Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ УСТАНОЎЧЫ ЗЬЕЗД НОВАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ ПАРТЫІ — СВАБОДЫ І ПРАГРЭСУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ва ўстаноўчым зьезьдзе лібэральнай Партыі свабоды й прагрэсу ўдзельнічалі 99 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Сярэдні узрост удзельнікаў зьезду быў ня большы за 24–25 гадоў. Старшыня аргкамітэту зьезду Ўладзімер Навасяд так патлумачыў, чаму ў Беларусі зьявілася патрэба ў стварэньні новай партыі лібэральнага кірунку:

(Навасяд: ) “На сёньняшні дзень у палітычным спэктры Беларусі няма лібэральнай партыі. Ёсьць АГП, якая ёсьць сябрам аб’яднаньня кансэрватыўных партыяў Эўропы, а ЛДПБ я не лічу лібэральнай партыяй. Таму цяпер ёсьць неабходнасьць у стварэньні лібэральнай партыі, каб сыстэмна працаваць у Беларусі. На сёньня сувэрэнітэт стаў ужо фактам, асабліва калі мы бачым гэтыя інтэграцыйныя беларуска-расейскія працэсы. Трэба пераходзіць на сыстэмную працу ў Беларусі, каб умацаваць сувэрэнітэт, каб Беларусь мела шанец разьвівацца далей у эўрапейскім кірунку”.

Галоўныя каштоўнасьці новай партыі традыцыйныя для лібэралаў — гэта свабода асобы і недатыкальнасьць яе ўласнасьці. Партыя свабоды і прагрэсу выступае за шырокія рынкавыя рэформы і дэмакратызацыю беларускага грамадзтва. У сваёй праграмнай прамове Ўладзімер Навасяд адзначыў, што цяпер толькі лібэральная палітычная плятформа мае ў Беларусі найбольшы патэнцыял для вырашэньня тых задачаў, што стаяць перад краінай.

На зьезьдзе прысутнічалі госьці з партыі жанчын “Надзея”, сацыял-дэмакратычнай “Народнай грамады”, а таксама прадстаўнікі лібэральных партыяў Швэцыі, Даніі й Сэрбіі. Вось што сказала дэпутат парлямэнту Швэцыі і сяброўка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Сэсылія Вікстром:

(Вікстром: ) “Сёньня сапраўды гістарычны дзень, бо сёньня вы даяце беларускаму народу новы шанец. Шанец на лібэральныя зьмены напярэдадні будучых выбараў”.

Многія з выступоўцаў на ўстаноўчым зьезьдзе падкрэсьлівалі, што яны самая маладая партыя ў Эўропе, можа быць, нават і ў сьвеце. Пры гэтым ніхто з дэлегатаў зьезду не карыстаўся беларускай мовай. Партыя створаная на базе моладзевай арганізацыі “Грамадзянскі форум”, якім кіруе Ўладзімер Навасяд. У яе таксама ўвайшлі й некаторыя асобы, якія дагэтуль былі беспартыйныя. Паводле спадара Навасяда, гэта зроблена дзеля таго, каб ніхто ня мог абвінаваціць арганізатараў зьезду ў перацягваньні да сябе сяброў іншых партыяў і разбурэньні дэмакратычнага руху.

Уладзімер Навасяд абраны на старшыню партыі адзінагалосна. На ягоную думку, цяпер галоўнай задачай ёсьць прайсьці рэгістрацыю ў Мінюсьце, наладзіць супрацоўніцтва з замежнымі партнэрамі, а таксама падрыхтавацца да будучых выбараў у Палату прадстаўнікоў. Кіраўніцтва партыі пакуль не зьбіраецца далучацца да нейкіх палітычных альянсаў. Уладзімер Навасяд таксама пакуль ня ведае, ці будзе Партыя свабоды і прагрэсу апазыцыйнай, ці будзе канструктыўна супрацоўнічаць з уладай. Паводле спадара Навасяда, гэта будзе залежаць ад канкрэтнай палітычнай сытуацыі.

Старшыні партыі 35 гадоў, і ў публічнай палітыцы ён з 1991 году. У 1995 годзе быў абраны ў Вярхоўны Савет. Уладзімер Навасяд быў сябрам фракцыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2000 годзе насуперак партыйнаму рашэньню балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў і выйграў выбары. Фармальна шэрагі АГП Навасяд пакінуў два тыдні таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG