Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЯГНІК З ГОРАДНІ Ў ПОЛЬШЧУ АДПРАЎЛЯЕЦЦА ПАЎПУСТЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На дзённы цягнік да Кузьніцы, які адпраўляецца а 14-й гадзіне, пасажыраў было няшмат — чалавек дваццаць. Тое ж самае я назіраў і ўчора. Вось меркаваньне на гэты конт адной з пасажырак:

(Спадарыня: ) “Кантроль узмацніўся на тым баку і на гэтым. Людзі не задаволеныя такім стаўленьнем да сябе, таму ня езьдзяць у Польшчу. Цыгарэтамі, як раней, цяпер не займаюцца, людзі перавозяць тавар”.

Другая пасажырка лічыць, што цягнік да Кузьніцы пусты ня ходзіць:

(Другая спадарыня: ) “Не, вы ведаеце, плыня ўсё адно вялікая. Папросту час яшчэ ня той, праз паўгадзіны колькасьць людзей яшчэ падвоіцца”.

Хаця пасажырка згаджаецца, што лічба ахвотных паехаць цягніком у Польшчу зьменшылася. Але большасьць працягвае езьдзіць, — гавораць абедзьве пасажыркі. Бо на заробак не пражывеш. Папросту стала больш небясьпечна правозіць традыцыйныя цыгарэты і сьпірт, маецца на ўвазе — звыш дазволенай нормы: блёк цыгарэтаў і літар гарэлкі ці сьпірту. Хаця ахвотныя рызыкаваць засталіся. Пра гэта мне сказаў мужчына, які стаяў у чарзе разам зь іншымі пасажырамі:

(Спадар: ) “Цяпер езьдзяць чалавек пяцьдзясят-семдзесят, бывае і сто. Футры вязуць, курткі. А назад польскія тавары — абутак, курткі таксама, кофты, шапкі”.

Можна сказаць, што цягнічок з трох вагонаў усё менш робіцца “сьпіртавозам”, як яго звычайна называлі раней. Гарадзенцы сталі больш займацца гандлем, напэўна, каб лішне не рызыкаваць польскай візай. У касе мне пацьвердзілі, што квіткі па-ранейшаму купляюць.

(Касірка: ) “Раніцай было многа людзей, паехала дзесьці сто пяцьдзесят пасажыраў. Вы ведаеце, гэта яшчэ залежыць ад зьмены, якая дзяжурыць у палякаў”.

З польскага боку ёсьць больш строгія мытнікі, а ёсьць больш лагодныя. Калі дзяжураць апошнія, колькасьць пасажыраў з Горадні рэзка павялічваецца. У цягніку, які прыйшоў удзень з Кузьніцы, прыехалі больш за семдзесят пасажыраў, амаль усе мелі вялікія цыратавыя торбы з таварам.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG