Эдуард Шэварднадзэ абвесьціў пра сваю адстаўку пасьля сустрэчы з лідэрамі апазыцыі, якая была зладжаная міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым. Ужо ў нядзелю прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар адзначыў, што Расея “адыгрывае ключавую ролю ў міжнародных высілках па ўрэгуляваньні крызысу ў Грузіі”.
Пасьля адстаўкі Шэварднадзэ Іваноў заявіў, што ягоная пасярэдніцкая місія завершаная, аднак з Тбілісі накіраваўся ў Батумі, сталіцу грузінскай аўтаноміі Аджарыі.
Выглядае, што аджарская праблема стане адным з галоўных выклікаў для новага кіраўніцтва Грузіі. Лідэр Аджарыі Аслан Абашыдзэ падчас крызысу быў на баку Эдуарда Шэварднадзэ. Пасьля адстаўкі прэзыдэнта Грузіі ў Аджарыі было ўведзенае надзвычайнае становішча, зачыненая мяжа з Грузіяй. Абашыдзэ заявіў, што з асобамі, што прыйшлі да ўлады ў Грузіі неканстытуцыйным шляхам, ня можа быць ніякіх размоваў.
На паседжаньні аджарскага парлямэнту Абашыдзэ наагул заявіў, што Аджарыя выйдзе са складу Грузіі, калі да ўлады прыйдзе апазыцыя. Паводле яго, рэспубліка ня будзе ўдзельнічаць у датэрміновых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах, якія ладзіць новае кіраўніцтва Грузіі.
Нягледзячы на тое, што расейская дыпляматыя адыграла істотную ролю ў тым, што перадача ўлады ў Грузіі абышлася без крыві, як адзначае расейская газэта “Коммерсант” ці не адзіным рычагом ўздзеяньня на новыя грузінскія ўлады з боку Расеі застаецца пасярэдніцтва ў адносінах Тбілісі з Абхазыяй і Паўночнай Асетыяй, якія абвесьцілі незалежнасьць, і з фактычна непадкантрольнай Тбілісі Аджарыяй. Паводле выданьня Ігар Іваноў паляцеў у Батумі, каб утрымаць Абашыдзэ ад рэзкіх крокаў, прынамсі ад абвяшчэньня незалежнасьці.
Кіраўнік замежнай камісіі Савету Фэдэрацыі Расеі Міхаіл Маргэлаў заявіў, што Расея не зацікаўленая ў распадзе Грузіі. Выглядае, што лінія Масквы палягае ня ў тым, каб спрыяць поўнаму посьпеху абхаскіх, аджарскіх і асетынскіх сэпаратыстаў, а каб выкарыстоўваць іхныя памкненьні для ціску на Тбілісі. Учора ацэнку падзеяў у Грузіі даў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.
(Пуцін: ) “Нічога нечаканага для нас ў гэтых падзеях няма. Зьмена ўлады ў рэспубліцы – гэта заканамерны вынік сэрыі сыстэмных памылак ў замежнай, унутранай і эканамічнай палітыцы былога кіраўніцтва краіны.
Зьнешняя палітыка былога кіраўніцтва праводзілася без уліку глыбокіх культурных і гістарычных каранёў грузінскага народу, без уліку гкапалітычных рэаліяў.
Абсалютна відавочна, і я хачу гэта адмыслова падкрэсьліць, што Эдуард Амвросьевіч Шэварднадзэ дыктатарам ніколі ня быў. І таму ў нас выклікае законную занепакоенасьць тое, што зьмена ўлады ў Грузіі адбылася на тле моцнага сілавога ціску. Тыя, хто арганізуе падобныя акцыі і тыя, хто іх падтрымлівае, бяруць на сябе велізарную адказнасьць перад народам, у дадзеным выпадку перад грузінскім народам.”
Варта адзначыць, што нягледзячы на місію Іванова, першымі новае кіраўніцтва Грузіі прызналі Злучаныя Штаты Амэрыкі.
На думку большасьці аналітыкаў, новае кіраўніцтва Грузіі ня будзе пераглядаць зьнешнепалітычныя прыярытэты краіны. Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ніно Бурджанідзэ ўжо заявіла, што краіна працягне курс на інтэграцыю ў эўрапейскія структуры, імкнучыся пры гэтым падтрымліваць добрыя стасункі з такой буйной дзяржавай як Расея. Празаходнія пазыцыі новых кіраўнікоў Грузіі адзначаюць усе экспэрты. Расейскае кіраўніцтва займалася б самападманам, калі б паспрабавала перабольшыць значэньне свайго трыюмфу на Каўказе – піша нямецкая “Sueddeutsche Zeitung”.
Цікава адзначыць, што ў публікацыях на тэму грузінскіх падзеяў даволі часта прыгадваейцца беларуская тэма. Адзін зь лідэраў грузінскай апазыцыі, а цяпер кіраўнікоў краіны Міхаіл Саакашвілі назвае кіраўніка Аджарыі Аслана Абашыдзэ “тройчы Лукашэнкам” і гэта зусім не ў якасьці камплімэнту.
Guardian праводзіць аналёгію паміж падзеямі ў Грузіі і ў Югаславіі ў 2000 годзе. Газэта дадае, што у 2001 годзе амбасадар ЗША ў Менску Майкл Козак спрабаваў скапіяваць гэты пасьпех на выбарах у Беларусі, каб скінуць аўтарытарнага Лукашэнку, але беспасьпяхова.
Прыгаданая нямецкая “Sueddeutsche Zeitung” піша: “Тое, што адбылося ў Грузіі, можа хутка адбыцца ў славянскай Беларусі, дзе Аляксандар Лукашэнка б’е народ дубінкамі і саджае ў турмы.”
Іншае меркаваньне – у былога калегі Шэварднадзэ па палітбюро Аляксандра Якаўлева. У інтэрвію “Российской газете” ён заявіў, што грузінская рэвалюцыя – спэцыфічна каўкаская зьява. “Расею я б у гэты шэраг ня ставіў. Ды і на Ўкраіне і ў Беларусі ня можа быць сілавога захопу ўлады і грамадзянскай вайны,” – лічыць былы сябра палітбюро Аляксандар Якаўлеў.