Перш за ўсё трэба падкрэсьліць вельмі высокі ўзровень сустрэчаў Ірыны Красоўскай у Дзярждэпартамэнце, асабліва з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Рычардам Армітажам. Гэта асабліва паказальна пасьля нядаўніх піяраўскіх спробаў новапрызначанага амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова давесьці зацікаўленасьць беларускага боку да паляпшэньня адносінаў з ЗША.
Сярод іншых адказных асобаў міжнароднага ведамства ЗША, Ірына Красоўская сустрэлася з кіраўнікамі бюро Эўрапейскіх і эўразійскіх справаў Пфайфэрам і Тапліным і з памочнікам сакратара па глябальных дачыненьнях Полай Дабрыянскай.
Мэтай сустрэчаў Ірыны Красоўскай было нагадаць ураду ЗША пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і нагадаць беларускаму ўраду, што ЗША і надалей будуць пільна сачыць за зьнікненьнямі апазыцыянэраў ды іншымі парушэньнямі правоў чалавека.
Падчас усіх гэтых сустрэчаў Ірына Красоўская таксама ўздымала пытаньне хутчэйшага прыняцьця Кангрэсам ЗША “Акту пра дэмакратыю ў Беларусі”. Як паведаміла прэсавая служба Дзяржаўнага дэпартамэнту, у гутарцы з Рычардам Армітажам Ірына Красоўская прасіла ЗША працягваць дапамогу недзяржаўным дэмакратычным сілам ў Беларусі і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі ў справе правядзеньня рэформаў і незалежнага расьследаваньня па зьнікненьні яе мужа.
Намесьнік Дзяржсакратара паабяцаў поўную падтрымку руху за правы чалавека ў Беларусі і падкрэсьліў, што ЗША намераныя і надалей патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі поўнай адказнасьці за зьнікненьні апазыцыйных дзеячоў і рэпрэсіі.
У сваім выступе ў прэсавым цэнтры Радыё Свабода ў Вашынгтоне Ірына Красоўская сказала, што джэнтэльмэнская палітыка ЗША пакрокавага паляпшэньня адносінаў ня прынесла плёну.
(Красоўская: ) “Рэжым Лукашэнкі ўспрымае кожную саступку Захаду як дараваньне грахоў. З дыктатарамі трэба гаварыць з пазыцыі сілы, а не заходняй інтэлігентнасьці.”
Нягледзячы на дэклярацыі замежнага ведамтсва Беларусі пра намеры на паляпшэньне адносінаў, “рэальныя крокі паказваюць, што насамрэч яны не зьбіраюцца паляпшаць адносіны”. Сярод такіх рэальных крокаў Красоўская назвала масавае закрыцьцё апазыцыйных газэтаў і недзяржаўных арганізацый, увядзеньне дзяржаўнай ідэалёгіі, перакрыцьцё інфармацыйных каналаў, арышты і ціск на апазыцыю.
Ірына Красоўская таксама сказала, што “ЗША мусяць выкарыстаць усе магчымыя каналы, каб узмацніць ціск на рэжым, бо калі Лукашэнка ўсталюецца на трэйці прэзыдэнцкі тэрмін, гэта будзе пачатак пажыцьцёвага праўленьня і ўзмацненьня рэпрэсый”.
На пытаньне пра пэрсанальную адказнасьць Лукашэнкі за зьнікненьне дзеячоў апазыцыі Ірына Красоўская сказала, што ў сытуацыі, калі ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнта і калі прэзыдэнт уласнаручна вызваляе аднога з падазраваных у злачынстве, ягоная пэрсанальная адказнасьць непазьбежная.