Старшыня Менскага гарадзкога суду Міхаіл Ардзяка зьвярнуўся ў суд Ленінскага раёну з патрабаваньнем даслаць яму грамадзянскую справу паводле пазову старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова да “Народнай волі”. Міхаіл Ардзяка пастанавіў прыпыніць выкананьне рашэньня судовай калегіі ад 17 лістапада 2003 году.
Як патлумачыў для Радыё Свабода галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч, на працягу месяца старшыня Менгарсуду будзе разглядаць скаргу ў парадку нагляду. Калі прэзыдыюм гарадзкога суду не задаволіць скаргі, то Іосіф Сярэдзіч будзе абскарджваць рашэньне судовай калегіі ў Вярхоўным судзе. Але ў любым выпадку, запэўнівае Іосіф Сярэдзіч, “Народная воля” будзе выходзіць.
Былая тэлевядоўца Элеанора Язерская дагэтуль застаецца ў рэанімацыіі ў 3-м клінічным шпіталі Менску. З прычыны прабадной язвы 12-перснай кішкі ёй была зробленая апэрацыя. Як паведаміў Радыё Свабода загадчык хірургічнага аддзяленьня кандыдат мэдычных навук Мікалай Сівец, стан здароўя Элеаноры Язерскай здавальняючы.
(Сівец: ) “Гэта ня значыць, што там усё добра, але ж ён задавальняе нас, лекараў. За жыцьцё ўжо хваляваньне крыху адыходзіць. Жыцьцё ў яе будзе зьберажонае, як кажуць. Сёньня я даў дазвол ёй крыху пасядзець нават”.
(Карэспандэнтка: ) “А калі яе выпішуць з рэанімацыі?”
(Сівец: ) “Я пагляджу, можа, заўтра забярэм да сябе. Калі ня заўтра, дык у панядзелак абавязкова. Улічваючы тое, што аб ёй хвалююцца многія людзі, то яна, можа, і пабудзе да панядзелка”, — паведаміў загадчык хірургічнага аддзяленьня 3-га менскага шпіталю Мікалай Сівец.
Нагадаю, што старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў зьвярнуўся ў суд з нагоды інтэрвію Элеаноры Язерскай у “Народнай волі”, у якім былая тэлевядучая крытычна выказалася пра вынікі ягонай дзейнасьці. Гаворыць былая тэлекамэнтатарка Беларускага тэлебачаньня Ганна Арцюшкевіч:
(Арцюшкевіч: ) “Язерская стала яшчэ адной ахвярай гэтай палітыкі Рыбакова. Калі пачаліся гэтыя суды (а я даволі часта зь ёй размаўляла), яна знаходзілася ў стане вельмі цяжкай дэпрэсіі. І тое, што яна трапіла ў шпіталь, гэтым яна пацьвердзіла цалкам свае словы наконт Рыбакова… Яна стала ахвярай ня толькі Рыбакова, але і судзьдзяў, якія вырашалі яе лёс, лёс “Народнай волі”, лёс Коктыш на гэтым апошнім паседжаньні”.