Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі студэнцкі партал www.studenty.org, архітэктурныя адметнасьці Беларусі ў Сеціве.


Віталь Цыганкоў, Прага

(Цыганкоў: ) “17 лістапада, у міжнародны дзень студэнта, у беларускім Сеціве зьявіўся новы сайт – www.studenty.org. Аўтары новай старонкі называюць яе “інфармацыйным студэнцкім рэсурсам”, які мае намер стаць парталам для ўсіх беларускіх студэнцкіх сайтаў. Пра гэтыя амбіцыйныя пляны, пра заданьне і місію студэнцкага рэсурсу распавядае адзін з аўтараў старонкі Юры Сідун:

(Cідун: ) “Мэта сайту, як мы яе зараз сфармулявалі - аб'яднаць беларускіх студэнтаў вакол іхніх зацікаўленьняў і праблемаў праз стварэньне незалежнай крыніцы інфармацыі і зручнага месца, дзе б студэнты маглі выказваць свае думкі і праводзіць дыскусіі на розныя студэнцкія тэмы. Іншая сур'ёзная задача -- падвысіць грамадзянскую актыўнасьць студэнтаў у абароне сваіх правоў праз стварэньне адкрытай базы ўсіх заканадаўчых актаў. На сайце ёсьць адмысловы аддзел "Скарбонка", дзе мы будзем вывешваць усе заканадаўчыя акты, датычныя студэнцтва, розныя законы, пастановы. Бо на самой справе такія дакумэнты даволі цяжка знайсьці недасьведчанаму чалавеку, які адмыслова не займаецца гэтымі пытаньнямі і ня ведае, на які сайт ісьці. А гэтак ён будзе ведаць, што існуе www.studenty.org, дзе ўсё гэта можна ўзяць. Таксама мы хочам паспрыяць разьвіцьцю студэнцкага інтэрнэту праз аб'яднаньне ўсіх студэнцкіх праектаў, розных лякальных сайтаў.

Мы зрэдку і вельмі асцьярожна назывем свой сайт парталам. Гэта азначае, што сапраўды ў нас вельмі шмат мэтаў і місіяў. Але галоўны назоў сайту -- "інфармацыйны студэнцкі рэсурс", таму на першай старонцы наведнік адразу бачыць навіны. Дзякуючы Задзіночаньню Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) ёсьць магчымасьць даваць гэтыя навіны праз свае крыніцы -- таму мы можам знаходзіць студэнцкія навіны ў кожным рэгіёне. Плюс да таго, карыстаючыся ўжо існуючымі ў Сеціве старонкамі, мы бярэм адтуль інфармацыю. Напрыклад, з вашага сайту, Радыё Свабода, - апошнім часам там, у сувязі са справай Казуліна, вельмі шмат навінаў, што датычаць студэнцтва.

Акрамя таго, на сайце ёсьць яшчэ форум. Менавіта гэтая ніша, я лічу, пакуль не занятая -- на студэнцкія тэмы студэнтам няма дзе паразмаўляць”.

(Цыганкоў: ) Я заўважыў, што часам вашыя форумы маюць даволі гарэзьлівы і вясёлы зьмест -- напрыклад, пра вузкія ложкі ў студэнцкіх інтэрнатах. Ці зьбіраецеся вы праводзіць мадэрацыю на форумах, ці вам здаецца, што такія тэмы павінны ажывіць сайт?

(Cідун: ) “Мадэрацыя, безумоўна, ёсьць - мы ўсё ж хочам, каб тэмы, якія мы пазначаем у разьдзелах форумаў, захоўваліся. Але сайт студэнцкі, таму размаўляць можна пра ўсё, што заўгодна. Мадэрацыя ж патрэбна толькі дзеля таго, каб не было сварак, абразаў, ды іншых падобных непрыемных рэчаў”.

(Цыганкоў: ) У вас даволі амбітныя пляны. Але ці ёсьць нейкі канкрэтны плян, як гэтыя намеры ўвасабляць у жыцьцё?

(Cідун: ) “Некаторыя разьдзелы сайту яшчэ нават ня створаныя. Мяркую, дзесьці празь месяц пачнем актыўную рэкляму ў інтэрнэце, створым сэрыю банэраў. Аднак нашая галоўная стаўка не на сеціва, а на тых студэнтаў, якія пакуль рэдка бываюць у Інтэрнэце. Мы будзем праводзіць рэклямную кампанію ў студэнцкіх асяродках, ва ўнівэрсытэтах, у інтэрнатах. Мяркую, што самы дзейсны, эфэктыўны спосаб, зь якога якраз і паўстаюць сталыя наведнікі -- гэта ўсё ж такі "з вуснаў у вусны". Сябры ЗБС будуць прадстаўляць гэты сайт, і такім чынам прыцягваць новых людзей. То бок мы арыентуемся не на выпадковага наведніка, а на чалавека, які зойдзе на сайт сьвядома, будзе ўдзельнічаць у форумах, пісаць на сайт навіны і гэтай далей”.

*****

(Цыганкоў: ) Наколькі актыўна рэпрэзэнтаваныя архітэктурныя адметнасьці Беларусі ў Сеціве? Ці проста знайсьці выяву больш ці менш вядомага помніка? Ці магчыма празь інтэрнэт скласьці цікавы турыстычны маршрут выходнага дня? Практыка сьведчыць, што аб'яву пра турыстычны маршрут па прыкметных мясьцінах Беларусі прасьцей знайсьці ў прыватных абвестках газэты "Наша Ніва", чым у буклеце звычайнае турыстычнае фірмы. Што да сеціва, краязнаўчыя сайты прыцягваюць увагу наведнікаў, але саміх старонак бракуе. Да такіх высноваў прыйшоў Севярын Квяткоўскі, які гутарыў з стваральнікам сайту "Беларусь знутры" Яўгенам Кардашам і прафэсійным турыстам Васілём Грынем:

(Квяткоўскі: ) “Вялікі дзякуй, за стварэньне сайта!", "Цудоўныя фотаздымкі, менавіта такой мне хацелася б паказаць нашу Беларусь", "Адзін зь найлепшых сайтаў, прысьвечаных Беларусі", "Дзякуй за сайт, на ім я знайшоў тое, што мне трэба" -- гэткімі і падобнымі запісамі поўніцца гасьцявая кніга сайту "Беларусь знутры". Пішуць найперш людзі з Амэрыкі, Нямеччыны, Ізраілю, Расеі, Аўстраліі і нават Японіі.

"Беларусь inside" -- "Беларусь знутры" стварыў мянчук, які трэці год жыве ў Каліфорніі, працуе ў славутай Сыліконавай даліне ў сфэры вэб-распрацовак. Клічуць стваральніка сайту Яўген Кардаш. Дарэчы, менавіта дзякуючы "Беларусі знутры" Яўген атрымаў запрашэньне на працу ў Сыліконавую даліну:

(Кардаш:) "Тут працаваў чалавек, якому была цікавая гісторыя Беларусі. Ён знайшоў мой сайт у інтэрнэце, і запытаў, ці жадаю я папрацаваць у Амэрыцы. Я згадзіўся, таму я тут".

Яўген падкрэсьлівае аматарскасьць свайго сайту, які пачынаўся ў канцы 1990-х як прыватны вэб-дзёньнік: з развагаў пра палітычныя ды пабытовыя падзеі і ўласныя адчуваньні аўтара:

(Кардаш:) "Я пісаў свае думкі, што мне цікава, і што мне не падабаецца. Што я бачыў вакол сябе, і пра людзей. Што ўсё гэта ня проста. І што людзі вакол, яны, мабыць, не такія, якімі я бы іх жадаў бачыць. Таму можа я і працую ў Каліфорні цяпер".

Зрэшты, разынка сайту "Беларусь знутры" -- фотаздымкі прыкметных мясьцінаў ды помнікаў краіны. А таксама спасылкі на турыстычныя маршруты па Беларусі.

Наведнікі сайту просяць разьмясьціць болей здымкаў сваіх родных мясьцінаў: хто Рэчыцы, хто Слоніма, хто Барысава. І нават такіх буйных цэнтраў архітэктурнае спадчыны, як Віцебск і Горадня:

(Кардаш:) "Я арыентуюся на суайчыньнікаў. У мяне ёсьць вэрсія на ангельскай мове, але няшмат. Толькі для таго, каб людзі, якія размаўляюць па-ангельску, маглі зразумець што гэта такое. Але ёсьць вельмі шмат людзей, якія нарадзіліся й вырасьлі ў Беларусі, і цяпер жывуць у Ізраілі, Канадзе, Штатах... Ім вельмі цікава. Яны пішуць, маўляў, давай яшчэ здымкаў".

Калі зьвярнуцца да практыкі суседзяў Беларусі, дык у Польшчы ці ня кожны, нават самы невялікі, адміністрацыйны цэнтар мае сваю інтэрнэт-старонку, дзе сярод іншага пазначаныя прыкметнасьці ваколіцаў.

Што да Беларусі, Васіль Грынь, супрацоўнік адной зь менскіх турыстычных фірмаў, а таксама кіраўнік Гістарычнага клюбу "Дыярыюш" на гістарычным факультэце Пэдунівэрсытэту імя Максіма Танка, мяркуе, што турыстычных сайтаў у беларускім сеціве большае, але сыстэмы як такой няма:

(Грынь:) "У нас усё абсалютна грунтуецца на прыватнай ініцыятыве. У інтэрнэце ёсьць аб Беларусі досыць багата інфармацыі, але сыстэмнага падыходу з боку дзяржавы няма. У іншых краінах сама дзяржава выступае тым органам, які сыстэматызуе, дае шляхі й накірункі для пошуку таго, ці іншага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG