Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬНІКЛЫ Ў 2000 ГОДЗЕ АПЭРАТАР ОРТ ЗЬМІЦЕР ЗАВАДЗКІ ПРЫЗНАНЫ СУДОМ ПАМЕРЛЫМ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Рашэньне аб прызнаньні Зьмітра Завадзкага памерлым прыняў Фрунзенскі суд Менску, куды два месяцы таму з адпаведнай заявай зьвярнулася Сьвятлана Завадзкая. Судзьдзі Натальлі Андрэевай хапіла некалькі гадзінаў, каб разгледзець справу і абвесьціць Зьмітра Завадзкага памерлым з дня прыняцьця рашэньня, калі яно ня будзе абскарджанае. Але гэтага чакаць не даводзіцца, паколькі прадстаўнік пракуратуры выказаўся за задавальнене просьбы жонкі зьніклага.

Між тым, пазыцыя пракуратуры ў гэтым пытаньні выглядае дастаткова супярэчлівай. З аднаго боку, сьледзтва відавочна прадставіла ў Фрунзенскі суд нейкія сьведчаньні таго, што Зьміцер Завадзкі загінуў, інакш судзьдзя не змагла бы прыняць станоўчага рашэньня. Але, з другога боку, вінаватыя ў выкраданьні Завадзкага асуджаныя не за забойства, а толькі за выкраданьне чалавека.

Паколькі сьледзтва паводле справы Завадзкага прыпыненае, а цела ня знойдзенае, пракуратура яўна не жадае далей шукаць забітага журналіста, лічыць супрацоўнік ОРТ Павал Шарамет, які працаваў разам з Завадзкім. Ён перакананы, што насамрэч сьледзтву добра вядома, хто вінаваты ў сьмерці Зьмітра Завадзкага:

(Шарамет: ) “Літаральна празь дзевяць месяцаў пасьля гэтага нам стала вядома, як загінуў Зьміцер, як яго катавалі, зламалі хрыбет і потым дабілі. Толькі на працэсе над групоўкай Ігнатовіча мне ўпершыню давялося пра гэта заявіць публічна, а раней я маўчаў, бо шкадаваў маму Зьмітра, ягоную жонку і сына. Цяпер улады дазволілі суду прызнаць Зьмітра памерлым, бо думаюць, што гэта ўжо ўсё забываецца. Але я перакананы, што гэтая справа не забудзецца. Даўніны часу ў яе ня будзе, і пакараньне вінаватым будзе вельмі жорсткае”.

Сам Павал Шарамет мяркуе, што вінаватыя ў забойстве Завадзкага ўдзельнікі групоўкі, якая зьнішчала апазыцыйных палітыкаў ды выконвала іншыя злачынныя загады палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Гэтых людзей варта шукаць у атачэньні былога камандзіра СОБРу палкоўніка Паўлічэнкі, мяркуе журналіст ОРТ. Паводле Шарамета, яны выконвалі нейкія спэцзаданьні і ў Чачэніі, а Зьміцер Завадзкі неяк мог пра гэта даведацца падчас сваёй апошняй камандзіроўкі туды, і таму стаў іх ахвярай.

Сьвятлана Завадзкая патлумачыла Радыё Свабода, што сёньняшняя судовая пастанова дапаможа ёй вырашыць шэраг даўніх пытаньняў маёмаснага характару. Але ва ўсім астатнім для яе ўсё застаецца як раней. Сьвятлана і далей будзе змагацца за тое, каб праўда пра лёс мужа была высьветленая.

(Завадзкая: ) “Па-першае, чакаю выбараў у расейскую Дзярждуму. Аказваецца, закон дазваляе расейскай пракуратуры пачаць сваё расьсьледаваньне гэтай справы, паколькі пэўныя падзеі і сьледчыя дзеяньні адбываліся на тэрыторыі Расеі. Але такое рашэньне магчымае ўжо пасьля выбараў, а цяпер ім не да нашых праблемаў. А па-другое, буду скардзіцца і дамагацца аднаўленьня расьсьледаваньня тут”.

Зь іншых зьніклых вядомых апазыцыянэраў Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі прызнаныя бязь вестак адсутнымі. Гэта адбылося толькі больш чым праз тры гады пасьля іх зьнікненьня. А просьба сваякоў Юрыя Захаранкі аб прызнаньні яго памерлым год таму была судом адхіленая. Былы міністар унутраных справаў дагэтуль афіцыйна лічыцца асобай, якую шукаюць.

XS
SM
MD
LG