Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ КІНУЛІ СОТНІ МІЛІЦЫЯНТАЎ НА ПАДЛЕТКАЎ

Любоў Лунёва, Менск

Затрыманьні пачаліся яшчэ да пачатку акцыі. Некалькі чалавек міліцыянты прэвэнтыўна затрымалі ля трамвайнага прыпынку. Іх пасадзілі ў аўтобус і праз гадзіну адвезьлі ў аддзел міліцыі Савецкага раёну. Студэнтка коледжу Юля была сярод затрыманых.

(Юля: ) “Мы нават не дайшлі. Да нас падыйшлі два чалавекі ў цывільным. Яны казалі нам, што мы падобныя на злачынцаў. Канечне, мы не хацелі ісьці, бо мы чакалі сваіх знаёмых. Паўтары гадзіны трымалі, нават бацькам не патэлефанавалі. Бел-чырвона-белая стужачка не спадабалася! Казалі, каб я яе зьняла. Я, натуральна, адмовілася, бо я яе заўсёды нашу і здымаць не зьбіраюся.”

На плошчы Якуба Коласа апрача маладафронтаўцаў было некалькі дзясяткаў міліцыянтаў у форме і прыкладна столькі ж у цывільным. Калі Зьміцер Дашкевіч са сваімі паплечнікамі зьвярнуліся да прысутных, міліцыянты акружылі ўсіх жывым ланцугом.

(Дашкевіч: ) “Трэба ўзгадаць місію Расеі ў гэтым рэфэрэндуме, калі сюды прыехалі Селязьнёў з Прымаковым, дапамагаючы яго правесьці. Хто Лукашэнку зараз будзе дапамагаць – невядома. Магчыма, Туркмэн-башы, які прыедзе сюды, каб перадаць свой досьвед пажыццёвага праўленьня. Сябры, Беларусь гэта не Туркменія. Скажам разам: “Мы супраць трэцяга рэфэрэндуму ў Беларусі! Мы супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі!” Жыве Беларусь!”

Маладафронтаўцы абвясьцілі, што пойдуць па праспэкце Скарыны і крочылі літаральна некалькі мэтраў ў бок плошчы Перамогі. Насустрач ім выбеглі амонаўцы. Яны хапалі кожнага, хто трапляўся ім на шляху. Некаторых нават павалілі на зямлю, а потым цягнулі ў аўтобус і “варанкі”.

Пасьля гэтага пачалася так званая “зачыстка”. Яўген Скочка паведаміў міліцыянтам, што на акцыі ён прысутнічае ў якасьці журналіста і нават паказаў пасьведчаньне. Яўген намесьнік лідэра Маладога Фронту. На ягоную думку ўлады прадэманстравалі страх, выкліканы падзеямі ў Грузіі.

(Скочка: ) “Улады папросту ўстроілі гістэрыю з-за Грузіі, напэўна. Баяцца любой масавай акцыі. Ну, а тым больш супраць рэфэрэндуму. Як гэта так? Лукашэнка ня пойдзе на трэці тэрмін? Тады іх улада скончыцца, і яны будуць пакараныя за свае злачынствы. Вось яны і баяцца. Гэта і ёсьць тая самая гістэрыя.”

Яўгена Скочку затрымалі на загад намесьніка кіраўніка Савецкага РУУС’у Яўгена Гуранкова. Спадара Скочку трымалі каля трох гадзінаў у пастарунку, але потым адпусьцілі.

На плошчы Якуба Коласа міліцыянты затрымалі Аксану Новікаву, якая мае ўмоўнае пакараньне паводле артыкулу за паклёп на прэзыдэнта. Аксана мае маленькую дачку, а паводле дзейнага заканадаўства такіх маці не маюць права трымаць у пастарунку больш за гадзіну.

Пакуль зь дзяжурнай часткі міліцыі пачалі выпускаць толькі непаўнагадовых.
XS
SM
MD
LG