Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВІЦЕ ДОЎГА – НОВАЕ Ў СУЧАСНАЙ МЭДЫЦЫНЕ


Кастусь Бандарук, Прага

Грэгарыянскія харалы і музыка Моцарта зьніжаюць стрэс, дэпрэсію, фобіі, дапамагаюць заснуць, а таксама дапамагаюць дысьлектыкам. Вядомы амэрыканскі музыкатэрапэўт Дон Кэмпбэл, назваў дабратворнае ўзьдзеяньне музыкі на здароўе і добрае самаадчуваньне “эфэктам Моцарта”. Зачараваны гукамі і вібрацыяй струнаў ад 5-гадовага ўзросту, калі ён упершыню сеў за сямейны раяль, Кэмпбэл усё сваё жыцьцё прысьвяціў дасьледаваньню ўплыву музыкі на розныя аспэкты чалавечага жыцьця. Ён хутка прыйшоў да высновы, што адпаведная музыка мае неверагодна вялікі ўплыў на здароўе чалавека. Праз духоўнае ўзбагачэньне, аднаўленьне ўнутранай гармоніі, супакаеньне і палёгку музыка актывізуе абарончыя мэханізмы арганізму, а гэта ў сваю чаргу дазваляе чалавеку спраўляцца з выпрабаваньнямі лёсу, хваробамі і калецтвам. Кэмпбэл зьяўляецца аўтарам такіх кніг, як “Лячэбная моц тонаў і сьпеваў”, “Аздараўленьне зь вялікай музыкай”, “Музыка і цуды”. Кніга Дона Кэмпбэла “Эфэкт Моцарта” ў 1997 годзе сталася бэстсэлерам ў ЗША.

Дасьледаваньні ўплыву музыкі Моцарта на здароўе распачаліся ў канцы 50-х гадоў у Францыі. Д-р Альфрэд Тамаціс праводзіў тады экспэрымэнты ў галіне слыхавай стымуляцыі ў дзяцей з дысьлексіяй –парушэньнем здольнасьці чытаць. Цягам 30 гадоў па ўсім сьвеце адкрыліся сотні тэрапэўтычных цэнтраў, у якіх скарыстоўваліся кампазыцыі Моцарта, найперш ягоныя канцэрты і сымфоніі. У 90-я гады экспэрымэнты пачалі праводзіцца ў Каліфарнійскім Унівэрсытэце ў Ірвіне, а ў 2001 годзе ў Вялікай Брытаніі распачаліся дасьледаваньні ўплыву музыкі на эпілептыкаў.

У чым незвычайнасьць музыкі славутага аўстрыйскага кампазытара? Тэрапэўты кажуць, што яна ясная, дасканалая ў сэнсе формы і высокай частаты гуку. Падбор адпаведных фрагмэнтаў музыкі праводзіцца з улікам танальнасьці, тэмпу, а таксама псыхалягічных, фізіялягічных і эстэтычных чыньнікаў: усё дзеля таго, каб выклікаць адпаведную слыхавую, фізычную і эстэтычную рэакцыю пацыента. Бэтховэн, Вівальдзі і Штраўс гараманізуюць і інтэгруюць рытм працы сэрца і мозгу. Затое музыка Моцарта – выключная, бо яна ўплывае на нэрвовую сыстэму і сэнсаматарычную актыўнасьць чалавека -- кажуць спэцыялісты.

Музыка, і зразумела, ня толькі кампазыцыі Моцарта, скарыстоўваецца ў самых розных мэтах. У шэрагу краінаў адпаведная лагодная музыка шырока ўжываецца, каб затрымаць кліентаў у крамах і рэстаранах, а таксама дзеля больш эфэктыўнай працы на заводах. Амэрыканскія навукоўцы прыйшлі да высновы, што пад уплывам адпаведнай музыкі лепш растуць некаторыя расьліны і жывёлы на жывёлагадоўчых фэрмах.

Аднак большасьць спэцыялістаў найбольш істотным лічыць усё шырэйшае прымяненьне музыкі ў мэдыцыне. Падчас фізычных практыкаваньняў пад музыку паляпшаецца памяць і канцэнтрацыя. Музыка дапамагае пры лячэньні парушэньняў слыху, аўтызму, і цэлага шэрагу псыхічных ды фізычных анамаліяў. Пасьля 10 хвілінаў слуханьня адпаведнай музыкі ў большасьці людзей праходзіць стомленасьць, запавольваецца дыханьне і пульс. Музыка зьмякчае нэгатыўныя эмоцыі, такія, як злосьць, антыпатыя і агрэсія. Дапамагае таксама ў працы і адпачынку.

У Аўстраліі ў рамках барацьбы з высокай сьмяротнасьцю музычныя праграмы ўжываюцца для лячэньня стрэсу і дэпрэсіі сярод кіроўцаў і студэнтаў. Хоць гэта гучыць неверагодна, але гукі даходзяць да ненароджанага дзіцяці, і чалавека ў коме. Станоўчы ўплыў музычнай тэрапіі зафіксаваны ў цяжарных жанчынаў, а таксама ў людзей з фобіямі і нэрвовым расстройствам. У ЗША рытмічныя музычныя гукі ўжываюцца ў рэабілітацыі пацыентаў пасьля аперацыяў сэрца і галавы. Аказалася, што акрамя ўзьдзеяньня на эмацыйную сфэру, адпаведна падабраныя гукі маюць станоўчы ўплыў на стрававальную сыстэму і кровазварот. З дасьледаваньняў, праведзеных японскімі вучонымі, вынікае, што слуханьне музыкі ад першых гадоў жыцьця станоўча ўплывае на памяць і пазнавальныя здольнасьці, а музыкі, як правіла, маюць вышэйшы каафіцыент інтэлекту.

Музыка зьмякчае боль -- лічыць прафэсар Мэцью Рой (Mathiew Roy) з Манрэальскага Ўнівэрсытэту. Ён папрасіў 25 добраахвотнікаў расставіць у сьпісе 30 кароткіх музычных твораў -- ад найболей да найменей прыемнага для іх. Сярод першых пераважала клясычная музыка і джазавыя стандарты. На процілеглым канцы апынуўся heavy metal. Затым тры самыя прыемныя і тры найболей непрыемныя творы далі паслухаць 12-ці іншым добраахотнікам, адначасова дакранаючыся да іхнага пляча невялікай прыладай, падагрэтай да тэмпэратуры, пры якой чалавек пачынае адчуваць боль -- каля 45 градусаў Цэльсія. Удзельнікі дасьледаваньня павінны былі акрэсьліць, наколькі моцнае іўражаньне зрабіла на іх гэтая музыка. Аказалася, што прыемная музыка адчувальна зьмякчае суб’ектыўнае адчуваньне болю. Мэцью Рой спадзяецца, што вынікі ягоных дасьледаваньняў будуць скарыстаныя пры лячэньні людзей, якія пакутуюць з прычыны хранічнага болю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG