Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. ЛУКАШЭНКА ЗАГАДАЎ ПАДВЫСІЦЬ ДАБРАБЫТ НАРОДУ ЎДВАЯ ЗА ДВА ГАДЫ


Юры Сьвірко, Менск

Нарада на тэму кадравай працы адбываецца на тле нядаўняга скандальнага звальненьня Аляксандра Казуліна з пасады рэктара БДУ і прызначэньня на гэтае месца былога міністра адукацыі Васіля Стражава. Тым ня менш, Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Дзяржаўная кадравая палітыка — гэта не хаатычная дзейнасьць, яна вызначаецца строгімі нормамі й прынцыпамі”.

Нагадаем, спадара Стражава кіраўнік дзяржавы спачатку панізіў да пасады шэфа аднаго з інстытутаў пры БДУ, а цяпер падвысіў да рэктара галоўнага ўнівэрсытэту краіны.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, кадравая праца ў Беларусі вядзецца правільна:

(Лукашэнка: ) “Нашай краіне ўдалося пазьбегнуць таго клянавага прынцыпу пабудовы органаў улады. У нас адзін прынцып пабудовы гэтай улады й фармаваньня кіраўніцкага корпусу, падбору кадраў — гэта прафэсіяналізм”.

Праўда, сам жа Лукашэнка сказаў, што мае месца кіраўнічы снабізм, і зазначыў: “У шмат якіх кіраўнікоў адзін прынцып: я начальнік — ты дурань”. Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў пазьней дадаў: “У нас усе ведаюць, што за бязьдзеяньне могуць звольніць, а за дзеяньне — пасадзіць”. На думку Аляксандра Лукашэнкі, актуальным заданьнем застаецца вынішчэньне бюракратыі, пратэкцыянізму, хабарніцтва, карупцыі ды іншых парушэньняў закону.

Кіраўнік дзяржавы сфармуляваў на сэмінары яшчэ адно заданьне — да канца 2005 году ўдвая падвысіць узровень дабрабыту народу ў параўнаньні з 2000 годам. За гэты пэрыяд валавы ўнутраны прадукт мусіць павялічыцца на 40%. А ў параўнаньні з 1990 годам узровень беларускай эканомікі мае падвысіцца на чвэрць. “Дасягнуць гэтых мэтаў могуць толькі моцныя кіраўнікі”, — заявіў спадар Лукашэнка ды раскрытыкаваў урад, які, паводле ягонай ацэнкі, распрацаваў заніжаны прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2004 год і перакрэсьліў паказьнікі, зацьверджаныя на пяць гадоў так званым Усебеларускім народным сходам, які сам Лукашэнка называе зьездам: “Праграма пяцігодкі прынятая зьездам, і ніхто ня мае права яе перакрэсьліваць”.

Нагадаю, што перад выбарамі 2001 году Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, і гэта было зацьверджана згаданым сходам, што сярэдні заробак у Беларусі ў 2005 годзе складзе 250 даляраў на месяц. Пра гэтыя лічбы цяпер не казалі — замест гэтага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўжо выпрацаваныя “дакладныя ідэалягічныя арыенціры для дасягненьня пастаўленых сацыяльна-эканамічных мэтаў”. Ён дадаў, што “толькі канкрэтная дзейнасьць на карысьць краіны й народу дапаможа ідэям пераўтварыцца ў перакананьні людзей і супрацьстаяць далейшай інфармацыйнай экспансіі, якая праз шматлікія каналы зь лішкам укідваецца ў Беларусь нашымі нядобразычліўцамі”.

Вось як ацэньвае заявы спадара Лукашэнкі ягоны першы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) “Калі маляваць толькі на паперы, дык можа і адбыцца. А на самай справе ёсьць праблема, каб спыніць падзеньне жыцьцёвага ўзроўню, а не яго пад’ём. Вядома ж, гэта нерэальна – для гэтага нічога ня робіцца. У Маскву дасылаюць інфармацыю, што 140 даляраў у нас сярэдні заробак ужо ёсьць. Але ж калі паехаць у які-небудзь райцэнтар і спытаць, хто атрымоўвае 140 даляраў, дык гэта ж лічаныя людзі. Таму й 140 даляраў няма, і 250 – гэта нерэальна да 2005 году”.

Падчас нарады Аляксандар Лукашэнка таксама заклікаў скараціць колькасьць чыноўнікаў на 20–30%. Калі пры гэтым падвысіцца эфэктыўнасьць працы дзяржаўных органаў, тады можна будзе павялічыць заробак чыноўнікам удвая, але спачатку, сказаў Лукашэнка, трэба стварыць такую сытуацыю, каб народ правільна да гэтага паставіўся. Паводле зьвестак шэфа прэзыдэнцкай адміністрацыі, цяпер у Беларусі 58 тысяч 300 кіраўнікоў. На тысячу чалавек у Беларусі прыпадае 6 кіраўнікоў, а ў Расеі — 8, адзначыў Урал Латыпаў. Ён таксама распавёў, што сярэдні ўзрост беларускага кіраўніка — 49 гадоў, у апараце няма ніводнага прадстаўніка моладзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG