Апазыцыйная кааліцыя “Пяцёрка-плюс” накіравала ў Тбілісі віншаваньне народу Грузіі, які стварыў на постсавецкай прасторы прэцэдэнт пасьпяховага адстойваньня вынікаў выбараў. Адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Анатоль Лябедзька асабіста знаёмы зь цяперашнім часовым кіраўніком Грузіі Ніно Бурджанадзэ, на працягу апошніх чатырох гадоў ён сустракаўся зь ёю на сэсіях ПА АБСЭ. Акрамя таго, Ніно Бурджанадзэ наведвала Беларусь у складзе дэлегацыі гэтай асамблеі.
(Лябедзька: ) “Трэба падкрэсьліць, што падчас дыскусіяў па беларускім пытаньню Ніно Бурджанадзэ заўсёды займала вельмі-вельмі празрыстую зразумелую пазыцыю — яна падтрымлівала дэмакратыю ў Беларусі. Я думаю, што Аляксандру Лукашэнку, калі Ніно Бурджанадзэ будзе ці выконваць абавязкі прэзыдэнта ці, мажліва, будзе балятавацца і будзе абраная, будзе вельмі складана, таму што гэты чалавек змагаўся якраз супраць таго ж, што на сёньняшні дзень уяўляе беларускі рэжым. І гэта азначае прынцыповыя, стратэгічныя разыходжаньні. Фактычна для Лукашэнкі падзеі ў Грузіі — гэта вельмі нэгатыўны факт”.
Анатоль Лябедзька пры гэтым зазначае, што і пры Шэварднадзэ ў адносінах з Грузіяй у А.Лукашэнкі не было асаблівых посьпехаў, і ў Шэварднадзэ было даволі стрыманае стаўленьне да беларускага кіраўніка, які так і не пабываў зь візытам у Тбілісі. Больш за тое, падчас аднаго з самітаў СНД паміж Шэварднадзэ і Лукашэнкам узьнік канфлікт наконт прапановы Грузіі ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Абхазіі, — прыгадвае былы супрацоўнік прэсавай службы СНД Яўген Гарэлік:
(Гарэлік: ) “Добра памятаю, што гэта было ў Маскве, і наш Лукашэнка так выступіў, што вы, маўляў, прымаеце захады супраць абхаскага народу, Ардзынба пражыве, будзе есьці і піць незалежна ад таго, будзе гандляваць зь ім Беларусь ці не, але пашкадуйце абхаскі народ, ён ні ў чым не вінаваты. І Лукашэнка тады не падпісаў гэтага дакумэнту. Гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю Шэварднадзэ, ён нешта буркнуў, што — я дакладна ня памятаю”.
Сам Аляксандар Лукашэнка пакуль ніяк не пракамэнтаваў падзеяў у Грузіі. З афіцыйных асобаў Беларусі гэта зрабіў пакуль што толькі прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:
(Савіных: ) “Мы спадзяёмся, што палітычныя і грамадзкія колы Грузіі здолеюць знайсьці выйсьце з гэтай складанай сытуацыі ў рамках дзейнага заканадаўства і на грунце згоды і прымірэньня. Мы таксама выказваем упэўненасьць, што народ і палітычная эліта Грузіі здолеюць папярэдзіць любыя спробы выкарыстаць гвалт для дэстабілізацыі абстаноўкі”, — зазначыў А.Савіных.
Афіцыйныя беларускія СМІ гавораць пра падзеі ў Грузіі, як пра пераварот і прадказваюць хуткі эканамічны каляпс. А вядучы перадачы БТ “У цэнтры ўвагі” Юры Пракопаў з нагоды грузінскіх падзеяў заявіў:
(Пракопаў: ) “Такі ж сцэнар зьмены ўлады рыхтаваўся і на выбарах 2001 году ў Беларусі. Усё ішло да гэтага: апазыцыя пагражала вывесьці тысячы людзей на вуліцы, абвінавачвала ўлады ў фальсыфікацыях, вінаватасьці ў гібелі людзей. На шчасьце, рэвалюцыі ў нас не адбылося”.
Паралеляў БТ не падзяляе былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч:
(Шушкевіч: ) “Ніякай тут аналёгіі праводзіць нельга, таму што там на працягу доўгага часу не было адшукана шляху рэфармаваньня Грузіі, ён зайграваў з амэрыканцамі, і фактычна Шэварднадзэ ўсё рабіў, каб захаваць уладу. У гэтым ёсьць пэўная аналёгія. Але хачу сказаць, што ў Грузіі ў адозьненьне ад Беларусі ёсьць сыстэмная апазыцыя, апазыцыя ў парлямэнце. Ёсьць заканадаўства, якое дазваляе гэтай апазыцыі існаваць… Іншая пазыцыя ў тым, што Расея не магла так сябе паводзіць у Грузіі, як у Беларусі, не прыяжджалі туды ні Жырыноўскі, ні Зюганаў, ні Лужкоў, і не агітавалі. У яўным выглядзе ў Грузіі ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы не было”.
(Карэспандэнт: ) “А ці лічыце вы, што магчымая падобная аксамітная рэвалюцыя ў Беларусі ў нейкай пэрспэктыве?”
(Шушкевіч: ) “Каб арганізаваць такое супрацьстаяньне, трэба мець доступ да мас-мэдыяў, чаго ў нас няма, у тым ліку да электронных СМІ, трэба, каб была сыстэмная апазыцыя, чаго ў нас няма. Таму ў нас іншыя ўмовы, і дзейнічаць мы будзем іншым шляхам”.
Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што цяпер можа вырасьці значэньне Грузіі ў рамках СНД як прыкладу пазытыўных эканамічных і дэмакратычных пераўтварэньняў.