У Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе Міхаіла Лявонава завершыліся судовыя спрэчкі, і 25 лістапада апошняе слова было дадзенае абвінавачанаму. Экс-дырэктар Менскага трактарнага заводу і гэтым разам не прызнаў сябе вінаватым ні паводле аднаго са шматлікіх абвінавачаньняў. Ён абвінаваціў сьледчых пракуратуры ў фальшаваньні ягонай крымінальнай справы:
(Лявонаў: ) “Высокі суд! Абвінавачаньне, якое мне вылучанае, я лічу неабгрунтаваным і незаконным, яно сфальшаванае супраць мяне ад пачатку да канца”, — заявіў Лявонаў і далей усклаў на сваіх былых падначаленых адказнасьць за некаторыя парушэньні, якія сапраўды мелі месца на Менскім трактарным заводзе.
Паводле Лявонава, сьледчыя атрымалі загад скампрамэтаваць яго ў вачах людзей, а таксама наўмысна падалі непраўдзівую інфармацыю пра яго Аляксандру Лукашэнку. Далей Міхаіл Лявонаў нагадаў пра свае дасягненьні.
У прыватнасьці, экс-дырэктар згадаў становішча, якое склалася на МТЗ у 1995 годзе, калі ён узначаліў гэтае самае буйное ў краіне прадпрыемства. У той час, паводле Лявонава, прастойваў канвэер, было адключанае сьвятло, два месяцы не выплачваліся заробкі, доўг дзяржаве складаў некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Але за шэсьць наступных гадоў крызыс, паводле М.Лявонава, быў пераадолены: штогоду завод прадаваў на траціну трактараў болей і атрымаў паўмільярда даляраў прыбытку.
Паводле Міхаіла Лявонава, посьпех быў забясьпечаны ў тым ліку дзякуючы цэнавай палітыцы, якую ён выкарыстоўваў — падвышаў кошты на новыя мадэлі трактараў. Між тым, рынак патрабаваў якасных трактараў, і таму ён ня мог арыентавацца на танныя камплектныя, якасьць якіх была сумнеўная. Гэтым аргумэнтам былы дырэктар МТЗ паспрабаваў аспрэчыць высновы сьледчых, якія даказвалі, што ён нібыта атрымліваў хабар ад пастаўцоў дарагіх запчастак.
Лявонаў яшчэ раз паўтарыў, што нічога ня ведае пра грашовыя рахункі ў нямецкім і люксэмбурскім банках, на якіх нібыта былі назапашаныя амаль 20 мільёнаў даляраў хабару. Паводле сьледзтва, амаль 4 мільёны з гэтых грошай паступілі ў 2002 годзе, калі Лявонаў быў ужо арыштаваны. Паводле Лявонава, гэта ёсьць найлепшым доказам фальшаваньня справы.
Сваю прамову былы дырэктар МТЗ зачытваў да канца дня. Цяпер апошняе слова засталося за судом. Паводле адвакатаў Міхаіла Лявонава, суду можа спатрэбіцца некалькі тыдняў для падрыхтоўкі прысуду. Гэта тлумачыцца надзвычай вялікім памерам крымінальнай справы.