Заснаваная газэта ў Лідзе, але апошнія паўгоду робіцца для мастоўскіх чытачоў. У Мастах жыве і сам рэдактар Язэп Палубятка. Паводле яго, у пятніцу падрыхтаваны нумар завезьлі ў лідзкую друкарню, але ўвечары стала вядома, што наклад не надрукаваны.
(Палубятка: ) “Яны патэлефанавалі заснавальніку газэты Прушковай і сказалі, што дамова несапраўдная, таму не друкавалі накладу. Хоць можна было, згодна з дамовай, папярэдзіць аб гэтым. Тым болей, сем месяцаў газэта выходзіла”.
Дамову з друкарняй падпісваў намесьнік рэдактара Станіслаў Суднік, які жыве ў Лідзе. Ён ня схільны пакуль драматызаваць сытуацыю. Паміж газэтамі і друкарнямі, лічыць ён, раз-пораз узьнікаюць непаразуменьні. Праўда, некалькі разоў рэдакцыя атрымлівала закіды з боку абласнога упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі — пераважна за згадваньне гэтак званых незарэгістраваных арганізацыяў: напрыклад, мастоўскай і луньненскай суполак Таварыства беларускай мовы і мясцовай арганізацыі БНФ, якія не прайшлі рэгістрацыі.
Згодна з рэдакцыйным пасьведчаньнем, “Тэлескоп” можа распаўсюджвацца па ўсёй Гарадзенскай вобласьці, мае наклад адну тысячу асобнікаў. Газэта за паўгоду прыдбала больш за шэсьцьсот падпісчыкаў. Нумар, які своечасова не надрукавалі, быў трыццаты.