Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУСТРЭЧА ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ ПАЛІТЫКАМІ Ў ВАРШАВЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Адным з такіх даволі нечаканых пытаньняў было наступнае: “Ці для правядзеньня рэформаў у Беларусі неабходнае адхіленьне ад улады Аляксандра Лукашэнкі?”

Госьці зь Беларусі, у прыватнасьці лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былі ў адказе на гэтае пытаньне адзінадушныя:

(Лябедзька: ) “Пакуль захоўваецца цяперашні палітычны рэжым, рэформы ні ў галіне кіраваньня, ні ў галіне эканомікі ў прынцыпе немагчымыя. Спробы міжнароднай супольнасьці паўплываць на беларускае кіраўніцтва, на Лукашэнку ўжо былі, але ўсе яны безвыніковыя”.

Польскія экспэрты, якія бралі ўдзел у дыскусіі выказвалі розныя меркаваньні, што да мэтазгоднасьці, прыкладам, супрацоўніцтва апазыцыі і арганізацыяў трэцяга сэктару з намэнклятурай, ды пошуку кампрамісу зь цяперашняй ўладай.

Гаворыць адмыслоўца ў справах Беларусі варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Агата Вяжбоўска.

(Вяжбоўска: ) “Галоўная праблема палягае ў тым, што цяперашняе беларускае кіраўніцтва ня бачаць ніякіх патрэбаў у рэфармаваньні сваёй краіны, бо ўлада Лукашэнкі ў значнай ступені магчымая менавіта дзякуючы функцыянаваньню ў дзяржаве недэмакратычных мэханізмаў, канцэнтрацыі ўладных паўнамоцтваў вакол аднаго чалавека. Так што, на маю думку, улады ня тое што ня здольныя да рэформаў – гэта, зрэшты, цяжка ацаніць – яны проста ня хочуць іх рабіць”.

У сваю чаргу польскі палітоляг Томаш Жукоўскі лічыць, што сытуацыя ў Беларусі цяпер вельмі падобная да той, што была ў Польшчы ў сярэдзіне 1980-х, але цяперашнія беларусы падрыхтаваныя да рэфармаваньня сваёй краіны лепш, чым тагачасныя палякі.

(Жукоўскі: ) “Канечне, для рэфармаваньня Беларусі патрэбная дэмакратызацыя, але, на маю думку, пэўную частку гэтай дарогі можна прайсьці і пры цяперашняй уладзе. Гэтаксама было і ў нас. Нагадаю, што найбольш важныя зьмены ў Польшчы надыйшлі пасьля паседжаньня “круглага стала” – спатканьня, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі рэжыму і дэмакратычнай апазыцыі”.

Удзельнікі дыскусіі, а тут варта адзначыць, што для ўсіх жадаючых сустрэцца з гасьцямі зь Беларусі нават не хапіла месцаў у актавай залі фундацыі Баторыя, пыталіся ў Жанны Ліцьвіной, Анатоля Лябедзькі, Вінцука Вячоркі, Аляксандра Мілінкевіча і Віталя Сіліцкага таксама пра сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі, стаўленьне беларусаў да эўрапейскай інтэграцыі ды ўтовраную напярэдадні кааліцыю апазыцыйных сілаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG