Сёлетняя праграма сьвяткаваньня 73-х угодкаў Уладзімера Караткевіча, зацьверджаная аддзелам культуры Аршанскага гарвыканкаму, выклікала цэлую хвалю абурэньня ў ягоных землякоў: 26 лістапада, у дзень народзінаў знакамітага беларускага пісьменьніка, у ягоным мэмарыяльным музэі праводзіцца прэзэнтацыя зборніка нікому ў Воршы не вядомай паэткі Галіны Данільевай, адмыслова запрошанай дзеля гэтага з Масквы. На пытаньне пра тое, якое дачыненьне мае расейская паэтка ды творчасьці Ўладзімера Караткевіча, дырэктарка музэю Сьвятлана Кусьпіц адказала:
(Кусьпіц: ) “У мяне ўжо пыталіся пра гэта, і я адказваю: так, прыяжджае расейская паэтка. Карані ў нас агульныя! Таму неістотна, хто на якой мове размаўляе — на расейскай, або на беларускай! У нас агульная радзіма, мы ўсе адной крыві…”
Паводле словаў спадарыні Кусьпіц, паэтку Галіну Данільеву запрасіў у Воршу гарадзкі аддзел культуры, і разам з уласным зборнікам “Молитва посреди зимы” яна прэзэнтуе ў Воршы дакумэнтальны фільм пра сваю працу ў маскоўскім музэі Марыны Цьвятаевай. Дарэчы, усе ахвотныя трапіць на гэтую імпрэзу мусяць заплаціць 2500 рублёў, хаця дагэтуль падобныя сустрэчы ў музэі, на якія ў свой час прыяжджалі і Ўладзімер Арлоў, і Зьміцер Бартосік, і Аляксей Марачкін, былі бясплатныя.
Сталыя наведнікі музэю Ўладзімера Караткевіча, які да апошняга часу быў ці не адзіным у Воршы беларускім асяродкам, маюць хіба адно тлумачэньне раптоўнай пераарыентацыі на “агульнаславянскія каштоўнасьці”: месяц таму ў музэі зьмянілася кіраўніцтва. Былая дырэктарка Іна Байкова мусіла звольніцца, бо адмовілася выконваць распараджэньне гарадзкога начальства пра абавязковы выезд на ўборку льну. Ехаць трэба было пры канцы кастрычніка, калі на полі ўжо ляжаў сьнег ды было 7 градусаў марозу, і спадарыня Байкова ўсяго толькі папрасіла, каб трох супрацоўніц музэю, жанчын са слабым здароўем, “на лён” не пасылалі. У адказ дырэктар музэйнага комплексу Ўладзімер Кузубаў прапанаваў ёй пісаць заяву на звальненьне.
Цяпер Іна Байкова выкладае беарускую мову ў аршанскай школе №3, якая, дарэчы, таксама носіць імя Ўладзімера Караткевіча. А на ейнае месца прызначылі 65-гадовую Сьвятлану Кусьпіц, колішнюю настаўніцу геаграфіі. Даведаўшыся пра сёньняшнюю прэзэнтацыю, шмат хто з аршанцаў ужо сумняецца, што музэй Караткевіча пад ейным кіраўніцтвам і надалей застанецца тутэйшым беларускім культурніцкім цэнтрам.
Гаворыць Ала Танчэўская:
(Танчэўская: ) “Я ніколі ня думала, што ў родным горадзе Караткевіча, у ягоным музэі, у дзень ягонага нараджэньня можа праводзіцца падобная імпрэза! І гэта тады, калі ў Віцебску ўручаюцца прэміі імя Ўладзімера Караткевіча выбітным пісьменьнікам, паэтам… Я лічу, што гэта зьнявага і самаму Ўладзімеру Сымонавічу, і ягонай памяці, і нават ягонай радзіме!”
Прэміі імя Ўладзімера Караткевіча, пра якія згадала спадарыня Танчэўская, сёньня былі ўручаныя пісьменьніку ды журналісту Сяргею Рублеўскаму за кнігу просы “Азярод” і пасьмяротна паэту ды выкладчыку Анатолю Канапельку за асьветніцкую працу. Іх традыцыйна ўручаюць у Віцебску паводле колішняе ініцыятывы аблвыканкаму. А ў Воршы, дзеля альтэрнатывы расейскамоўнай музэйнай імпрэзе, сябры грамадзкага цэнтру імя Ўладзімера Караткевіча вырашылі правесьці сёньня памятную вечарыну пісьменьніка ўласнымі сіламі.