Дынаміка псыхічных захворваньняў паўсюль выклікае трывогу. Так, у Расеі за апошні час іх узровень павялічыўся ў 11 разоў. Паводле афіцыйнае статыстыкі высокая колькасьць адпаведных паталёгіяў і ў Беларусі – каля 15 адсоткаў насельніцтва маюць дачыненьні з псыхіятрыяй. У чарговай тэматычнай праграме “Палітычная геаграфія”, якую падрыхтаваў і вядзе Аляксандар Уліцёнак, размова пойдзе пра тое, што найперш правакуе гэты працэс.
Большасьць людзей палохае рост анкалёгіі, сухотаў, вэнэралёгіі – тое, што, як кажуць, можна пабачыць або памацаць... А на нэрвовыя стрэсы, дэпрэсіі не асабліва зважаюць, хоць на тле апошніх адбываецца да 80 адсоткаў інсультаў. За дзесяцігодзьдзе колькасьць першасных псыхічных расстройстваў вырасла амаль удвая. Для параўнаньня: першасныя хваробы ворганаў дыханьня засталіся амаль бяз зьменаў. Бо яны лічацца адвечным злом гнілога беларускага клімату, зь якім прывучыліся змагацца. А вось да нэрвовай сыстэмы адносіны амаль што варварскія, кажа магілёўскі лекар-псыхіятар Міхась Літоўчанка:
(Літоўчанка: ) “Трэба памятаць заўсёды, што псыхічная сфэра – такая самая, як і косткі, як іншыя сыстэмы нашага арганізму. І калі мы заўсёды й ахвотна займаемся фізкультурай, то ніколі не беражэм і не трэніруем сваю псыхіку”.
Сярод прычынаў спэцыялісты звычайна называюць недахоп адукаванасьці, інфармацыі. І вінаватая ў гэтым найперш дзяржава. Яна не магла не заўважыць надлом духоўнага здароўя нацыі: у 2001 годзе пад кансультацыйнае назіраньне псыхіятараў трапіла ўтрая больш грамадзянаў, чым у 1990-м. Між тым лячэбна-прафіляктычная база ня толькі не разьвівался, але ўсё больш развальвалася. Таму й кажа спадар Літоўчанка:
(Літоўчанка: ) “Псыхіятрыя… Я не хацеў бы сам сябе ганьбіць, але становішча нашмат горшае за так званыя прыярытэтныя галіны аховы здароўя. Як кажуць: ёсьць грошы – ёсьць варыянты, няма грошай – няма варыянтаў. Бедная псыхіятрыя ня можа быць нармальнай”.
Магілёўскі лекар прапануе арыентавацца на Злучаныя Штаты:
(Літоўчанка: ) “Прыкладам вось у Амэрыцы змаганьне краіны, яе дзяржаўнага апарату за псыхічнае здароўе нацыі ў сваіх амэрыканскіх далярах расцэньваюць больш, чым абарону дзяржавы. А ў нас – астатачны прынцып”.
Тут шмат хто заўважыць: з савецкае эпохі гэткі падыход вісіць дамоклавым мячом ўвогуле над усёй сацыяльнаю сфэрай, ад стану якой шмат у чым і залежыць духоўнае здароўе народу. Цяжка не пагадзіцца з такім назіраньнем. Але варта дадаць і наступнае. Савецкія традыцыі ў дачыненьні да псыхіятрыі яшчэ ў тым, што ейнымі пацыентамі дзяржава апекавалася задужа спэцыфічна: невыпадкова шпіталі, прафілякторыі хаваліся далей ад людзкіх вачэй, а на хворых, іхных бацькоў ды сваякоў клалася нібыта кляймо... Ня божай – уладнай, грамадзкай пагарды. Гэта ў Амэрыцы ды Эўропе да даўнаў ставяцца з чалавечым спачуваньнем найвышэйшае пробы, а ў “тутэйшых” іншае: спэцбальніцы, напрыклад, яны называюць “дуркамі” ці яшчэ больш абразьліва...
(Дзядзька:) “Я сам у Бога веруючы, ішоў у касьцёл, мне кажуць: дурдом згарэў. Ну, пра інтэрнат у вёсцы так кажуць...”
Той самы, дзе нядаўна ў пажары загінулі тры дзясяткі чалавек. Адметна, што распавядаючы пра трагедыю ў Дзятлаўскім раёне, ўсе СМІ, нават гарадзенскія, памыліліся з назваю вёскі, дзе мясьціўся дыспансэр. Гэтая нібыта дробязь – яшчэ адзін сымбаль грамадзкай непавагі да псыхічна хворых. У жыхароў Рандзілаўшчыны, якую некаторыя журналісты-“патрыёты” назвалі Радзівілаўшчынай, нават пасьля трагедыі спачуваньне да згарэлых выбарчае:
(Кабета:) “Канешне, шкада разумнейшых. Наш Сашка тут во сядзеў каля нас. Мы як перахрысьцілі яго, дык ён стаў веруючым. Раней хоць некалі ругнуся, казаў, а цяпер — не”.
Аднаго хворага, які сам не хадзіў, уратавалі. Вось што распавядае вясковая жанчына:
(Кабета:) “Казалі — вынесьлі. Які шчасьлівы ў Бога! Ён разумны, ён не дурны, казалі, я ня знаю яго, ну калека. І даў Бог вынесьці, вось дзе інцярэсна! А Коля загінуў, Колю вельмі шкада. Ён адзін кароў пасьвіў...”.
Шкадуюць тых, хто, хто больш падобны да “нармальных” – можа нешта рабіць па гаспадарцы... Ну а нямоглыя? Хай пра іх Бог клапоціцца...
(Дзядзька:) “Ксёндз ім даваў камунію — усё як трэба...”
Ды што вяскоўцы, калі на хворых амаль не зьвяртаюць увагі нават сваякі. Мужчына, які прыехаў пасьля пажару да роднай сястры, прызнаўся: бывае ў яе штогод толькі падчас адпачынку, хаця жыве за 50 кілямэтраў і мае машыну. З трыццаці аднае ахвяры пажару знаёмцы пажадалі забраць і пахаваць толькі пяцярых. А чаму тут дзівіцца? Вось дзятлаўскае начальства было ўпэўненае: на месца трагедыі прыедзе разьбірацца сам Аляксандар Рыгоравіч. Не прыехаў. Пранесла. Грымнула зусім у іншым баку – у Магілёве. Днямі там зьнялі з пасады дырэктара найстарэйшага псыхіятрычнага шпіталю ў краіне. За тое, што на ўсю Беларусь сказаў праўду: у свой 200-гадовы юбілей ягоная ўстанова знаходзіцца ў жахлівым заняпадзе... Міхась Літоўчанка так камэнтуе сытуацыю:
(Літоўчанка: ) “Калі раней псыхіятрыя была сродкам у тых, хто пры ўладзе, то цяпер, як кажуць, яна як сірата нейкая”.
На новы будынак шпіталю ў вобласьці махнулі рукой – не хапае сродкаў – і запрапанавалі... зьліквідаваць у старым памяшканьні “лішнія” ложкі! Перапоўненыя лядашчыя пакойчыкі, так бы мовіць, “разгружаюцца”: раней там было каля палутара тысячаў месцаў, цяпер каля 800, а мае стаць увогуле 600, хоць колькасьць хворых расьце ў адваротнай прапорцыі. Сытуацыю дыягназуе доктар Літоўчанка:
(Літоўчанка: ) “Ад таго, што скарацілі стацыянарныя ложкі, хворых менш ня стала. Наадварот...”
Міхась, які працуе на “хуткай дапамозе”, сьцьвярджае: ягонай службе ад такіх адносінаў да псыхічна хворых працы дадалося. Напрыклад, раней шызафрэнік ляжаў у магілёўскім шпіталі недзе два месяцы: у параўнаньні з захадам катастрафічна шмат, але ж і ўмовы непараўнальныя, дыягностыка, магчымасьці… Гэта праігнаравалі й сьмела пакрочылі “ў Эўропу”: працуюць з гаротнікамі цяпер васямнаццаць–трыццаць сутак. У выніку – больш выклікаў. Здараецца, празь некалькі дзён пасьля выпіскі пацыенты зноў маюць вострую патрэбу ў шпіталізацыі. Чаму так адбываецца? Адна з галоўных, аднак прыхаваных прычынаў у наступным: праз гэта эканомяцца значныя сродкі. Хворых, як кажуць, проста “выводзяць са ступару”, а здароўе да іх не вяртаецца. Чарговы востры прыступ толькі крыху адсоўваецца... Сацыяльна-рэабілітацыйныя мерапрыемствы звужаюцца дзяржавай, а прэтэнзіі, зразумела, выключна да лекараў:
(Літоўчанка: ) “Мы, лекары-псыхіятары Беларусі, адчуваем сябе, перапрашаю, як глядыятары Рымскай імпэрыі: пакуль жывы – дагэтуль правы”.
Спадар Літоўчанка лічыць: дзяржава не клапоціцца пра належныя ўмовы для іхнай працы, а грамадзтва не разумее ўсёй складанасьці сытуацыі з псыхіятрыяй, працягвае жыць савецкімі стэрэатыпамі – ведаем, маўляў, чым вы там у “псіхушках” займаецеся! З-за гэтае падазронасьці прафіляктыка адсоўваецца і захворвальнасьць ўсё больш маладзее, кола замыкаецца, праблема абвастраецца. Вось толькі некалькі з мноства лічбаў: 40 адсоткаў дзяцей да трох гадоў маюць псыхічна-нэрвовыя расстройствы, а ўвогуле на кожную іх тысячу фіксуецца 30 выпадкаў нэрвова-псыхічных і 20 – псыхічных захворваньняў. Пра тое, чаму чатырохгадовы Максімка ня любіць сваю групу, распавядае ягоная маці:
(Спадарыня: ) “...Зь цяжкасьцю я высьветліла: яму ў садку сумна, бо няма з чым гуляць. Прапанавала ўзяць цацкі з дому – адмовіўся: кажа, аддае іх іншым, бо ў яго “кулачкі маленькія”. Калі супраціўляецца, мацнейшыя хлопчыкі і набіць могуць. Нехта зьеў яго вячэру, пакуль хадзіў мыць рукі, а выхавацелька яшчэ й накрычала: “Робіш усё, як варона!..”
Дарэчы, дзеля таго, каб папярэджваць канфлікты, якія небясьпечна траўмуюць дзяцей, у садках і школах увялі пасады псыхолягаў. Але дзе знайсьці кваліфікаваныя кадры? Сёньня на ўсю краіну каля тысячы псыхіятраў і за сотню псыхатэрапэўтаў – вельмі мала. З колькасьці вынікае і якасьць, лічыць Максімкава маці:
(Спадарыня: ) “Працуюць выхавацелькі, а цяпер нават і псыхолягі... Але ж калі я прыйшла ў садок, яны мне ў адказ: “ Дзіця ціхае, бесканфліктнае і цацкі самое аддае. Я нават пачула папрок: чамусьці іншых дзяцей ніхто не чапае! Хто мацнейшы, таго й праўда – так атрымліваецца?”
Своеасаблівая “садковая дзедаўшчына” зь яе жорсткасьцю пераходзіць у школы і там яшчэ больш абвастраецца... Невыпадкова паводле злачыннасьці сярод малодшых падлеткаў Беларусь выйшла на другое месца ў СНД пасьля Расеі. Гэта, з аднаго боку, пэўны вынік разбалянсаванасьці дзіцячай псыхікі, а з другога – магутны стымулятар псыхічных захворваньняў. Сёньня сярод 400 тысячаў беларусаў, якія стаяць на ўліку ў псыханэўралягічных дыспансэрах, кожны дзявяты – дзіця або падлетак. І менавіта псыхіятры запалілі “чырвонае сьвятло” перад кожным трэцім юнаком зь ліку тых, каго мэдкамісіі прызналі непрадатнымі для службы ў войску – гэта на траціну больш, чым нават у Расеі. Але кульмінацыяй лічыцца нарастаньне дзіцячай суіцыдальнасьці. Распавядае берасьцейская настаўніца Кацярына Суроцкая:
(Суроцкая: ) “Многія дзеці сталі нэрвовымі, псыхічна няўстойлівымі, нават схільнымі да суіцыду. Несуладзьдзе з жыцьцём адбываецца з многіх прычынаў. Па-першае, ня лічаць іх праблемы сапраўды цяжкімі, сапраўды сур’ёзнымі. Па-другое, бацькі забываюць, што ў дзяцей ёсьць душа і што дзецям больш патрэбныя ня іх грошы, а іх увага, іх ласка, іх пяшчота”.
За апошні час ў школе, дзе працуе Кацярына, былі дзве спробы самагубства. А ў Менску, напрыклад, за паўтара года зафіксавана звыш двухсот такіх выпадкаў. Чаму ж не спрацоўвае нібыта наладжаная ў краіне псыхіятрычная тэрапія, дапамога дзецям? Спадарыня Суроцкая, у прыватнасьці, лічыць, што яна некваліфікаваная:
(Суроцкая: ) “Праводзяць анкетаваньне (псыхоляг у нас нядаўна), каб паглядзець, якая атмасфэра ў клясе, прааналізаваць імкненьне дзяцей да вучобы... Індывідуальных трэнінгаў няма. Псыхоляг, як і маці, палічыла, што ўсё вырашыцца само...”
“Не вырашаецца” яно само па сабе і ў большасьці трагічных выпадкаў дарослай суіцыдальнасьці, якая штогод забірае больш трох тысячаў жыцьцяў. Тут варта адзначыць, што прыкладна ў 70 адсоткаў самагубцаў выяўлены алькаголь. На думку спэцыялістаў у пэўным сэнсе ён зьяўляўся псыхічным трыгерам, правакатарам суіцыду, але ўскосна гэта гаворыць і пра нацыянальную залежнасьць ад сьпіртнога... Распавядае галоўны лекар Наваполацкага псыханэўралягічнага дыспансэру Генадзь Баканоўскі:
(Баканоўскі:) “Алькагалізм апошнім часам як па ўсёй рэспубліцы, так і ў нас, расьце. Расьце і колькасьць алькагольных псыхозаў: у параўнаньні зь леташнім годам назіраецца рост дзесьці на 20 адсоткаў. Кожны год плюс 200-220 хворых. Сёлета гэтая лічба будзе 250”.
Размова, зразумела, выключна пра афіцыйную статыстыку, якая на справе зьяўляецца толькі вяршыняй трагічнага айсбэргу. Сытуацыю пагаршае і нарастаньне хвалі наркатызацыі насельніцтва, кажа спадар Баканоўскі.
(Баканоўскі: ) “Павялічваецца і колькасьць наркаманаў. Па 7-8 чалавек ставім штогод на ўлік. Сёньня ў Наваполацку прыкладна 60 афіцыйна зарэгістраваных наркаманаў. Апошнім часам сталі больш ужываць хімічныя наркотыкі”.
Характэрна, што й афіцыйная, і грамадзкая думка часьцей успрымае гэтую пагрозу як нешта выпадковае, прыўнесенае ў краіну наркатрафікам з усходу на захад.Часам ствараецца ўражаньне, што калі б не міжнародны ціск, то ў Беларусі ўвогуле рабілі б выгляд, нібыта няма такой пагрозы, як “не было” некалі сэксу ў СССР. Асэнсаваньне рэцыдываў наркаманіі толькі праз “геаграфію” – яшчэ адно сьведчаньне недаацэнкі нарастаньня крызысу ў псыхічным здароўі нацыі. Калі доктар Літоўчанка казаў пра “бедную беларускую псыхіятрыю”, здаецца, ён меў на ўвазе ня проста фінансы…