Дагэтуль Сяргей Атрошчанка экспэрымэнтаваў выключна ў межах краіны: адразу са штотыднёвікам “Свободные новости”, а цяпер з газэтай “Обозреватель”. Калегі прадпрымальніка на мэдыйным рынку ня лічаць гэтыя намеры сур’ёзнымі.
Сяргей Атрошчанка кажа, што ў ідэале хацеў бы стаць уладальнікам кантрольнага пакету акцыяў усяго голдынгу “Голінджэр інтэрнэшнл”, аднак пры пэўным раскладзе будзе задаволены і асобнымі выданьнямі — у прыватнасьці, знакамітай “Дэйлі тэлеграф”. І ніяк не сумняецца, што можа пасьпяхова канкураваць на мэдыйным рынку.
(Атрошчанка: ) “Інфармацыя пра тое, што голдынг можа быць выстаўлены на продаж, прайшла толькі ўчора. Таму будзе голдынг прадавацца цалкам, альбо газэты асобна — невядома. Голдынгу цяпер неабходна закрываць свае даўгі. У той жа час ёсьць абарот голдынгу — мільярд зь невялікім. Таму для дзелавога чалавека прыблізны кошт кантрольнага пакету зразумелы. Натуральна, хацелася б набыць усё, але будзе вялікая канкурэнцыя: ня выключана, што той жа Беразоўскі далучыцца. Могуць, натуральна, перакупіць, але спадзяюся, што газэты будуць прадавацца па частках. Мне ў гэтым сэнсе імпануе “Дэйлі тэлеграф” — і геаграфічна, і паводле пабудовы выданьня. Мае юрысты цяпер вылецелі на месца, дзе і будзе вывучацца сытуацыя. У падобных угодах заўсёды шмат пікантных нюансаў, і мае людзі канфідэнцыйна вывучаць усю сытуацыю”.
(Карэспандэнт: ) “Што яшчэ, апроч камэрцыйнага інтарэсу, вас цікавіць?”
(Атрошчанка: ) “Апроч дзелавога інтарэсу, натуральна, трэба адлюстроўваць інтарэсы краіны. Пра нас часта гавораць усялякія гадасьці, альбо проста людзі нічога ня ведаюць. А гэта гаворка ўсё ж пра міжнародны голдынг. У цэлым будзе добра і для мяне (паколькі мяне мэдыя-бізнэс цікавіць даўно), і ў краіны імідж зьменіцца — ня будуць глядзець на нас як на мужыкоў у лапцях”.
Заснавальнік і рэдактар шэрагу выданьняў, забароненых беларускімі ўладамі, Павал Жук, ініцыятыву Сяргея Атрошчанкі ўспрымае са скепсысам: маўляў, для міжнароднага рынку мас-мэдыяў гэта ня тая вагавая катэгорыя.
(Жук: ) “Калі насамрэч выкупіць “Дэйлі тэлеграф” і гэтак далей, то зразумела, што можна мець нядрэнны прыбытак. Але я нешта ня бачыў прозьвішча Атрошчанкі ў сьпісах “Форбс” як аднаго з багатых людзей сьвету. Вось Абрамовіча бачыў, а Атрошчанку — не. Ну, і адна справа фінансаваць газэту “Свободные новости” ці “Обозреватель”, чым ён цяпер займаецца, шыць прыстойную ніжнюю бялізну, і зусім іншае — змагацца за “Дэйлі тэлеграф”. Ён, канечне, можа набыць пару акцыяў, мо нават тысячу. Але я лічу, што гэта заява зробленая чыста дзеля таго, каб сябе агучыць на рынку прэсы”.
Сур’ёзнасьць намераў сталічнага бізнэсоўца вызначыцца ўжо заўтра, калі кампанія “Голінджэр інтэрнэшнл” будзе выстаўленая на таргі ў канадзкім Таронта.