Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁС ОФІСУ АБСЭ Ў МЕНСКУ МОЖА ВЫРАШЫЦЦА НА ПАЧАТКУ СЬНЕЖНЯ


Юры Сьвірко, Менск

Пэўнасьці наконт далейшага лёсу гэтага офісу дагэтуль няма, і пытаньне пра менскае прадстаўніцтва АБСЭ ня будзе абмяркоўвацца на сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў АБСЭ ў Маастрыхце 1–2 сьнежня.

Прэсавая сакратарка офісу АБСЭ ў Менску Гайдзі Сьміт паведаміла журналістам, што супрацоўнікі дагэтуль нічога ня ведаюць пра пэрспэктывы сваёй працы. Кіраўніка офісу Эбэргарда Гайкена не запрасілі на чарговую нараду міністраў замежных справаў краін АБСЭ, якая пройдзе на наступным тыдні ў нідэрляндзкім горадзе Маастрыхце. Да таго ж, унутры АБСЭ вядуцца размовы пра рэформу так званых палявых місіяў арганізацыі. Менскія супрацоўнікі АБСЭ чакаюць, што рашэньне наконт ліквідацыі офісу або падаўжэньня яго мандату будзе прынятае Сталай радай АБСЭ неўзабаве пасьля маастрыхцкай нарады. Гаворыць Гайдзі Сьміт:

(Сьміт: ) “Паседжаньні Сталай рады АБСЭ адбываюцца шточацьвер. Мажліва, гэта будзе першы або другі чацьвер сьнежня. Як толькі я даведаюся, я падрыхтую прэсавы рэліз наконт гэтага і паінфармую вас. Я б хацела ведаць гэтаксама, як і вы — ці пакаваць мне валізкі ды вяртацца дадому на Каляды”.

У офісе АБСЭ пануе амаль такі самы падарожны настрой, які назіраўся год таму ў Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ перад яе закрыцьцём. Ужо ёсьць ускосныя прыкметы таго, што беларускія ўлады зноў не задаволеныя дзейнасьцю прадстаўніцтва АБСЭ. Паводле спадарыні Сьміт, старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына накіравала офісу ліст, якім паведаміла, што назіральнікі ад АБСЭ не былі запрошаныя на давыбары мясцовага савету ў горадзе Белаазёрску, таму яны ня маюць права назіраць за выбарамі. Нягледзячы на адсутнасьць афіцыйнай акрэдытацыі, прадстаўнікі офісу АБСЭ паехалі ў Белаазёрск як прыватныя асобы ды прывезьлі адтуль узор бруднай агітацыі супраць дэмакратычных кандыдатаў. Копіі гэтай улёткі Гайдзі Сьміт раздала журналістам.

Магчыма, на нэгатыўнае стаўленьне беларускіх уладаў да офісу АБСЭ паўплываў апошні даклад яго кіраўніка Эбэргарда Гайкена на Сталай радзе ў Вене. Колькі ўсяго дакладаў зрабіў спадар Гайкен у Вене і чаму апошні быў вельмі крытычны? Вось як адказала на гэтае пытаньне спадарыня Сьміт:

(Сьміт: ) “Я мела шанец быць у Вене падчас абодвух дакладаў — адзін быў зроблены 2 красавіка, а другі зусім нядаўна. Першы даклад быў ацэнкай таго, ці можа АБСЭ функцыянаваць у адпаведнасьці са сваім мандатам. Наконт гэтага амбасадар Гайкен зрабіў пазытыўную выснову. Новы даклад быў зроблены пасьля шасьці месяцаў дзейнасьці офісу. Калі параўноўваць зь першым дакладам, дык высновы былі гэткія. Ці можам мы дзейнічаць? Так, можам. Ці маем мы кантакты з тымі людзьмі, з кім нам трэба кантактаваць? Так, маем. Але даклад быў крытычны ў зьвязку з пагаршэньнем сытуацыі з заканадаўствам у справе няўрадавых арганізацыяў і са сродкамі масавай інфармацыі”.

Гайдзі Сьміт дадала, што даклад меў і пазытыўныя ацэнкі наконт таго, што было зроблена офісам за гэты год. Офіс АБСЭ пакуль працягвае працу. Спадарыня Сьміт паведаміла, што ў гэтую нядзелю распачнецца візыт у Беларусь адмысловага дакладчыка ПАРЭ Хрыстаса Пургурыдэса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG