Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЦІ — ЧАСТЫЯ АХВЯРЫ СЭКСУАЛЬНЫХ ЗЛАЧЫНСТВАЎ

Любоў Лунёва, Менск

За апошнія пяць гадоў колькасьць сэксуальных злачынстваў супраць дзяцей і падлеткаў павялічылася ў дзясяткі разоў. Сытуацыя ў галіне сэксуальных злачынстваў прывяла да зьменаў адмысловых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

У новым кодэксе зьявіўся асобны раздзел, які прысьвечаны выключна сэксуальным злачынствам, у тым ліку супраць непаўнагадовых. Адной з прычынаў гэтай зьявы адмыслоўцы называюць распаўсюд дзіцячай прастытуцыі. Супрацоўнікі міліцыі адзначаюць, што, магчыма, менавіта з гэтае прычыны стала менш згвалтаваньняў, бо зьявілася альтэрнатыва — заплаціць 20 даляраў альбо сесьці за краты на пяць гадоў.

Але крымінальныя справы супраць некаторых настаўнікаў альбо людзей сталага ўзросту, якія вінаватыя ў распусных дзеяньнях у дачыненьні да малодшых школьнікаў, не адлюстроўваюць рэальнага становішча. Шмат сэксуальных злачынстваў адбываецца безь відавочцаў і сьведкаў. Даволі часта ў сем’ях айчым гвалціць прыёмную дачку. У такіх выпадках жонкі рэдка зьвяртаюцца ў праваахоўчыя органы. Апроч таго, шмат дзяўчынак, якія сталі ахвярамі згвалтаваньня, казалі, што іх згвалцілі стрыечныя браты. У гэтых выпадках сваякі таксама амаль ніколі не зьвяртаюцца ў міліцыю.

Праваабаронца Людміла Гразнова ведае пра такія выпадкі. Яна лічыць, што толькі бацькі могуць самі дапамагчы вырашыць гэтую праблему.

(Гразнова: ) “Тут некалькі прычынаў. Першая — матэрыяльная. Жанчыны залежаць ад мужчынаў. Яны баяцца страціць матэрыяльную дапамогу зь іх боку. Другая прычына культурная, гэта пэўнае табу. Дзяўчынкі баяліся агалошваньня. У нашым грамадзтве жанчына ведае, што ва ўсялякім выпадку будуць вінаваціць яе, а не злачынцу. Трэцяя прычына — супрацоўнікі праваахоўчых органаў даволі часта кажуць, што дзіця сябе паводзіла ня так, што кепска яго выхавалі, што хлопчык альбо дзяўчынка былі апранутыя даволі фрывольна. І чацьвертая — у нас ніколі не было такіх гучных судовых справаў, з прыкладамі, на ўсю краіну, як гэта цяпер у ЗША з Майклам Джэксанам”.

Згодна з заканадаўствам, судовыя справы пра сэксуальныя злачынствы з удзелам непаўнагадовых разглядаюцца за зачыненымі дзьвярыма. Інфармацыю пра іх даюць у прэсу толькі з дазволу бацькоў. Але паводле так званага “кодэксу зоны”, сэксуальных злачынцаў чакае незайздросны лёс у месцах пазбаўленьня волі. Нярэдкія выпадкі, калі злачынцаў, якія згвалцілі дзіця, там папросту забівалі.
XS
SM
MD
LG