Яны патрабуюць адмены рашэньня судовай калегіі Менскага гарадзкога суду аб спагнаньні з рэдакцыі “Народнай волі” 50 мільёнаў рулёў, а з Марыны Коктыш і Элеаноры Язерскай па 3 мільёны рублёў на карысьць старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова.
У скарзе на імя старшыні Менскага гарадзкога суду рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч адзначае, што прызначаная судом сума кампэнсацыі не адпавядае маральным пакутам, якія пацярпеў у выніку публікацыі старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў. Кіраўнік цэнтру прававой дапамогі СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў ня можа прыгадаць выпадку, каб суд прызначыў такую высокую суму матэрыяльнай кампэнсацыі за маральныя страты.
(Пастухоў: ) “Можна параўнаць гэтую суму з тымі патрабаваньнямі бацькоў дзяцей, якія загінулі на Нямізе. Яны патрабавалі ад уладаў кампэнсаваць шкоду ад страты блізкіх у суме, эквівалентнай 55 тысячам даляраў ЗША. У дадзеным выпадку шкода, нанесеная гонару й годнасьці Рыбакова, атрымліваецца напалову меншая за гэтую непараўнальную страту”.
Пры гэтым, падкрэсьлівае Міхаіл Пастухоў, суд адхіліў патрабаваньні бацькоў загінулых на Нямізе. Што да магчымага рашэньня старшыні Менскага гарадзкога суду ў справе “Народнай волі”, то Міхаіл Пастухоў адзначае наступнае:
(Пастухоў: ) “Можна спадзявацца на тое, што, калі ня будзе прыняты пратэст старшынём Менгарсуду, то прынамсі ён павінен прыпыніць выкананьне судовага рашэньня на тэрмін, які будзе дастатковым для таго, каб сабраць гэтыя вялікія грошы й ахвяраваць іх Ягору Рыбакову”.
(Карэспандэнтка: ) “Але ж Менскі гарадзкі суд — гэта не апошняя інстанцыя”.
(Пастухоў: ) “Безумоўна, Менскі гарадзкі суд — гэта першая наглядная інстанцыя, потым можа быць Вярхоўны Суд Беларусі”, — паведаміў для Радыё Свабода кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ Міхаіл Пастухоў.
Дарэчы, праўленьне Беларускай асацыяцыі журналістаў гэтаксама лічыць рашэньне судзьдзяў Жупікавай, Цэсік і Глухоўскай неабгрунтаваным. БАЖ зьвяртаецца да кампэтэнтных службовых асобаў з заклікам апратэставаць у парадку нагляду гэтую пастанову Менгарсуду.
Галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч запэўніў Радыё Свабода, што нягледзячы ні на што, газэта ўсё роўна будзе выходзіць. Рэдакцыя зьвернецца да сваіх чытачоў па фінансавую дапамогу. Паводле Іосіфа Сярэдзіча, ён асабіста і супрацоўнікі газэты гатовыя ахвяраваць уласныя грошы ці маёмасьць, каб выплаціць штраф.
Я запыталася ў Марыны Коктыш, якім чынам яна здолее выплаціць Ягору Рыбакову прызначаныя ёй судом 3 мільёны рублёў?
(Коктыш: ) “Мой заробак — 234 тысячы рублёў, і безумоўна выплаціць паўтары тысячы даляраў — гэта проста немагчыма. Для мяне паўтары тысячы даляраў — гэта вельмі вялікія грошы, і дзе іх узяць, я ня ведаю. І ўвогуле, я не лічу сябе вінаватай ва ўсёй гэтай сытуацыі”.
Што да Элеаноры Язерскай, то яна пакуль ня хоча камэнтаваць сытуацыі. Але паводле Міхаіла Пастухова, калі рашэньне судовай калегіі Менскага гарадзкога суду застанецца ў сіле, то зь яе будуць вылічваць 50% пэнсіі, альбо канфіскуюць нешта з маёмасьці на суму 3 мільёны рублёў.
І яшчэ пра адну праблему “Народнай волі”. Сёлета ў верасьні ў газэце быў надрукаваны артыкул Аляксандра Сіліча “Выгнаньне” пра звальненьне дырэктара вясковай школы ў Ганцавіцкім раёне. І цяпер з нагоды гэтай публікацыі ў пракуратуру выклікаюць яе аўтара і галоўнага рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча.