Назіраючы на экранах тэлевізараў, як дзясяткі тысяч людзей выйшлі на цэнтральную плошчу Тбілісі, патрабуючы адстаўкі прэзыдэнта Шэварднадзэ, і як урэшце дамагліся свайго, многія ў Беларусі задавалі сабе пытаньне: ці магчыма нешта падобнае на вуліцах Менску?
Якраз у той момант, калі ў Тбілісі грузінская апазыцыя сьвяткавала перамогу, у Менску актывісты Маладога Фронту спрабавалі наладзіць акцыю пратэсту супраць магчымага рэфэрэндуму наконт падаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Тое, як праходзіла і чым скончылася гэтая акцыя, на думку некаторых нашых слухачоў, можа служыць адказам на пытаньне пра верагоднасьць “аксамітнай” рэвалюцыі ў Беларусі.
Праваабаронца Аксана Новікава сама ўдзельнічала ў акцыі Маладога Фронту, прымеркаванай да гадавіны рэфэрэндуму 1996 году. І вось якімі ўражаньнямі ад убачанага дзеліцца ў сваім лісьце слухачка:
“Улады нас баяцца. Супраць сотні маладых людзей прыгналі 500 амонаўцаў і БТР. Нават проста наведваньне такой акцыі ёсьць важным у той час, калі многія героі вулічных баёў нядаўняга мінулага мараць быць прызначанымі ў Лукашэнкаў парлямэнт. Калі-небудзь у мэмуарах будуць пісаць пра знаёмства з гэтымі маладымі людзьмі ды ганарыцца гэтым знаёмствам. Зь імі была і я, апошняя з апошніх.
Падзеі ў Грузіі для мяне — адказ тым, хто кажа, што ключы ад будучыні Беларусі нібыта ў Расеі. Не, спадарства, — ключы толькі ў нашых руках! Крытычнай масай людзей, пры якой ніякія амонаўцы ня будуць выконваць камандаў Лукашэнкі, бо іх ніхто ня будзе слухаць, ёсьць 40–50 тысяч человек. Улады гэта цудоўна ведаюць, таму і спрабуюць перасварыць апазыцыю. Пакуль гэта, на жаль, удаецца. Але ў нас зьявіўся яшчэ адзін узор для перайманьня — Грузія. І для пачатку працэсу няблага было б хаця б адмовіцца ад крытыкі на адрас адзін аднаго”, — напісала Аксана Новікава зь Менску.
Выкарыстаць грузінскі досьвед ва ўмовах сёньняшняй Беларусі, спадарыня Новікава, апазыцыі наўрад ці ўдасца. Вельмі ўжо непараўнальныя ўмовы ў дзьвюх краінах. Грузінская апазыцыя мела моцныя парлямэнцкія фракцыі, доступ да ўплывовых сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку да тэлебачаньня. Улада прэзыдэнта Шэварднадзэ ў Грузіі была зусім не такая неабмежаваная і бескантрольная, як улада Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. Эдуард Шэварднадзэ не адважыўся ўжыць сілу супраць дэманстрантаў. У той час як у Беларусі гвалт супраць удзельнікаў апазыцыйных акцыяў, арышты, перасьлед на месцах працы і вучобы сталі звычайнай практыкай.
А вось з вашым, спадарыня Новікава цьверджаньнем, што ключы ад будучыні Беларусі — у самой Беларусі, а не за яе межамі — я цалкам пагаджаюся. Нягледзячы на тое, што прыгнечаны стан грамадзянскай супольнасьці дае ня надта шмат спадзяваньняў на хуткія зьмены.
Пра падзеі 1996 году згадвае ў сваім лісьце і наш слухач Максім Шаўляк з Гомелю. Ён піша:
“Спытайцеся на вуліцы, за што людзі галасавалі на рэфэрэндуме сем гадоў таму? Магу паспрачацца: большасьць нічога ўцямнага вам не адкажа. У найлепшым выпадку ваш суразмоўца згадае пра тое, што Лукашэнка хацеў разагнаць Вярхоўны Савет, таму і зладзіў рэфэрэндум. Для пераважнай большасьці людзей праблемы канстытуцыйнага ладу, падзелу ўладаў, разьмежаваньня паўнамоцтваў і гарантыяў дэмакратычных свабодаў — цёмны лес, нешта кшталту найвышэйшай матэматыкі. Падазраю, што ў нас палова людзей увогуле непісьменныя, ня ўсе літары ведаюць. А ў іх пра Канстытуцыю пытаюцца…
На добры лад, рэфэрэндумы ўвогуле трэба было б забараніць. Ясна ж, дзеля чаго іх выкарыстоўваюць усе дыктатары: каб заставацца пры ўладзе пажыцьцёва. Усе сярэднеазіяцкія падзішахі гэтым ужо пакарысталіся. Але ж мы не ў Азіі, а нібыта ў Эўропе, хоць і на самым яе ўскрайку”.
Рэфэрэндум, сапраўды, часта выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць дыктатары і аўтарытарныя валадары дзеля ўласных палітычных мэтаў. У многіх краінах з багатымі дэмакратычнымі традыцыямі рэфэрэндумы таксама праводзяцца, але там гэтая працэдура за дзесяцігодзьдзі й стагодзьдзі адладжаная. Да таго ж, там няма праблемаў зь незалежным грамадзкім кантролем за галасаваньнем.
І, безумоўна, вельмі істотны момант: якое пытаньне выносіць на рэфэрэндум. Адна справа, калі ў чалавека спытацца, напрыклад, пра тое, ці лічыць ён патрэбным, каб дзяржава фінансавала будаўніцтва лядовых палацаў. І зусім іншае — пытаньне пра Канстытуцыю, складаны палітыка-прававы дакумэнт, пра які і адмыслоўцу адказаць нялёгка.
На жаль, вельмі верагодна, што ў Беларусі ўлада неўзабаве зноў з дапамогай рэфэрэндуму будзе спрабаваць зьмяніць аднаго разу ўжо кардынальна зьмененую Канстытуцыю — ставячы за мэту, каб Аляксандар Лукашэнка і надалей заставаўся пры ўладзе.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.