Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ СТВОРАНЫ “ЗЬВЯЗ НА КАРЫСЬЦЬ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле прадстаўнікоў “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі”, гэтая арганізацыя была заснаваная з ініцыятывы перадусім маладых палякаў – студэнтаў, якія занепакоеныя сытуацыяй у суседняй краіне. Цяпер ў гэты зьвяз уваходзяць некалькі дзясяткаў сябраў і іхная колькасьць увесь час расьце. Гаворыць сябра зьвязу Віталь Лоцманаў.

(Лоцманаў: ) “Мы, як тутэйшыя беларусы, падтрымалі ініцыятыву палякаў. Галоўная мэта зьвязу – інфармаваньне польскага грамадзтва пра нездаровую палітычную сытуацыю, якая цяпер склалася ў Беларусі. Праз сваю працу мы хочам дамагчыся, каб польскі ўрад нарэшце зьвярнуў увагу на праблемы беларускага народу ды дамагаўся ад беларускага кіраўніцтва выкананьня міжнароднага заканадаўства што да правоў чалавека і свабоды слова.”

Хаця зьвяз паўстаў зусім нядаўна і пакуль яшэ толькі праходзіць рэгістрацыю ў адпаведных дзяржаўных органах, ягоныя сябры ўжо пасьпелі наладзіць у Варшаве масавую акцыю “Калі ў Беларусі дэмакратыя, дык чаму мы закрываем твары”.

У гадавіну кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту, што афіцыйна адзначаецца ў Беларусі і цяпер, у цэнтры польскай сталіцы сабраліся некалькі дзясяткаў маладых людзей. Распавядае сябра зьвязу Антось Цялежнікаў.

(Цялежнікаў: ) “Гэта была сымбалічная акцыя. Мы хацелі нагадаць, што ў Беларусі дагэтуль існуе дыктатура і парушаюцца правы чалавека. Таму некаторыя ўдзельнікі акцыі мелі на тварах маскі. Мы трымалі плякаты, бел-чырвона-белыя сьцягі. Ад акцыі засталіся вельмі добрыя ўражаньні, бо палякі вельмі пазытыўна да нас ставіліся. Некаторыя нават выходілі з транспарту, каб падысьці да нас. Акцыя скончылася каля амбасады Беларусі – мы перадалі туды пэтыцыю.”

Паводле ягоных словаў, цяпер “Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі”, акрамя рэгістрацыі, займаецца пашырэньнем кантактаў зь беларускімі арганізацыямі ў Эўропе, а таксама падрыхтоўкай канфэрэнцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце, якая будзе прысьвечаная палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Зь дзейнасьцю Зьвязу можна пазнаёміцца на вэб-старонцы гэтай арганізацыі: http://www.republika.pl/demokracja/
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG