26 лістапада 1986 году Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў прымае канвэнцыю аб непрымяненьні тэрміну даўнасьці да злачынцаў, што ажыцьцяўлялі рэпрэсіі і генацыд. Гэтая канвэнцыя сталася важнай юрыдычнай падтрымкай для пашырэньня ў Беларусі грамадзкага руху за выкрыцьцё злачынстваў сталінскага рэжыму. Неўзабаве будзе апублікаваны артыкул пра расстрэлы ў Курапатах, будзе створана таварыства “Мартыралёг Беларусі”, выкрыцьцё сталіністаў, што ажыцьцяўлялі рэпрэсіі, стане адной з праграмных задач Беларускага Народнага Фронту.
Біяграфічныя даты.
26 лістапада 1855 году памёр Адам Міцкевіч, вялікі паэт, аўтар славутага “Пана Тадэвуша”. Родам Міцкевіч быў з хутара Завосьсе каля Наваградка. У Наваградку скончыў школу і паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт. Міцкевіч пісаў па-польску, але ўсе падзеі ягоных твораў адбываліся на беларускай зямлі. Апроч таго, аднойчы ў сваёй парыскай лекцыі ён назваў беларускую мову самай гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найменш зьмененай. Памёр паэт у Стамбуле. А зусім нядаўна ў Менску яму быў адкрыты помнік. Крыху раней у беларускай сталіцы была пастаўленая монаопэра «Адзінокі птах» – акурат пра апошні дзень жыцьця Адама Міцкевіча.
26 лістапада 1864 году ўладамі быў закрыты касьцёл у мястэчку Юравічы – цяпер гэта Калінкавіцкі раён. Шыкоўную бажніцу зачыніла расейская адміністрацыя графа Мураўёва на знак помсты паўстанцам Каліноўскага. Тады па ўсёй Беларусі касьцёлы ператвараліся ў расейскія праваслаўныя цэрквы. Аднак Юравіцкі помнік у выглядзе руіны прастаяў ледзьве не да нашых дзён. 10 гадоў таму мясцовыя ўлады ўсё ж перадалі яго расейскай праваслаўнай царкве і цяпер там жаночы манастыр. Цудатворны абраз Юравіцкай Маці Божай сёньня знаходзіцца ў Кракаве, а ягоныя копіі – у касьцёлах у Мазыры і Хойніках.
У той самы дзень, 26 лістапада 1864 году пакінуў гэты сьвет беларускі гісторык Тэадор Нарбут. Ягоныя дзеці бралі актыўны ўдзел у паўстаньні Каліноўскага і за гэта карнікі арыштавалі 77-гадовага вучонага і прысудзілі яго да сыбірскае катаргі. Аднак хворы стары, не дачакаўшыся высылкі, памёр.
Сёньня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня Андрэя Зязюлі, беларускага паэта і сьвятара. Ён прыйшоў на сьвет у сялянскай сям'і Сьцяпана і Ганны Астрамовічаў у вёсцы Навасады Гальшанскай гміны Ашмянскага павету.
А яшчэ 26 лістапада ў 1930 годзе ў Воршы нарадзіўся Ўладзімер Караткевіч, беларускі празаік, паэт, драматург. Бадай, як ніхто іншы ён зьмяніў у ХХ стагодзьдзі сьветапогляд беларусаў. Ягоныя кнігі, кінасцэнары й п’есы сталі падмуркам найноўшага беларускага адраджэньня.