Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЭРЭНЦЫЯ З УДЗЕЛАМ ПРАДСТАЎНІКОЎ МІЖНАРОДНАГА ПРАФСАЮЗНАГА РУХУ


Галіна Абакунчык, Менск

Прадстаўнікі замежных прафсаюзаў заклікалі ўлады Беларусі захоўваць асноўныя прынцыпы дэмакратыі й свабоды, а таксама спыніць перасьлед незалежных прафсаюзаў.

У вітальным слове да ўдзельнікаў канфэрэнцыі прадстаўнікі буйных прафсаюзных карпарацыяў адзначалі, што міжнародная супольнасьць вельмі заклапочаная праблемай парушэньня правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Яны гэтаксама віталі нядаўняе рашэньне Міжнароднай арганізацыі працы аб стварэньні адмысловай камісіі ў справе Беларусі. Прадстаўнік гэтай арганізацыі ў краінах СНД Стэн Пэтэрсан зачытаў рэзалюцыю МАП, а ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што арганізацыя выказвае пратэст супраць дзеяньняў уладаў Беларусі, накіраваных на забарону на тэрыторыі краіны праектнай дзенасьці МАП. Гаворыць Стэн Пэтэрсан:

(Пэтэрсан: ) “Адправілі ноту пратэсту беларускім уладам, каб яны пераглядзелі гэтае рашэньне. Бо мы лічым, што мы маем права працаваць тут, падтрымліваць прафсаюзы, каб яны маглі стаць яшчэ больш моцнымі ў справе разьвіцьця беларускага грамадзтва. Цяпер чакаем рэакцыі ад ураду”.

“Мы патрабуем ня санкцыяў супраць беларускага народу, а каб урад краіны працаваў паводле міжнародных нормаў і захоўваў правы чалавека”, — заявіў у сваім выступе намесьнік генэральнага сакратара Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Жазэ Алівія. Менавіта з гэтай мэтай — заклікаць міжнародную прафсаюзную супольнасьць на абарону правоў працоўных у Беларусі, і праводзілася сёньняшняя канфэрэнцыя, — кажуць яе арганізатары. Паводле аднаго зь іх, Аляксандра Ярашука, уладам краіны цяпер будзе цяжэй хаваць праўду пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі. Гаворыць Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Ідзе размова сьляпога з глухім, маючы на ўвазе адносіны незалежных прафсаюзаў з улададмі. І застаецца толькі спадзявацца, што паколькі ліміт патрабаваньняў з боку міжнароднай супольнасьці вычарпаны, то ўрэшце і да іх дойдзе: так парушаць правы прафсаюзаў, правы чалавека, нельга”.

Удзельнікі канфэрэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой яшчэ раз заклікалі ўлады Беларусі выконваць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы і спыніць парушэньне правоў прафсаюзаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG