З двух дзясяткаў мужчынаў самага рознага ўзросту і сацыяльнага статусу толькі адзін сказаў, што ставіцца да гвалту ў сям’і спакойна:
(Малады спадар: ) “А хіба жонкі ня б’юць мужоў? Гэта нармальна, гэта ўнутрысямейныя справы. Бывае, калі інакш не даходзіць”.
Але большасьць мужчынаў казалі, што ў канфліктах са сваімі жанчынамі ніколі не даходзілі да гвалту. Зь іншага боку, усе лічаць, што зьява гвалту над жанчынай, асабліва ў сям’і, вельмі распаўсюджаная ў Беларусі. Прычыны зьявы бачацца розныя:
(Сталы спадар: ) “Шмат у якіх выпадках залежыць ад характару людзей. Хтосьці чагосьці не ацэньвае і своечасова не дае задняга ходу”.
(Хлопец: ) “Шмат хворых псыхічна”.
(Спадар: ) “Хтосьці п’е, хтосьці мае стрэсавы стан, камусьці грошай бракуе, таксама лаюцца на гэтай глебе. У кагосьці культура кульгае”.
(Студэнт: ) “Гэта праблема выхаваньня: кожнага і цалкам грамадзтва”.
(Малады спадар: ) “Усё закладаецца з самага дзяцінства. Што да пяці гадоў уклаў у дзіцёнка, тое пасьля і атрымаеш”.
(Спадар: ) “Гэтая праблема адна ня ходзіць. Калі дабрабыт людзей будзе падвышацца, то й гэтая праблема будзе зьмяншацца. Калі ўзяць нашую вёску, дзе людзі жывуць не на самым высокім узроўні, то й трапляюцца такія выпадкі”.
(Малады спадар: ) “У нас цяпер і фэмінізм разьвіваецца сур’ёзна. Таму цяперашняе пакаленьне жанчын сябе крыўдзіць не дае. Прынамсі, мне бы хацелася ў гэта верыць”.
(Спадар: ) “Людзі самі слабаватыя. Хтосьці наступіў на нагу ў транспарце, з кімсьці ня так пагаварылі ў чарзе... І ўсё гэта выліваецца дома. Усё аднолькава вінаватыя: і мужчыны, і жанчыны”.
Сярод маіх суразмоўцаў былі мужчыны, якія дваццаць-трыццаць гадоў жывуць з жонкамі й ні разу сур’ёзна ня сварыліся. Вось парада колішняга міліцыянта, які нагледзеўся ў часе выездаў на сямейныя бойкі. Сам былы міліцыянт нядаўна адсьвяткаваў срэбнае вясельле.
(Карэспандэнт: ) “Няўжо за дваццаць пяць гадоў сумеснага жыцьця ніразу не было канфліктнае сытуацыі?”
(Спадар: ) “Канфліктныя сытуацыі заўсёды могуць узьнікаць. Але, калі мы сапраўдныя мужчыны, трэба пазьбягаць абвастрэньняў. Усе мы жывыя людзі, ва ўсіх ёсьць нэрвы. Трэба адступіць крок назад, падумаць, што будзе заўтра з гэтага. І ўсё будзе добра”.
І нарэшце, адзін з маіх суразмоўцаў (цяпер пэнсіянэр) прызнаўся ў тым, што калісьці сам падымаў руку на жанчыну:
(Спадар: ) “Жонцы аплявуху даў — яна п’яная прыйшла. Гэты выпадак, у шэрагу з двума-трыма падобнымі, згадваю, як самы ганебны ў маім жыцьці”.