Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКА-БЕЛАРУСКІ ГАНДЛЁВЫ АБАРОТ ДАСЯГНЕ МІЛЬЯРДУ ДАЛЯРАЎ?


Аляксей Дзікавіцкі, Бяла-Падляска

На пачатку работы форуму намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Міхневіч пазнаёміў прысутных польскіх бізнэсоўцаў з эканамічнай мадэляй, якую будуе цяперашняе беларускае кіраўніцтва:

(Міхневіч: ) “Вы ведаеце, што Беларусь абрала свой шлях, сваю мадэль сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў. Гэта эвалюцыйны шлях, замест шокавай тэрапіі. Эканамічныя рэформы ў інтарэсах народу і ажыцяўленьне гэтых рэформаў тады, калі высьпеюць адпаведныя эканамічныя перадумовы. І галоўны наш крытэры - гэта падвышэньне жыцьцёвага ўзроўню людзей на падставе падвышэньня эфэктыўнасьці эканомікі”.

Беларускі бок таксама хваліўся ростам на 60% гандлёвага абароту з Польшчай, які сёлета, паводле падлікаў амбасады Беларусі ў Варшаве, дасягне амаль аднаго мільярда даляраў. Гэта ўдвая больш, чым сярэдні паказчык за мінулыя гады, але і ў пяць разоў меней, чым, прыкладам, гандлёвы абарот з адной толькі Масквой.

Аляксандар Міхневіч заахвочваў польскіх бізнэсоўцаў да інвэстыцыяў у беларускую эканоміку, у тым ліку і да ўдзелу ў прыватызацыі прадпрыемстваў нафта-хімічнай прамысловасьці.

(Міхневіч: ) “Тыя, хто добра абазнаны ў інвэстыцыйным клімаце, што створаны ў Беларусі, пацьвердзяць, што цяпер мы маем адныя з найбольш лібэральных умоваў падаткаабкладаньня для замежных і сумесных прадпрыемстваў”.

Аднак нягледзячы на своеасаблівую беларускую мадэль эканомікі і добры інвэстыцыйны клімат, польскія фірмы пакуль не сьпяшаюцца ўкладць грошы ў беларускую эканоміку. Сёлета аб’ём інвэстыцыяў польскага бізнэсу ў Беларусь склаў усяго 3 мільёны даляраў.

Адказаць на пытаньне, чаму актыўнасьць польскіх інвэстараў у Беларусі настолькі нізкая, я папрасіў адну з кіраўнічак вядомай польскай фірмы “Vikking” Юстыну Войцюк:

(Войцюк: ) “Перадусім, варта сказаць пра бясьпеку ў сэнсе юрыдычнай абароны інвэстыцыяў у Беларусі. Няма гарантыяў, што праз пэўны час ня будзе нечакана адабраная ліцэнзія ці ўведзеныя новыя падаткі. Калі робіш доўгатэрміновыя інвэстыцыі, такія гарантыі неабходныя. Таму, з-за іхнай адсутнасьці, бальшыня польскіх фірмаў ня хоча рызыкаваць і адкрываць свае філіі ў Беларусі. Хаця ў Беларусі ёсьць вялікая колькасьць добрых спэцыялістаў і калі б ня гэткія перашкоды, дык можна было б шмат рабіць разам”.

Пра фактары, якія перашкаджаюць разьвіцьцю польска-беларускага эканамічнага супрацоўніцтва гаварыў і амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Павляк.

(Павляк: ) “Апошнім часам мы атрымліваем шмат скаргаў на дзеяньні беларускіх мытнікаў, якія, прыкладам, без дастатковай аргумэнтацыі і з парушэньнем міжнародных нормаў, канфіскуюць у нашых фірмаў тавары. З гэтай прычыны шмат хто абмінае Беларусь, як транзытную краіну”.

На форуме ўздымаліся і пытаньні ўплыву палітыкі на эканамічныя дачыненьні, у прыватнасьці ўвядзеньне Эўразьвязам квотаў на беларускі тэкстыль з-за парушэньняў афіцыйным Менскам правоў прафсаюзаў.

Амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка заявіў, што ўсьлед за паляпшэньнем эканамічных дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю, трэба палепшыць і дачыненьні палітычныя. На што амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Павляк адзначыў:

(Павляк: ) “Цяпер мы вядзем палітычны дыялёг зь Беларусьсю на больш высокім узроўні, чым раней. У гэтай справе Варшава, аднак, прытрымліваецца пэўных абмежаваньняў, якія можна пераадолець толькі калі крокі ў адпаведным кірунку зробяць абодва бакі”.

Дагэтуль нявырашанай застаецца праблема падпісаньня новай дамовы аб гандлі паміж Польшчай і Беларусяй, паколькі цяперашняе пагадненьне страчвае моц у карсавіку 2004 году.

Польшча займае трэцяе месца пасьля Расеі і Нямеччыны, сярод гандлёвых партнэраў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG