Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНТРАКТ НА ПАСТАЎКУ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ АБЯЦАЮЦЬ ПАДПІСАЦЬ ДА 25 СЬНЕЖНЯ

Валер Каліноўскі, Менск

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, паведамляючы пра вынікі сустрэчы са спадаром Мілерам, падае толькі запэўніваньне А.Лукашэнкі, што “краіна будзе забясьпечаная газам у патрэбным аб’ёме”. Між тым, большасьць кіраўнікоў вытворчых кампаніяў Беларусі цяпер хвалюе іншае пытаньне: колькі будзе каштаваць гэты газ. Без адказу на яго ўрад ня можа распрацаваць праекту дзяржаўнага бюджэту, а прадпрыемствы — вытворчых плянаў на 2004 год.

Намесьнік генэральнага дырэктара “Белтрансгазу” Дзьмітры Анюк сёньня паведаміў, што Беларусь яшчэ разьлічвае на льготны кошт газу паводле тарыфу пятага цэнавага поясу Расеі. “Газпром” жа не адступаецца ад прынцыпу свабодных цэнаў і прапанаванага раней базавага кошту на газ для Беларусі на 80 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Гаворыць прадстаўнік “Газпрому” Ігар Валабуеў:

(Валабуеў: ) “80 даляраў — гэта той кошт, па якім газ будзе пастаўляцца ў Беларусь (была такая прапанова) і базавы тарыф за транзыт 1,75 даляра — за перакачку 1000 кубоў на 100 кілямэтраў. Такі ж базавы варыянт дзейнічае ва Ўкраіне, і мы прапанавалі выкарыстоўваць тое, што ёсьць па суседзтву. І зьніжэньне гэтай цаны на газ зьвязанае са зьніжэньнем транзытнага тарыфу”.

Прадстаўнік “Газпрому” Ігар Валабуеў зазначыў, што пакуль, да падпісаньня кантракту, ніхто ня ведае, які будзе кошт газу для Беларусі й тарыф на транзыт. Калі будзе падпісаны кантракт? На гэтае пытаньне адказвае адзін з удзельнікаў перамоваў Дзьмітры Анюк:

(Анюк: ) “Белтрансгаз і “Газпром” вядуць перамовы ў пытаньнях заключэньня кантракту на будучы год. Гэта такі працоўны працэс. Тут я магу дадаць, што ў прынцыпе “Газпрому” патрэбны будзе гэты кантракт, каб зрабіць мытнае афармленьне, таму чысла да 25 сьнежня мы павінны яго будзем падпісаць. Да каталіцкіх калядаў”.

Выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец кажа, што тарыфы на транзыт ня здолеюць кампэнсаваць для Беларусі камэрцыйных коштаў на газ, як гэта склалася ва Ўкраіне, паколькі аб’ёмы транзыту празь Беларусь невялікія — каля 30 мільярдаў кубамэтраў на год.

(Таўпянец: ) “80 даляраў — гэта ніяк для нашай эканомікі, ня тое, што я кажу, што непад’ёмна, але проста не задавальняе”.

Спадар Таўпянец зазначыў, што расейскі бок стварэньне газатранспартнага сумеснага прадпрыемств на базе “Белтрансгазу” наўпрост зьвязаў з цэнамі на газ для Беларусі на будучы год. Прадстаўнік “Газпрому” Ігар Валабуеў абвяргае падобныя зьвесткі, кажучы, што падпісаньне кантракту на пастаўку газу ў Беларусь і перамовы ў справе акцыянаваньня “Газпромам” “Белтрансгазу” — дзьве розныя тэмы.

(Валабуеў: ) “Проста абмяркоўваюцца ўсе гэтыя пытаньні, але гэта ня значыць, што мы спрабуем нейкім чынам націснуць на Беларусь з дапамогай вырашэньня пытаньняў пра цану і аб’ёмы пастаўкі, гэтыя два пытаньні зусім не зьвязаныя. І ніхто ні на кога ня чыніць ніякага ціску”, — сказаў прадстаўнік “Газпрому” Ігар Валабуеў.

Наступны раўнд перамоваў па гарачых газавых пытаньнях чакаецца 2 сьнежня падчас паседжаньня так званага саюзнага саўміну, калі будзе абмяркоўвацца паліўна-энэргетычны балянс Беларусі й Расеі на наступны год.
XS
SM
MD
LG