Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МАЦІ СТАНОВЯЦЦА ЗАБОЙЦАМІ ЎЛАСНЫХ НЕМАЎЛЯТАК?

Галіна Абакунчык, Менск

Два менскія дворнікі -- Валянціна й Сьцяпан Маркавы – кажуць, што й цяпер ня могуць пазбавіцца жаху, які зьведалі ранкам аднаго звычайнага працоўнага дня. Па звыклай завядзёнцы яны распачалі чысьціць сьмецьцеправод у стандартным дзевяціпавярховіку на праспэкце Пушкіна. І раптам сярод брудных папераў, парожніх пляшак ды іншага друзу заўважылі жывое немаўля. Спадарыня Маркава распавядае, як гэта было.
(Маркава:) “Бяром савок і выграбаем, бачыце? Было дзіця ўкінутае з трэцяга паверха й сюды ўпала. Скрыню як адчыніў – бачыце як сыплецца? Дзіця жывое, нармалёвае – 3.200 здаецца. Пупавіна была адрэзаная, а галоўка голая. У мяшку, кроў тут была. Яно неяк мяўкала: есьці мусіць захацела, дык плакала. Сьцяпан яго паперамі, газэтамі прыкрыў. Сам разгубіўся, пабег да бабаў – тут прыёмны пункт недалёка. Бабы прыбеглі, накрылі яго халатам. Тады з пад’езда вынесьлі коўдру, коўдрай накрылі. Выклікалі міліцыю. Міліцыя прыехала, ачапіла ўвесь дом. Казалі – калі гэта хлопчык, то назавём Сьцяпанам, а калі дзяўчынка, дык Валяй. Гэта было ў аўторак, а праз чатыры дні дзіця памерла.”
Як стала вядома пазьней, нованароджанага хлопчыка ў сьмецьцеправод выкінула 16-гадовая маці–школьніца. Але ж распраўляюцца са сваімі дзецьмі й цалкам самастойныя дарослыя жанчыны. Так, 27-гадовая жыхарка Жлобінскага раёна, якая раней адбывала турэмнае зьняволеньне, сваю дачку пакінула паміраць на звалцы. Студэнтка Гомельскай мэдвучэні закапала немаўлятка недалёка ад будынку інтэрната, у якім жыла. Выхавацелька зь Берасьцейшчыны свайго сына падкінула пад ванну у пакоі прафілякторыю, дзе адпачывала разам са школьнікамі. Трупік немаўляці праляжаў там восем дзён. Але Менск у гэтым сьпісе трымае сумнае лідэрства – кажа кіраўнік аддзелу раскрыцьця забойстваў Міністэрства ўнутраных справаў Мікалай Назараў.
(Назараў:) “Сёлета ў нас тры выпадкі забойства. Гэтаксама ўстанавілі студэнтку каледжа.”
(Карэспандэнтка:) “З чым гэта зьвязана, як вы лічыце?”
(Назараў:) “Магчыма, што з эканамічным становішчам – дзяцей жа трэба гадаваць. Гэта ж заўсёды ня лепшыя прадстаўнікі ўчыняюць.”
(Карэспандэнтка:) “Як часта вам даводзілася сутыкацца з такімі выпадкамі?”
(Назараў:) “Яны здараюцца, практычна, пастаянна.”
(Карэспандэнтка:) “Іх больш ці меньш становіцца?”
(Назараў:) “Нават не скажу.”
Якой-небудзь інфармацыяй на гэты конт міліцыянты дзеляцца вельмі неахвотна. Да прыкладу, паводле афіцыйнай статыстыкі, сёлета ад рук сваіх мацярок загінулі сем немаўлятак. Спэцыялісты ж сьцявярджаюць, што выпадкаў, якія завершыліся гвалтоўнай сьмерцю нованароджаных, здараецца значна больш. Бо, калі гэткія злачынствы не раскрытыя, то іх і не афішуюць, альбо не рэгіструюць увогуле. А прыкладаў шчасьлівых выратаваньняў ніхто не падлічвае. Іх фіксуюць у розных міліцэйскіх управах як адзінкавыя выпадкі. Спэцыялісты кажуць, што гэта адмысловая палітыка, бо ў выніку статыстыкі няма й праблема сур’ёзнай не выглядае. Інакш давялося б шукаць яе прычыны й знаходзіць сродкі на вырашэньне праблемы. І гэтае замоўчваньне з боку дзяржавы вельмі непакоіць спэцыялістаў – кажа кіраўніца аддзелу дасьледаваньня злачынстваў Міністэрства юстыцыі Сьвятлана Максіменя.
(Максіменя:) “Гэта вельмі актуальная тэма. У Эўропе да гэтага па-іншаму ставяцца. Каштоўнасьць дзіцяці там нашмат вышэйшая. Гэта ў нас, дзе жанчына абмежаваная сваімі фінансавымі магчымасьцямі й матэрыяльнымі, некаторыя зь іх, узважыўшы ўсё, альбо робяць аборт, альбо – у крайнім выпадку – пазбаўляюцца нейкімі крымінальнымі шляхамі ад гэтага дзіцяці. Гэтая тэма – яна й на міжнародным узроўні вельмі часта ўзьнімаецца. І ў Расеі сэмінары й канфэрэнцыі праводзяцца, але мы ня ўдзельнічаем у іх, бо ў нас, на жаль, няма гэтых дасьледаваньняў зь фінансавых меркаваньняў.”
Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што дзетазабойства існавала заўжды і ў розных краінах, але асабліва шырокі размах ды невытлумачальную жорсткасьць атрымала толькі апошнімі гадамі. Да прыкладу, толькі ў Расеі дзетазабойцамі штогод становяцца каля 250 жанчын. Кожнае другое непатрэбнае немаўля там задушваюць, кожнага пятага выкідаюць на мароз ці на сьметнік, кожнага дзясятага жывым закопваюць у зямлю. Што думаюць пра дзетазабойцаў нашыя суайчыньнікі – пытаюся на вуліцы ў шараговых мінакоў.
(Жанчына:) “Гэта ня людзі, гэта ня людзі, гэта горш нават за зьвяроў. Зьвер сваё дзіця цягне: ці той воўк, ці тая ліса – хавае. Гарыць хата – кошка выносіць кацянятаў. Сама асьлепла, абпалілася, а кацянятаў вынесла. Якая ж яна чалавек, калі выкінула дзіця ў сьметнік? Самае горшае пакараньне: кусок хлеба на месяц і шклянку вады – яна не зарабіла большага нічога.”
Якія ж прычыны вымушаюць асобных маладых маці ўласнымі рукамі забіваць сваіх немаўлят? Савецкая мэдыцына ў свой час прывучала людзей да думкі, што гэта пасьляродавыя анамаліі псыхічна няўстойлівых кабетаў. Цяперашнія лекары ў пераважнай бальшыні адмаўляюць гэтую вэрсію й заяўляюць, што насамрэч гэта паўнавартаснае і сьвядомае забойства. І падставай для яго ёсьць бездухоўнасьць, а таксама галеча, у якой жыве бальшыня грамадзянаў краіны. Гаворыць лекар Менскага псыхатэрапэўтычнага цэнтру Сяргей Язерскі.
(Язерскі:) “Забойства дзіцяці магчыма толькі пры нізкім маральным узроўні маці. А амаральных людзей у нас дастаткова. Таму што ў нашай краіне жыцьцё іншага чалавека ня цэніцца так, як трэба цаніць. І на сёньняшні дзень не існуе падставаў для таго, каб шырока выхоўваліся маральныя людзі. Ну, напрыклад, мы чуем па радыё, па тэлебачаньні хлусьню. Хіба гэта маральнасьць? Гэта трэба некалькі пакаленьняў прайсьці, каб зьмяніцца.”
“Дзяржава забясьпечвае асабістую недатыкальнасьць дзіцяці, бароніць яго ад фізычнага й псыхалягічнага гвалту, жорсткіх, грубых адносінаў, ці адносінаў, якія прыніжаюць годнасьць чалавека” – гэтыя словы занатаваныя ў міжнароднай Канвэнцыі аб правах дзіцяці, якую падпісала й Беларусь. Аднак выкананьне гэтых абавязкаў часта зводзіцца да выкарыстаньня артыкулу крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пазбаўленьне волі для маці-забойцы тэрмінам да 5 гадоў. Прычым адказнасьць мусяць трымаць выключна жанчыны, а ня бацька дзіцяці, бацькі непаўнагадовай парадзіхі, а тым больш – не дзяржаўныя ворганы. Але ж гэта праблема найперш самой дзяржавы – кажа сябра праваабарончага цэнтру Беларускі гэльсынскі камітэт Алеся Карнейчык.
(Карнейчык) “Заканадаўствам ніколі нічога ня зробіцца. Колькі б яго ні рабілі больш жорсткім, будзе толькі горш. Бо людзі даведзеныя эканамічным становішчам да такога стану шалёнага ў сваёй псыхіцы, што іх проста перакліньвае. Патрэбна весьці вельмі моцную псыхалягічную працу дзеля тлумачэньня жанчынкам іх правоў, калі яны народзяць дзіця. Аказваць ім псыхалягічную дапамогу, ствараць адмысловыя цэнтры, дзе ім дапамагалі б, як гэта робіцца, да прыкладу ў Польшчы.”
З пазыцыі хрысьціянства забойства немаўляці ёсьць найвялікшым грахом. Бо забіўшы нехрышчонае дзіця, маці выракае яго на вечныя пакуты. Акрамя таго, прыклады наўмыснага дзетазабойства ёсьць пагрозьлівым напамінкам, што і ўвесь гэты народ асуджаны на выміраньне – кажа кіраўнік грамадзкага рэлігійнага аб’яднаньня “Ахова жыцьця пачынаючы з вытокаў” Міхаіл Цаўлоўскі.
(Цаўлоўскі:) “Той народ, які не ўсьведамляе вартасьці жыцьця чалавека – асуджаны на выміраньне. І такіх прыкладаў у гісторыі дастаткова. І кічы, і цанталі, і скіфы, і мая. Вось спартанцы – яны загінулі чаму? Таму што – ага – не падыходзіць, не спадабалася некаму немаўля – яго скідвалі ў цясьніну. Яно там плакала і крычала, калі не пасьпела загінуць, і ніхто на гэта не зьвяртаў ніякай увагі. Прыматам у дзяржаве павінна быць чалавечае жыцьцё. А агульнай тэндэнцыі да гэтай праблемы не існуе.”
Паводле Сьвятога пісаньня, калі брат падыме руку на брата, сын – на бацьку, а маці – на сваё немаўля – надыйдзе апакаліпсыс. Гэткім чынам, паводле хрысьціянскіх законаў, канец сьвету ўжо надыйшоў. А яшчэ нейкі мудры чалавек сказаў: беражыце сьлёзы вашых дзяцей, каб яны змаглі праліцца на вашай магіле.
XS
SM
MD
LG