Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

25 лістапада ў Беларусі традыцыйна адзначалі Івана Міласьцівага. Як заўважае этнограф Уладзімер Васілевіч, ва ўгоду гэтаму сьвятому ў гэты дзень на Палесьсі стараліся з кім-небудзь хоць чымсьці падзяліцца, што маеш, пазычыць, падараваць.

25 лістапада 1920 году працягваецца разгортваньне Слуцкага антыбальшавіцкага паўстаньня. У гэты дзень у мястэчку Семежава, куды пераехала Рада паўстанцаў, на цэнтральным пляцы праходзіць парад беларускіх аддзелаў. Праз два дні яны ўступяць у бой з бальшавікамі.

Біяграфічныя даты.

25 лістапада 1714 году пад Наваградкам нарадзіўся беларускі архітэктар Тамаш Жаброўскі. Ён вучыўся ў Вільні, Вене і Празе, працаваў выкладчыкам у Полацку. Сярод ягоных працаў: касьцёл у Бабруйску і калегіюм у Жодзішках на Смаргоншчыне, а таксама касьцёлы і калегіюмы ў Вільні і Полацку.

28 лістапада 1884 году нарадзіўся беларускі пэйзажыст, заслужаны дзяяч мастацтваў Уладзімер Кудрэвіч. Сёньня ж спаўняецца 95 гадоў яшчэ аднаму мастаку – Анатолю Волкаву, які найбольш вядомы сваімі ілюстрацыямі да клясыкі беларускае літаратуры і сатырычнымі малюнкамі ў часопісе “Вожык”.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 25 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня італьянскага драматурга і паэта Лопэ дэ Вэгу, нямецкага інжынэра і прамыслоўца Карла Бэнца, які стварыў першы аўтамабіль, і чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта.

А яшчэ дзень 25 лістапада ўвайшоў у сусьветную гісторыю наступнымі падзеямі. У 1794 годзе параненага лідэра антырасейскага паўстаньня на землях Рэчы Паспалітай Тадэвуша Касьцюшку дастаўляюць у Пецярбург. Каля двух гадоў ён правядзе ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, а пасьля вызваленьня выедзе ў ЗША.

У 1867 годзе швэдзкі вынаходнік Альфрэд Нобэль патэнтуе сваю галоўную прыдумку – дынаміт.

У 1970 годзе робіць сабе харакіры культавы пісьменьнік сучаснасьці і адзін з найбольш вядомых літаратараў пасьляваеннай Японіі Юкія Місіма.

А 25 лістапада 2000 году галяндзкі парлямэнт упершыню ў сьвеце легалізуе эўтаназію – штучнае ўмярцьвеньне невылечна хворых людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG