай маёмасьці набыло такія памеры, якіх ніколі ня мела ў расейскай гісторыі. І на гэтым фоне моцная рука Лукашэнкі невыпадкова выглядае прывабна для значнай часткі электарату.
Дарэчы, адзін з расейскіх удзельнікаў нядаўняй перадачы НТВ "Свабода Слова" зрабіў камплімэнт Аляксандру Рыгоравічу, сказаўшы, што бачыць перад сабою “адукаванага аўтарытарнага кіраўніка”. Я мяркую, што ён перабольшыў. Пра неабходнасьць адукаванага аўтарытарызму можна размаўляць сурьёзна, але беларускаму аўтарытарызму бракуе якраз адукаванасьці. Дастаткова прыгадаць лукашэнкаўскае "тыканьне" на адрас чыноўнікаў.
Некаторыя эксцэсы аўтарытарызму можна было б дараваць, калі б быў нейкі вэктар руху, калі б гэтая жорсткая машына працавала на рэформы. Але ж мы гэтага ня бачым. І застаецца толькі гэтая брутальнасьць, гэты прыгнечаны стан чыноўнікаў, хаця натуральна, што чыноўнік – гэта слуга народу, і калі ў кожнага слугі будзе свая канцэпцыя службы, гэта безумоўна будзе поўнае бязладьдзе”.
(Дракахруст: ) Пра тое, на што зьвяртае ўвагу Аляксандар Класкоўскі, крыху іншымі словамі казаў на нарадзе ў кадравым пытаньні кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Урал Латыпаў. Ён адзначыў, што пераважная частка беларускіх чыноўнікаў – 80% – прайшлі яшчэ савецкую школу кіраваньня. Латыпаў падаў яскравую лічбу – сярэдні ўзрост беларускага супрацоўніка сыстэмы кіраваньня – 48-49 гадоў.
Для параўнаньня – у Расеі, з ўсімі яе бізантыйскімі традыцыямі, з тым, што ўсходняя суседка Беларусі – далёка ня самы лепшы прыклад пасьпяховага рэфармаваньня, дык вось у Расеі сярэдні ўзрост чыноўніка – 40 гадоў, амаль на 10 гадоў меншы, чым у Беларусі.
Пра хібы такога становішча сам Урал Латыпаў выказаўся зусім шчыра, адзначыўшы, што ў сталым узросьце галоўная рыса чыноўніка – асьцярожнасьць. Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі спаслаўся на меркаваньне заходніх бізнэсмэнаў, паводле якіх беларуская бюракратыя не жадае прымаць ніякіх рашэньняў. Сп. Латыпаў пажартаваў: “У нас усе ведаюць, што за бязьдзеяньне могуць звольніць, а за дзеяньне – пасадзіць”. У кантэксьце распачатай справы Казуліна жарцік Урала Латыпава прагучаў даволі злавесна.
Можна шмат спрачацца пра тое, ці варта было ўсталёўваць жорсткую сыстэму кіраваньня ў сярэдзіне 90-х гадоў. Але цяпер пра пэўны тупік, у які завяла гэтая палітыка, гаворыць, так бы мовіць, не агалцелы апазыцыянэр, не журналіст, які, зразумела, жыцьця ня ведае, а фактычна другая асоба ў дзяржаве, асоба, якая якраз і адказная за кадравую палітыку. Праўда, Урал Латыпаў на нарадзе самакрытычна адзначыў, што адміністрацыя ня здолела выканаць даручэньне прэзыдэнта ў справе прыцягненьня на дзяржаўную службу маладога пакаленьня. Але ці ня ўзяў на сябе сп. Латыпаў віну кагосьці іншага?
(Фядута: ) “Калісьці Аляксандар Рыгоравіч казаў пра тое, што ён – самы малады прэзыдэнт. Праз тры гады пасьля гэтага стала відавочным, што ён будуе герантакратычную дзяржаву, узор якой – не пасьпяховая фірма, а пасьпяховы сабес. Гэта пачалося тады, калі эканаміка з рук Багданкевіча і Чыгіра перайшла ў рукі Лінга, калі МЗС узначаліў Антановіч, а палату прадстаўнікоў – Малафееў.
Моладзь ізноў стала незапатрабаванай. Зьявіўся прафэсійны маладзён сп. Арда зь ягонай ардою БРСМаўцаў, які рапартуе партыі і ўраду, як ён кіруе моладьдзю. Але гэта – ня кадравая палітыка.
Лукашэнка прывёў з сабою самую маладую і самую таленавітую каманду. Яна была арыентаваная на рэформы. Але Лукашэнка спалохаўся, што рэформы пацягнуць за сабою страту ўлады. Каб застацца ва ўладзе, ён, апроч іншага, мусіў заставацца самым маладым. Яму трэба было пакінуцць краіну без альтэрнатывы. Тыя самыя Булахаў і Ганчар успрымаліся ім як патэнцыйныя наступнікі. А Лукашэнка ня быў гатовы тады і не гатовы цяпер пакінуць сабе наступніка. І сутаргавы цяперашні пошук прэм’ера – гэта пошук адказу на пытаньне: чаго ж я хачу – я хачу пакінуць краіну пасьля сябе ў чыіхсьці руках ці я хачу кіраваць краінаю пажыцьцёва? У яго няма адказу на гэтае пытаньне.
Пазыцыя, агучаныя Латыпавым на кадравай нарадзе, гучыць супярэчліва: як добра, што мы захавалі савецкія кадры і як кепска, што яны асьцярожнічаюць. Але гэтая супярэчлівасьць – адлюстраваньне супярэчлівасьці Аляксандра Лукашэнкі”.
(Дракахруст: ) Наш сёньняшні суразўмоўца сп. Багданкевіч якраз і ёсьць адным з тых людзей, якія набывалі прафэсійны і кіраўнічы досьвед у савецкай сыстэме. Паводле яго, тое чынавенства, якое краіна мае цяпер – ня ёсьць вынік нейкай недапрацоўкі кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі ці кагосьці іншага. Наадварот, што хацелі, тое і атрымалі, і паводле ўзроставай структуры і паводле іншых якасьцяў.
(Багданкевіч: ) “Яна склалася з волі цяперашняй улады. Аднаўленьне кадраў мусіць быць натуральным працэсам. Але я ведаю шмат маладых паводле ўзросту людзей, але людзей нятворчых, якія гатовыя ставіць візы на любым дакумэнце, які праз два тыдні даводзіцца мяняць. Я ня думаю, што трэба перш за ўсё зьвяртаць увагу на ўзрост. Трэба шукаць людзей ініцыятыўных, падрыхтаваных, самастойных. Нават пры савецкай уладзе ў апараце былі пэўныя спрэчкі. Цяпер іх увогуле няма”.
(Дракахруст: ) Паводле тэорыі сыстэмаў, прырода сыстэмы, прынамсі яе элемэнтаў, абумоўленая яе функцыямі. Калі мэта – вярнуцца ў залаты савецкі час, то адпаведна і кадры, якія падбіраюцца пад выкананьне гэтай мэты, маюць адпаведныя якасьці. І справа тут не ў недапрацоўках сп. Латыпава.
(Класкоўскі: ) “Я думаю, што гэтая самакрытычнасьць сп. Латыпава не зусім шчырая. Гэтая сыстэма не ўспрымае кадры новай фармацыі. Арыенціры гэтай сыстэмы – ва ўчорашнім дні. Зь іншага боку і моладзь, якая атрымлівае сучасную адукацыю, ня рвецца ў гэтую вэртыкаль. Цяжка ўявіць сабе ў раённым ці абласным апараце цяперашняй улады выпускніка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Я ведаю маладых людзей, якія ідуць у акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце, добра ўсьведамляючы, што яны ніколі ня будуць у гэтай сыстэме працаваць. У межах той сыстэмы, што збудаваў Лукашэнка, іх чакае прафэсійная і маральная дэградацыя.
У сэнсе прафэсійным варта прыгадаць нядаўнюю нараду, калі прэзыдэнт запатрабаваў ад ураду "намаляваць" патрэбныя лічбы. Зразумела, што гэта робіцца шляхам маніпуляцыяў.
У сэнсе маральным іншым разам калі глядзіш, якія прыніжэньні церпяць чыноўнікі, задаеш сабе пытаньне: "Ці мужчыны гэта?".
Ёсьць, зразумела, людзі, гатовыя прагінацца, і маладыя ў тым ліку, што мы бачым на прыкладзе цяперашняга "камсамолу". Кар’ерысты ёсьць (яны ва ўсе часы былі), а моладзь ужо іншая, яна адчула смак свабоды. Яна ўсё больш будзе рабіцца сьпелым электаратам. Толькі такім чынам будуць вырашацца праблемы Беларусі, і праблемы яе кіраўнічых кадраў таксама”.