Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ІМІГРАНТЫ Ў ІРЛЯНДЫІ ДЫ ІНШЫХ КРАІНАХ ЗАХОДНЯЙ ЭЎРОПЫ


Юлія Шарова, Менск

Калі Вольга — жвавая сястрычка маёй сяброўкі — тры гады таму выбіралася на летнія вакацыі ў Ірляндыю, усе ейныя сваякі ды знаёмыя былі ўпэўненыя, што да восені яна вернецца. Васемнаццацігадовая студэнтка Эканамічнага ўнівэрсытэту, як шматлікія іншыя хлопцы й дзяўчыты, ехала на “зялёную выспу” толькі каб зарабіць грошай. Бліжэй да верасьня, калі трэба было вяртацца ва ўнівэрсытэт, Вольга зьдзівіла родных навіной — яна застаецца ў Ірляндыі, будзе дамагацца не студэнцкай, а працоўнай візы і паспрабуе нават атрымаць за мяжой адукацыю.

І сапраўды засталася. За тры гады ў іншай краіне яна пасьпела займець сталую працу, выдатна вывучыць ангельскую мову, пачаць адукацыю ў Дублінскай школе бізнэсу. І яшчэ сустрэць каханага чалавека, выйсьці за яго замуж і нарадзіць сына — гэткая неспадзяваная імправізацыя лёсу, пра якую дзяўчына зусім не шкадуе. Цяпер Вольга Мэйсан працуе ў фірме офіс-мэнэджэрам ды адначасова мае бугальтарскія абавязкі. Усё гэта ў няпоўныя дваццаць адзін год.

(Вольга: ) “Мяне ўспрымаюць тут ня як дваццацігадовае дзяўчо, канечне ж. Жыцьцё паказала сваё, жыцьцё паставіла шмат перашкодаў, якія давялося пераадольваць. І ўсё гэта, здаецца, у мінулым”.

Лёс Вольгі Мэйсан можа быць прадметам зайздрасьці больш як для мільёну маладых беларусаў. Прыкладна столькі людзей ва ўзросьце ад васямнаццаці да трыццаці гадоў хацелі бы зьехаць за мяжу — такія зьвесткі падае Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў паводле апытаньня, зладжанага ў верасьні гэтага году. Калі малады беларус вырашае застацца за мяжой, ён матывуе сваё рашэньне самымі рознымі чыньнікамі. Аднак усе яны зводзяцца да адной, важкай ды істотнай прычыны. Гаворыць намесьнік дырэктара НІСЭПД Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Калі іх спытаць, чаму гэта так, то яны вам адкажуць, што там можна больш зарабіць, там лепшае жыцьцё, там нейкія цікавыя рэчы ёсьць. Але рэч у тым, што там больш свабоды. Там можна рабіць тое, што ты хочаш. А ня тое, што табе зьверху загадалі”.

Але насамрэч супрацьпастаўляць свабоду і грошы нельга. Бо грошы якраз і даюць адчуваньне свабоды. Грошы — гэта магчымасьць задавальняць свае пабытовыя і культурныя патрэбы. Зразумела ж, і ў Беларусі некаторыя людзі могуць зарабляць прыстойна, але не заўсёды іхная праца прыносіць ім задавальненьне. А за мяжой грошы і асалоду ад любімай працы спалучыць рэальна. Генадзь Драгун пакуль вучыцца і працуе ў Галяндыі. Ён лічыць, што за мяжой больш магчымасьцяў для самарэалізацыі:

(Драгун: ) “На Захадзе жыць лягчэй. Лягчэй зарабіць на пэўны ўзровень жыцьця, трэба меней прыкладаць высілкаў. Яшчэ лягчэй рэалізавацца прафэсійна. Лягчэй знайсьці працу, якая табе больш цікавая, займацца нечым сваім, а не падладжвацца пад працадаўцу”.

Прыкладна такое ж меркаваньне выказаў і адзін з маіх суразмоўцаў, зь якімі я гутарыла на менскіх вуліцах. Вось што, на ягоную думку, найбольш вабіць маладых беларусаў у замежжы:

(Спадар: ) “Разьвіцьцё. І грошы. Менавіта грошы. Навукоўцы тут нічога не атрымліваюць, тэхнічныя спэцыялісты таксама вельмі дрэнна аплачваюцца. Рэч у тым, што яны і за мяжой будуць аплачвацца дрэнна, але ўсё адно ў дзесяць разоў болей, чым тут”.

Што ж сабе можа дазволіць эўрапеец зь сярэднім прыбыткам? Мая суразмоўца Вольга падлічвае, колькі каштуе жыцьцё ў ірляндзкім Дубліне. Адмыслоўца з унівэрсытэцкім дыплёмам, напрыклад бугальтар, мае гадавы заробак 24 тысячы эўра, альбо 2 тысячы на месяц. Калі гэты чалавек жыве ва ўласным доме, то штомесяц за камунальныя паслугі разам з тэлефоннымі размовамі плаціць 200–250 эўра. Нармальнае харчаваньне будзе каштаваць яму аднаму прыкладна 400 эўра на месяц. Разам 600–700 эўра. Астанія грошы можна траціць на што заўгодна — вопратку, забавы, адукацыйныя патрэбы, мэдыцыну, альбо сапраўды адкладваць іх на банкаўскі рахунак. 1300 эўра штомесяц — даволі неблагая сума вольных грошай. І гарантыя пачуцца вольным ад падлікаў кожнай капейкі.

У Эўропе людзям даюць магчымасьць спачатку зарабіць грошай, а потым ужо патрабуюць ад іх, каб яны плацілі падаткі. Пакуль вы вучыцеся ў афіцыйна прызнанай установе, вы вольныя ад усіх падаткаў. Вольга, якая вучыцца цяпер ў Дублінскай школе бізнэсу, ня плаціць ніякіх “таксаў”. Калі яны з мужам задумаюць будаваць уласны дом і возьмуць пад гэта крэдыт, іх таксама вызваляць ад падаткаў на час выплаты пазыкі. Усё прыдумана так, каб чалавек ня быў сьціснуты грашовымі праблемамі з усіх бакоў. Калі штмат працаваць, то тут абавязкова да нечага прыйдзеш, — робіць выснову Вольга. У Беларусі ж такога няма, там можна гадамі бегаць па замкнёным коле фінансавых праблемаў. Таму яна ня вернецца на несвабодную радзіму.

(Вольга: ) “Я ведаю, што былі прадпрымальнікі, якіх папросту папрыхлопвалі. Я ведаю, што там няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дне, а ўсё, што мне трэба — гэта гарантыя. Каб я жыла спакойна, каб ня трэба было складваць грошы, каб я магла вандраваць. Каб я папросту магла жыць, а не існаваць”.

У Беларусі Вольга змагла бы ўладкавацца ў ня самую кепскую фірму і зарабляць 200–300 даляраў у месяц. Гэтага хапала б ёй толькі для таго, каб не пачувацца ў галечы. Цяпер яна гэта разумее, а тры гады таму ілюзіі яшчэ былі. У Дублін Вольга ехала з канкрэтнай мэтай — зарабіць стартавы капітал для ўласнага бізнэсу ў Беларусі. Аднак Ірляндыя — зусім ня тая краіна, адкуль можна шмат чаго прывезьці. Кампанія, якая адпраўляла ахвочых папрацаваць у Ірляндыю, брала за свае паслугі шалёныя грошы — 2 тысячы эўра. Гэтыя грошы трэба было адпрацаваць. За лета студэнты, калі яны сьціпла харчуюцца, ва усім сабе адмаўляюць ды жывуць па трое-чацьвёра ў адным пакоі, зарабляюць там ня больш за 3 тысячы эўра на аднаго чалавека. Чысты прыбытак — тысяча эўра. Гэта ў найлепшым выпадку.

Вольга цяпер згадвае, колькі ёй каштавала замежная свабода. Яна працавала па 18 гадзінаў у суткі, нават не заўсёды магла паспаць. Днём разьбірала паперы ў офісе, а ноччу разносіла піва ў пабе. Складана чыста фізычна, тым болей для кволай дзяўчыны. Такую школу выжываньня здольныя прайсьці далёка ня ўсе маладыя людзі, якія трапляюць за мяжу. З Вользіных прыяцеляў “зачапіцца” ня здолеў амаль ніхто.

(Вольга: ) “Прыехала нас сюды дзесяць чалавек. Зь дзясяці восем зьехалі назад. Адна беларуская дзяўчына засталася, але цяпер яна ў Амэрыцы. Некаторыя з тых, хто зьехаў, мелі праблемы з мовай, але большасьці папросту не падабалася сама Ірляндыя. Яшчэ адна дзяўчына вярнулася назад праз год. Калі я кантактавала з тымі, хто зьехаў у Беларусь, яны ўсе казалі, што сумуюць па Ірляндыі. Калі давялося параўноўваць, дзе ўсё ж лепей, яны казалі: дарма мы адтуль зьехалі”.

Ня толькі грашовы эквівалент свабоды вабіць маладых беларусаў. Магчыма, яны й не цікавяцца палітыкай, не задумваюцца пра ступень дэмакратычнасьці пэўных рэжымаў і не глядзяць навінаў па тэлевізіі. А вось іншую, пабытовую свабоду, яны адчуваюць добра і цэняць яе высока. У першыя месяцы быцьця ў Ірляндыі Вольга зьдзіўлялася, наколькі там адкрытыя і добрыя людзі, наколькі яны не баяцца радавацца жыцьцю, наколькі ўмеюць быць тактоўнымі. Такімі ж назіраньнямі падзялілася са мной яшчэ адна беларуска, студэнтка, якая гэтым летам езьдзіла працаваць у Амэрыку:

(Студэнтка: ) “Там людзі не такія закамплексаваныя, як тут. Што адразу кідаецца ў вочы, калі туды прыяжджаеш, дык гэта тое, што людзі там апранаюцца, як ім хочацца. Рознакаляровыя, розныя стылі. І гэта цікава. Ідзеш па вуліцы — і ўсе розныя. А тут усе нейкія шэрыя, у адной і той жа куртцы, набытай на “Дынама”. Паў-Менску ў іх ходзіць”.

Хто ж найчасьцей пакідае Беларусь у пошуках лепшай долі за мяжой? Эканаміст Яраслаў Раманчук гаворыць, што з аднаго боку гэта маладыя людзі з добрай адукацыяй — мазгі, а зь іншага — выхадцы зь вёсак і дробных мястэчак, якія згодныя займацца нізкакваліфікаванай працай — рукі. Але аб’ядноўвае і тых, і іншых адна рыса — здольнасьць караскацца ўверх, насуперак жыцьцёвым абставінам, здольнасьць выжываць. І ўсю сваю энэргію яны скіроўваюць на тое, каб выбрацца ў іншую краіну. Яраслаў Раманчук лічыць небясьпечнай такую тэндэнцыю. Зьяжджае зь Беларусі насельніцтва працаздольнае — здаровае, дужае й адукаванае. А прыяжджаюць сюды збольшага пэнсіянэры з былых савецкіх рэспублік. Зразумела ж, пэнсіянэрам ужо не да свабоды, абы толькі адбыць век у сацыялістычным санаторы пад назвай Беларусь.

(Раманчук: ) “Гэта такая дэмаграфічная бомба. У нас 26% ад усяго насельніцтва пэнсіянэры. І моладзь, якая мае зарабляць і плаціць падаткі для гэтых пэнсіянэраў, зьяжджае і плаціць падаткі ў іншых краінах. Больш за тое, яны адкрываюць там свае бізнэсы, забіраюць туды сваіх дзяцей, свае сем’і і такім чынам назіраецца самая страшная зьява: міграцыя мазгоў, міграцыя рук — міграцыя тых, хто зьяўляецца нармальным генафондам нашай краіны”.

І сапраўды, чалавек пасіўны, які ўмее толькі прыстасоўвацца да абставінаў, у замежжа не паедзе — там даводзіцца зашмат змагацца за існаваньне. І ня будзе гнацца за свабодай ва ўсіх ейных праявах. Пакуль беларусы яшчэ не адчуваюць, якія страты нясе беларуская нацыя ў выніку эміграцыі моладзі, гаворыць спадар Раманчук. Але праз колькі гадоў, нават калі ў краіне пачнуцца нейкія эканамічныя рэформы, тут ня будзе каму працаваць. Машыны й тэхналёгіі набыць можна — мазгі ж і рукі трэба гадаваць самім. У свабодзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG