Маімі выпадковымі суразмоўцамі на менскіх вуліцах былі сталага веку мужчыны і жанчыны, а таксама маладыя дзяўчаты і хлопцы. На пытаньне — ці засьцерагаецеся вы ад СНІДу — адказы былі такія:
(Спадарыня: ) “Канечне, мы ж не асобна ад усяго сьвету жывём. Цяпер прышчэпкі робяць супраць грыпу, і ўвогуле — калі раней не зьвяртала ўвагі, то цяпер больш — ці аднаразовыя шпрыцы. А што да інтымных адносінаў, дык сто разоў падумаеш”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці абараняеце вы сябе ад СНІДу?”
(Спадар: ) “Ну канечне, адмысловымі сродкамі аховы”.
(Юнак: ) “Карыстаюся прэзэрватывам”.
(Юначка: ) “Выпадковых сувязяў пазьбягаю”.
(Юнак: ) “Натуральна, што я абараняюся ад СНІДу. Гумка каханьня ёсьць. Трэба ёю карыстацца, і ўсё будзе добра”.
(Спадарыня: ) “Я замужам, і ў мяне адзін партнэр”.
(Юначка: ) “А я ня замужам. Але ёсьць шмат сродкаў, яны ўсім добра вядомыя, гэтым і карыстаемся”.
Сярод апытаных дастаткова было людзей, якія казалі, што ніякага СНІДУ яны не баяцца і засьцерагацца ім няма патрэбы і вось чаму:
(Спадарыня: ) “Калі ў чалавека сям’я, то й ня трэба хвалявацца”.
(Спадар: ) “Такое пытаньне не паўставала. 20 гадоў з жонкай жывём — чаго баяцца? Што тычыцца моладзі, то гэтае пытаньне паўстала, насьпявае, няхай самі неяк і абараняюцца”.
(Юначка: ) “Няма такіх кантактаў, каб пра гэта думаць і перажываць”.
(Спадар: ) “Не я не абараняюся, але выконваю агульнагігіенічныя рэкамэндацыі”.
(Спадарыня: ) “Я гэтага не баюся, бо вяду разумны лад жыцьця. Але гэтая праблема існуе, і трэба ў гэтым кірунку працаваць асабліва з моладзьдзю”.
(Спадар: ) “Чаго асьцерагацца з жонкай? Я ж не хаджу па завугольлях”.
(Юначка: ) “Я сур’ёзная дзяўчына, не ўступаю ў бязладныя полавыя сувязі, а таму й не баюся ніякага СНІДу”.
(Юнак: ) “У мяне не стаіць так пытаньне, каб цурацца кожнага чалавека, і я да праблемы стаўлюся ляяльна”.
Гэткія былі адказы мінакоў на вуліцах Менску на пытаньне — ці засьцерагаецеся вы ад СНІДу.