27 лістапада незалежнае беларускае грамадзтва адзначае Дзень герояў. Менавіта ў гэты дзень у 1920 годзе Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі ўступіў у бой з бальшавікамі за незалежнасьць Беларусі. Як піша гісторык Анатоль Сідарэвіч, “Асабліва адчувальныя для бальшавікоў былі ўдары па лініі Капыль-Цімкавічы-Вызна. Супраць случакоў была кінутая Омская дывізія. Яны мужна змагаліся, іх шырока падтрымлівала мясцовае насельніцтва, хоць сілы былі няроўныя”.
27 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўвалі двух сьвятых – Юстыніяна і Піліпа. Юстыніяна лічылі збаўцам ад бясплоднасьці. Таму на абразах ён намаляваны зь дзіцём на руках. Такія абразы заўсёды былі ў дамах бязьдзетных гаспадароў. Што да Піліпа, дык лічылася, што ён – “дзеці адзявае”. Да гэтага дня трэба было закончыць прадзіва, бо назаўтра пачыналася пара ткацтва. Варта згадаць, што апостал Піліп быў найбліжэйшым вучнем Хрыста. Падчас перасьледу хрысьціянаў ён прыняў пакутніцкую сьмерць – быў укрыжаваны дагары нагамі.
Сёньня ж спаўняецца сто гадоў з дня нараджэньня беларускага пісьменьніка Піліпа Пестрака, які амаль усе свае творы прысьвяціў міжваеннай Заходняй Беларусі, дзе сам 11 гадоў адседзеў у польскіх турмах. А нарадзіўся Піліп Пестрак у вёсцы Сакоўцы цяперашняга Івацэвіцкага раёну.
Таксама 27 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет акадэмік архітэктуры Іван Жалтоўскі родам зь Пінску; першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман родам зь мястэчка Моталь на Палесьсі, у ягоны гонар Ізраіль адзначае сёньня Дзень Вэйцмана; беларускі кампазытар з Гомеля Рыгор Пукст, які напісаў мноства твораў, але прынамсі адну ягоную песьню ведаюць усе – гэта “Перапёлачка”; нямецкі беларусіст Норбэрт РАндаў, чыю працу называюць цэлай эпохай у гісторыі беларуска-нямецкага перакладу. Рандаў перастварыў па-нямецку галоўныя творы Гарэцкага, Караткевіча, Быкава, Адамчыка, Кудраўца ды шмат якіх яшчэ беларускіх пісьменьнікаў.
А яшчэ сёньня спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэньня беларускай мастачкі Зоі Літвінавай, якую добра ведаюць ня толькі ў Беларусі. Нарадзілася яна ў вёсцы Старое Сяло на Гомельшчыне. І каб скласьці ўяўленьне пра талент заслужанай дзяячкі мастацтва Беларусі Літвінавай, прасьцей за ўсё зазірнуць у менскі кінатэатар “Вільня”, дзе месьціцца як пано пад назваю “Сатарая і новая Вільня”.