“ЛіМ”, 1933 год:
“Белдзяржкіно мае пяць аддзяленьняў: Менск, Гомель, Віцебск, Бабруйск, Ворша. Сетка надзвычай вырасла: толькі за адну першую пяцігодку з 374 быўшых раней кінопунктаў сетка вырасла ў 950 пунктаў. Раней не было ніводнага гукавога кіно-тэатра, а зараз ёсьць іх 25, 100 школ кінофікавана. Але не гледзячы на такі вялікі рост кіносеткі, яна яшчэ ні ў якой ступені не задавальняе культурных запатрабаваньняў насельніцтва, асабліва вясковага. Вясковая сетка, што абслугоўвае калгасы, саўгасы, МТС, працуе зараз яшчэ надзвычай дрэнна… Характэрна, напрыклад, што не гледзячы на пастанову Наркамснаба СССР аб прыраўнаньні вясковых кіномэханікаў па забесьпячэньні да вясковых настаўнікаў, гэтая пастанова Наркамснабам БССР не выконваецца”.
Беластоцкая “Ніва”, 1983 год:
“Наогул у Польшчы мала ведаюць аб Беларусі, а невучоныя і малаадукаваныя палякі думаюць традыцыйна (або кансэрватыўна) і лічаць беларусаў беднымі і прымітыўнымі людзьмі. Беднага мала хто любіць, а мы сапраўды небагатыя. Таму раскіданыя па Польшчы беларусы саромяцца і баяцца прызнацца да свайго паходжаньня. На жаль, у польскім грамадзтве ёсьць шавіністычна настроеныя колы, якія вельмі варожа адносяцца да рускіх і беларусаў, што наглядна праявілася ў час дзейнасьці “Салідарнасьці”. Жанчыны з Бандароў, якія не хацелі з Баршчэўскім гаварыць у Беластоку па-беларуску, не саромеліся сваёй мовы, а хутчэй баяліся нападу малойчыкаў, праходзячых па гораду”.
“Витебский курьер”, 1993 год:
“Канца сьвету, заплянаванага ці то на 14, ці то на 24 лістапада гэтага году замбіяванымі пасьлядоўнікамі Крываногава з сумнавядомага “Белага брацтва”, так і не адбылося. Баючыся масавых самагубстваў чульлівых падлеткаў, абласныя і мясцовыя ўлады вырашылі праверыць, ці засталіся на віцебскай зямлі няхай нават на нелегальным становішчы завэрбаваныя пасьлядоўнікі Дзевы Марыі. І не адшукалі такіх, дзе гастралявала “Белае Брацтва”. Затое павялічылася колькасьць прыхільнікаў іншых канфэсіяў. Папоўнілі свае шэрагі праваслаўныя, рыма-каталікі, эвангельскія хрысьціяне-баптысты і новаапостальцы, якія зарэгістравалі на гэтым тыдні статуты новых грамадаў”.