Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАЛОЦЕ ПАД ГОРАДНЯЙ ЗНАЙШЛІ ЛІТОЎСКІ САМАЛЁТ, ЯКІ РАЗЬБІЎСЯ АМАЛЬ 8 МЕСЯЦАЎ ТАМУ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Знайшоў самалёт жыхар вёскі Азёры Гарадзенскага раёну Аляксандар Здаранок. Яму 46 гадоў, 20 зь якіх ён займаецца паляўніцтвам. Самалёт ён знайшоў якраз падчас паляваньня.

(Здаранок: ) “Прыехалі да нас палякі, і мы палявалі ў раёне Забярэзіна. Гэтае месца — Сьвятое балота. Я пайшоў у загонку з астатнімі хлопцамі-паляўнічымі. Ну і натыкнуўся першым на чэрап. Аглянуўся ў бакі і заўважыў колы ад самалёта. Ага, побач самалёт, накрыты цалкам сьсечанымі бярозавымі дрэвамі. Ён так незаўважны быў. Калі, напэўна, пікіраваў, пазьбіваў гэтыя дрэвы”.

Далей Аляксандар Здаранок расказаў ня вельмі прыемныя падрабязнасьці пра тое, як знайшоў у кабіне рэшткі трупаў. Дарэчы, чэрап ляжаў мэтраў за 50 ад самалёту. Паляўнічы мяркуе, што яго маглі адцягнуць лісіцы ці іншыя зьвяры. Размаўлялі мы ў лясной мясьціне — у аздараўленчым цэнтры нацбанку “Азёрны”, дзе спадар Здаранок працуе дворнікам-азеляняльнікам.

(Здаранок: ) “Ну і выходжу з загонкі: так і так, кажу, паляўнічыя, самалёт знайшоў і двух лётчыкаў. Яны – мне: ды ну ты што, ну ня можа быць!”

Адбылося гэта яшчэ ў суботу. У нядзелю ў Аляксандра Здаранка быў выходны дзень. У панядзелак ён паведаміў у міліцыю. Ён кажа, што спачатку яму не паверылі: маўляў, можа самалёт з часоў вайны яшчэ ляжыць... У аўторак міліцыянты паехалі паглядзець самалёт. У сераду прыехалі экспэрты, каб забраць парэшткі.

Дарэчы, палявалі ў суботу трое палякаў зь Любліна.

(Здаранок: ) “Палякі адмыслова прыяжджалі, каб застрэліць лася. А там якраз месца ласінае. Быў зьвер, праўда, але нам не пашанцавала”.

Замест паляўнічага трафэю трапіўся разьбіты самалёт.

(Здаранок: ) ”Самалёт спартовы, так. Хутчэй за ўсё двухмясцовы і, мяркуючы па зьнешнім выглядзе, там многа самаробных частак”.

Аляксандар Здаранок намаляваў мне ў нататніку плян, каб паказаць дзе знайшоў самалёт. Гэта кілямэтраў за 5-6 ад вёскі Дубінка. Самое месца вяскоўцы называюць Кулінава. Яно — на ўскрайку вядомага з часоў паўстаньня 1863 году Сьвятога балота, якое пры саветах пераназвалі Сьветлым. Кулінава — балоцістая мясьціна, там пагоркі, а паміж імі ні грыбоў, ні ягад ня знойдзеш. Вяскоўцы туды ня ходзяць. Аляксандар Здаранок гаворыць, што самалёт, напэўна, ляцеў прыблізна на паўночны ўсход — у бок Шчучынскага раёну. Дарэчы, да Горадні ад Кулінава каля 30 кілямэтраў, а да літоўскай мяжы—больш за 20.

Міліцыя адразу вызначыла, што самалёт павінен быў упасьці яшчэ 29 сакавіка, паколькі менавіта ў той час паступіла заява ад літоўцаў наконт зьнікненьня самалёту. Ёсьць зьвесткі, што з нагоды здарэньня зь Менску прыедзе камісія зь міністэрства абароны. Вайскоўцы рэгулярна праводзяць у гэтай зоне вучэньні па адбіцьці паветраных атакаў НАТО з боку літоўскай мяжы, і заўсёды пасьпяхова перамагаюць уяўнага ворага. А вось літоўскі самалёт, які парушыў паветраную мяжу, а потым разьбіўся, ніхто так і не заўважыў.

Праўда, Аляксандар Здаранок, які знайшоў самалёт, гаворыць, што зьверху яго не магло быць бачна.

(А.Здаранок:) “Зьверху ён таксама незаўважны быў, бо як пасьсякаў дрэвы, дык яго цалкам закідала гэтымі бярозамі”.
XS
SM
MD
LG