Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ БЕЛАРУСІ АДМОВІЛАСЯ АД РАСЕЙСКАЙ АДУКАЦЫЙНАЙ ПРАГРАМЫ “ШКОЛА 2100”


Ігар Карней, Менск

У Міністэрстве адукацыі Беларусі перакананыя, што задачы пачатковай школы ва ўсім сьвеце аднолькавыя: навучыць дзіця пісаць, чытаць і лічыць. Таму ў цэлым да расейскай праграмы “Школа 2100”, якая з улікам нацыянальных адметнасьцяў рэалізуецца шмат у якіх краінах сьвету, прэтэнзіяў няма. Аднак, як і ў іншых краінах, яе трэба альбо адаптаваць да беларускіх рэаліяў, альбо адмовіцца ад экспэрымэнту наогул — лічыць куратар пачатковай школы беларускага міністэрства Лілія Кузьняцова:

(Кузьняцова: ) “Праграма цалкам расейская, колькасьць гадзінаў разыходзіцца з нашым навучальным плянам, адсутнічае нацыянальны кампанэнт, дарагія дапаможнікі... Гэта быў экспэрымэнт, а экспэрымэнт ня можа цягнуцца бясконца. Гэты год настаўнікі дапрацуюць, але новых клясаў на наступны год адчыняцца ня будзе. Экспэрымэнт увогуле меў высьветліць: ці можна адаптаваць “Школу 2100” пад нашыя праграмы? Настаўнікі адказалі, што можна, але асобныя тэмы неабходна замяніць, каб не Масква была сталіцай нашай Радзімы; нашым дзецям цяжка зразумець, дзе Амур, калі ёсьць свой Нёман. Таму адна з прычынаў згортваньня экспэрымэнту — адсутнасьць нацыянальнага кампанэнту. Гэтага нельга дапусьціць, бо мы жывём у Беларусі, а дзеці ўрэшце ня будуць ведаць, адкуль яны. Трэба ўнесьці менавіта беларускі кампанэнт”.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо беларускія адмыслоўцы цягам доўгага часу ня выпрацавалі сваіх, вартых увагі, навучальных праграмаў?”

(Кузьняцова: ) “Некаторыя зь іх нават лепшыя. Прыкладам, курс “Чалавек і сьвет”. У расейцаў гэта проста непад’ёмны прадмет, вельмі складаны для ўспрыняцьця; у нас (пры пэўных недахопах) ён аблегчаны, грунтуецца на беларускім матэрыяле. Самі настаўнікі, дарэчы, гавораць, што ў нас многае лепшае. Таму калі пачаткоўцы перайдуць на нашыя праграмы, нэгатыўна на іхных ведах, узроўні гэта не адаб’ецца”.

Беларуская адукацыйная сыстэма арыентуецца на гэтак званую варыятыўнасьць, калі найперш бацькі пакідаюць за сабой права выбару зьместу адукацыі і тыпу навучальнай установы для сваіх дзяцей. Аднак, на практыцы аказваецца, што адыход ад звыклай формы на карысьць адмысловых сыстэмаў разьвіцьцёвага навучаньня мае і пэўныя выдаткі. Хоць курс для пачаткоўцаў паводле праграмы “Школа 2100” і быў узмоцнены прадметамі “Беларуская мова” і “Чытаньне”, па сутнасьці яна ўсё ж засталася праграмай, якая нічым не адрозьніваецца ад выкладаньня ў любым расейскім рэгіёне. Вось якога меркаваньня ў гэтым зьвязку трымаецца аўтар многіх падручнікаў па беларускай мове, супрацоўнік Нацыянальнага інстытуту адукацыі Мікола Яленскі:

(Яленскі: ) “Гэтыя адукацыйныя сыстэмы сапраўды ўсясьветна вядомыя, паколькі ёсьць вынікам шматгадовых дасьледаваньняў Расейскай Акадэміі адукацыі, а яшчэ раней — Акадэміі пэдагагічных навук СССР. Але абавязкова трэба было б адаптаваць гэтыя сыстэмы да нашых адукацыйных стандартаў, навучальнага пляну і зьместу адукацыі. І, зразумела, што будаваць зьмест адукацыі патрэбна на нацыянальнай аснове. Мы маглі бы зрабіць сваю нацыянальную праграму. Грунтуючыся на нацыянальна-культурным матэрыяле, яна магла б быць адной з праграмаў дзеля выкарыстаньня ў клясах, школах, арыентаваных на інтэлектуальнае, асобаснае разьвіцьцё дзяцей у большай ступені, чым масавая школа. Ва ўсялякім выпадку, адукацыйныя ўстановы павінны быць самыя разнастайныя і аказваць адукацыйныя паслугі розным катэгорыям людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG