Згодна з інфармацыяй найвышэйшага камісара ААН у справах уцекачоў, Расейская Фэдэрацыя абышла такіх “традыцыйных” лідэраў, як Ірак і Аўганістан, і стала найбольшай у сьвеце крыніцаю ўцекачоў, якія шукаюць сталага прытулку ў краінах Эўрапейскага Зьвязу.
Дэталі сытуацыі ў інтэрвію нашаму радыё падаў прадстаўнік эўрапейскага бюро Упраўленьня найвышэйшага камісара ААН у справах уцекачоў Дыдэрык Крамэрз:
(Крамэрз: ) “Мы бачым, што за першыя тры кварталы 2002 году ад расейскіх грамадзянаў паступіла 14 107 заяваў на атрыманьне прытулку. А сёлета за той самы пэрыяд часу, ад студзеня да верасьня, паступіла 23 465 заяваў. Бачым рост на 66%”.
Зьвесткі Ўпраўленьня найвышэйшага камісара ААН не ўключаюць колькасьці эмігрантаў у Вялікай Брытаніі – адной з найбольш жаданых для ўцекачоў эўрапейскай краіне. З улікам брытанскіх уцекачоў колькасьць расейскіх грамадзянаў, што зьвярнуліся сёлета з просьбаю аб прытулку ў эўрапейскім сьвеце, можа быць блізкай да 25 тысяч.
Прычын эканамічнага характару недаволі, каб атрымаць прытулак у Эўропе, таму, як адзначыў Дыдэрык Крамэрз, пераважная бальшыня расейскіх прэтэндэнтаў на статус уцекача заяўляе, што іх нібыта перасьледуюць на бацькаўшчыне. Дыдэрык Крамэрз тлумачыць сытуацыю:
(Крамэрз: ) “Асновай для ўсёй міжнароднай сыстэмы абароны ўцекачоў застаецца адпаведная Канвэнцыя ад 1951 году, якая вызначае ўцекача як чалавека, што знаходзіцца па-за межамі сваёй краіны з прычыны перасьледаваньня, зьвязанага з прыналежнасьцю да пэўнай сацыяльнай групы, з палітычнымі перакананьнямі, выравызнаньнем, нацыянальнасьцю і г. д. Гэта строгія “крытэры”, як мы гэта называем”.
Сьведчаньні няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца праблемамі ўцекачоў, дазваляюць меркаваць, што бальшыня шукальнікаў прытулку паходзіць ці, прынамсі, заяўляе, што паходзіць з Чачэніі.
Скажам, такая краіна Эўразьвязу, як Аўстрыя, зазнала сёлета дзесяціразовае павелічэньне зваротаў ад грамадзянаў Расеі з просьбамі аб прытулку для іх, прычым большая частка заяўнікаў матывавала свае просьбы перасьледаваньнем з боку ўладаў у Чачэніі. Вось зьвесткі, якія падаў прадстаўнік аўстрыйскага Міністэрства замежных справаў Міхаэль Жырардзі:
(Жырардзі: ) “Сёлета, паводле стану на 31 кастрычніка, да нас зьвярнулася каля 6 000 прэтэндэнтаў на прытулак з Расейскай Фэдэрацыі, летась жа заяўнікаў з Расеі было менш за 700. Вось жа, відаць вялізарны рост колькасьці людзей з Расеі”.
Многія шукальнікі прытулку, якія сьпярша падаюць дакумэнты на знаходжаньне ў Аўстрыі, пераяжджаюць пасьля ў іншыя эўрапейскія краіны, дзе ёсьць лепей арганізаваныя асяродкі імігрантаў, напрыклад, у Нямеччыну. Але сёлета аж 62% з тых расейскіх грамадзянаў, што вырашалі юрыдычныя фармальнасьці ў Аўстрыі, засталіся там, аформіўшы права на сталае прыстанішча. Міхаэль Жырардзі працягвае:
(Жырардзі: ) “Бальшыня расейскіх грамадзянаў сапраўды мае прычыны, каб шукаць прытулку ў Аўстрыі. Гэта правільна, што яны едуць да нас, і, вядома ж, яны атрымаюць пэўную дапамогу, і большая частка зь іх атрымае таксама і прытулак”.
Але далёка ня ўсе эўрапейскія краіны падзяляюць такую палітыку “адчыненых дзьвярэй” у дачыненьні да расейскіх грамадзянаў. Эўразьвяз яшчэ толькі мае перайсьці да ўзгодненай іміграцыйнай палітыкі, а пакуль што паміж краінамі застаюцца вялікія адрозьненьні ў працэдурах, зьвязаных з атрыманьнем прытулку. Аказваецца, напрыклад, што ў Бэльгіі грамадзяне Расеі маюць прыкметна меншыя шанцы на прытулак, чымся ў згаданай вышэй Аўстрыі. Сёлета толькі 8 расяянаў атрымалі прытулак у Бэльгіі, і гэта пры тым, што кожны месяц звароты з просьбамі даць прытулак падае ў гэтай краіне ў сярэднім ад 80 да 100 расейскіх грамадзянаў.
Незалежна ад стратэгіі, якую кожная з краін Эўразьвязу выкарыстоўвае, каб даць рады з новым наплывам шукальнікаў прытулку з Расеі, праблема нарастае – усё цяжэй становіцца не заўважаць яе.