Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ПРЫЧЫНЫ РАСПАЎСЮДУ СНІДУ Ў ТУРМАХ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

27 лістапада ў Менск зьехаліся кіраўнікі амаль дваццаці беларускіх турмаў, турэмныя дактары і адмыслоўцы ў справе прафіляктыкі й лячэньня СНІДу. Іх аб’яднаў другі праект прафіляктыкі гэтага захворваньня, які фінансуе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў. Адкрываючы канфэрэнцыю, кіраўнік камітэту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Уладзімер Коўчур прызнаў, што без далучэньня шырокіх колаў грамадзтва гэтай праблемы ня вырашыць.

Паводле Ларысы Савішчавай, кіраўніцы ААНаўскага праекту, такое прызнаньне было немагчымае яшчэ чатыры гады таму, калі ў шклоўскай калёніі пачынаўся першы падобны праект прафіляктыкі СНІДу. За гэты час удалося высьветліць, што насуперак ранейшым аптымістычным заявам афіцыйных асобаў, эпідэмія СНІДу ў турмах не кантралюецца. Але калі кіраўнікі камітэту выкананьня пакараньняў паставіліся з разуменьнем да дзейнасьці прадстаўнікоў грамадзтва, то шараговыя турэмшчыкі не зьмянілі свайго стаўленьня ні да ВІЧ-інфікаваных, ні да тых, хто хоча ім дапамагчы. Ларыса Савішчава расказвае пра тое, што ўбачыла ў адной з аршанскіх калёніяў:

(Савішчава: ) “Гэта Ворша, 8-я калёнія. Там у лякалізаванай зоне знаходзяцца ВІЧ-інфікаваныя, і мы раптам высьветлілі, што за пэўны час ніводны з гэтых вязьняў ня меў спатканьняў са сваякамі. Хаця паводле закону абмежаваньні для іх не прадугледжаныя. Як гэта робіцца? Некаторыя хлопцы шкадуюць родных і ня кажуць пра сваю хваробу. І вось напярэдадні спатканьня турэмшчыкі прымушаюць іх адмовіцца ад спатканьня, пагражаючы выдаць гэты сакрэт. А для ўпартых ёсьць штрафны ізалятар, куды адправіць чалавека вельмі проста, бо зачэпак шмат”.

Адрозна ад супрацоўнікаў пэнітэнцяарнай сыстэмы Ларыса Савішчава лічыць, што ВІЧ-інфікаваных нельга трымаць у ізаляваных зонах, бо гэта парушае іх чалавечыя правы.

Усяго цяпер у беларускіх турмах каля 1150 хворых на СНІД. Гэта амаль чацьвертая частка ад зарэгістраваных хворых па ўсёй краіне, між тым, для іх лячэньня няма спэцыялізаванага аддзяленьня ў адзіным турэмным шпіталі. Але праблема ня толькі ў дрэнных умовах для лячэньня. Безумоўна, гэтыя людзі небясьпечныя для грамадзтва, бо калісьці выйдуць на волю і пачнуць разносіць хваробу.

Між тым, і ў турме захворваньне хутка распаўсюджваецца. Першае, праз шпрыцы, якімі ўводзяць наркотыкі. Ананімнае апытаньне паказала, што наркотыкі можа здабыць кожны пяты вязень. Таксама падчапіць ВІЧ-інфэкцыю магчыма праз нанясеньне татуіровак, што даўно ёсьць турэмнай традыцыяй. А другі распаўсюджаны шлях захворваньня — полавыя зносіны.

І гэта неабавязкова кантакты мужоў з жонкамі ці любімых падчас спатканьняў. Апытаньне сьведчыць, што і ў беларускіх турмах да 16% вязьняў мужчынаў займаліся гомасэксуалізмам і ўдвая больш не выключаюць для сябе такіх кантактаў. Апошнім часам, каб прадухіліць захворваньні, адміністрацыі турмаў дазволілі прадаваць у турэмных крамах прэзэрватывы, але пакуль вялікага плёну гэта не дало. Распавядае галоўны спэцыяліст мэдыцынскай службы камітэу выкананьня пакараньняў Аляксей Кралько:

(Кралько: ) “Фактычна толькі ў 10% выпадкаў асуджаныя выкарыстоўваюць прэзэрватыў у сэксе, у любым сэксе. Прычыны розныя. Некаторыя шкадуюць грошай — лепш купяць цыгарэты ці гарбату. Некаторыя ня лічаць, што прэзэрватыў засьцеражэ ад СНІДу. Але гэткая неінфармаванасьць уласьцівая і пэрсаналу калёніяў, нават бывае, што яны ведацюь аб прафіляктыцы СНІДу яшчэ менш за вязьняў”.

Паводле прагнозаў адмыслоўцаў, якія прагучалі на канфэрэнцыі, Беларусь чакае павялічэньне захворваньня СНІДам у турмах, як і некаторымі іншымі інфэкцыйнымі захворваньнямі. Таму на думку адмыслоўцаў, трэба неадкладна прымаць дзяржаўную праграму прафіляктыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG