Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯН НОВАК-ЕЗЯРАНСКІ ХОЧА, КАБ ПАЛЯКІ “АБУДЗІЛІ БЕЛАРУСЬ”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Ніхто ня будзе спрачацца з выказваньнем, што добрыя дачыненьні з суседзямі ёсьць гарантыяй бясьпекі любой краіны. Першы раз у гісторыі Эўропы Польшчы нічога не пагражае з боку Нямеччыны, як і з боку іншых краінаў Заходняй Эўропы. Дачыненьні Варшавы з Усходам, аднак, не такія добрыя. Варункам бясьпекі ўсходняй мяжы Польшчы ёсьць узмацненьне незалежнасьці і дзяржаўнасьці Беларусі і Ўкраіны. Пакуль гэтага ня будзе, расейцы ніколі канчаткова не пагодзяцца на свае цяперашнія межы”, – піша Ян Новак-Езяранскі.

На ягоную думку, “небясьпечная” залежнасьць беларускай і ўкраінскай гаспадарак ад расейскай сыравіны можа прывесьці да сытуацыі, калі Масква будзе дыктаваць Менску і Кіеву палітычныя варункі, а гэта азначае канец сувэрэнітэту Ўкраіны ды Беларусі.

“Тады Польшча ізноў стане тварам у твар з імпэрыяй, якая па сваёй натуры імкнецца да пашырэньня свайго ўплыву на слабейшых суседзяў”, – адзначае Новак-Езяранскі.

Таму палітыка ў дачыненьні да Беларусі і Ўкраіны мусіць мець для Польшчы стратэгічнае значэньне. Паводле Езяранскага, перадусім, трэба зьвярнуць увагу менавіта на Беларусь, чыя дзяржаўнасьць знаходзіцца пад большай пагрозай. На ягоную думку, страта Беларусяй незалежнасьці вызначыла б і лёс Украіны.

Ян Новак-Езяранскі піша, што недастатковая зацікаўленасьць сытуацыяй у Беларусі характэрная ня толькі для Польшчы, але і для Заходняй Эўропы і ЗША.

Між тым, галоўнымі праблемамі Беларусі, на думку аўтара артыкулу ў “Gazecie Wyborczej”, ёсьць русыфікацыя, вынішчэньне беларускай самасьвядомасьці і адсутнасьць у апазыцыйных сілаў магчымасьцяў данесьці свае погляды да ўласнага народу.

“Польшча не дастаткова моцная краіна, каб дзейнічаць у такой сытуацыі самастойна. Мы можам рабіць эфэктыўныя захады толькі ў супрацоўніцтве з Эўразьвязам і ЗША, каб абудзіць там інтарэс да беларусіх праблемаў. Прычым супрацоўніцтва ў гэтай справе з Вашынгтонам падаецца мне больш лёгкім. Польшча павінна запрапанаваць ЗША канкрэтную праграму супрацоўніцтва зь Беларусяй, як калісьці гэта было зроблена ў справе Польшчы ды іншых усходне-эўрапэйскіх краінаў. Асноўныя элемэнты гэтай праграмы - гэта свабоднае слова, якое распаўсюждвалася б праз радыё, і масавая перапраўка ў Беларусь друкаваных выданьняў”, – піша Езяранскі.

На ягоную думку, дзеля таго, каб прыкладам праграмы беларускай службы радыё Свабода было лепей чуваць у Беларусі, рэтрансьлятары трэба паставіць у Польшчы і Літве, а таксама стварыць на польскай тэрыторыі прынамсі яшчэ адну незалежную радыёстанцыю для беларусаў.

На думку Езяранскага, палякі таксама павінны як мага больш запрашаць маладых беларускіх лідэраў вучыцца на вопыце польскіх рэформаў.

“Ужо цяпер трэба вучыць на Захадзе будучых творцаў свабоднай гаспадаркі вызваленай краіны”, – піша ў атрыкуле “Абудзіць Беларусь” былы шматгадовы дырэктар польскай службы Радыё Свабодная Эўропа Ян Новак-Езяранскі.
XS
SM
MD
LG