Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ АДМОВЫ АД ПАЛЕНЬНЯ

Ганна Соусь, Менск

Міжнародны дзень адмовы ад паленьня адзначаецца ў сьвеце кожны трэці чацьвер лістапада. Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя штогоду ў сьвеце ад паленьня памірае каля 2 мільёнаў чалавек. Як паведамілі сёньня Радыё Свабода ў Рэспубліканскім цэнтры аховы здароўя, у Беларусі паліць кожны чацьверты жыхар старэйшы за 15 гадоў. 64% курцоў — мужчыны. Адметна, што 73% курцоў пачынаюць паліць да 17 гадоў.

Адмыслоўцы Рэспубліканскага цэнтру здароўя адзначаюць, што ў краіне пакуль яшчэ ня дзейнічае Канвэнцыя ў барацьбе з тытунём, распрацаваная Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя, якая забараняе рэкляму і спонсарства тытунёвых кампаніяў. Аднак жа ў краіне ўжо некалькі гадоў дзейнічае забарона на паленьне ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі і спорту, грамадзкага харчаваньня, а таксама ў памяшканьнях вакзалаў, падземных пераходаў, на станцыях мэтро і ў грамадзкім транспарце.

А як паставяцца беларусы да ідэі забараніць паленьне ва ўсіх грамадзкіх месцах? Каб высьветліць гэта, я накіравалася да студэнтаў філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту.

(Хлопец: ) “Прыкладам, калі паліць дарослы чалавек, дзеці бачаць гэта й думаюць, што калі яны будуць паліць, то стануць дарослымі. Мне падаецца, што трэба забараніць паленьне ў грамадзкіх месцах, каб малодшае пакаленьне не паліла”.

(Хлопец: ) “Адмоўна, таму што я сам палю. Як гэта забароняць? Я што, ня буду паліць?”

(Дзяўчына: ) “Ня ўсім прыемна, калі побач з вамі хтосьці паліць. Я думаю, што гэта таксама правіла этыкету”.

(Дзяўчына: ) “Гэта такая распаўсюджаная звычка. Даволі шмат студэнтаў паляць, і ня трэба забараняць гэта ўсё”.

(Дзяўчына: ) “Я — за. Можа, нават і штрафы за гэта браць. У Амэрыцы ўжо даўно гэта ўведзена, добра, каб і ў нас гэта ўвялі”.

(Дзяўчына: ) “Добра, калі адвядуць адмысловыя месцы для паленьня”.

(Хлопец: ) “Вельмі станоўча, бо я сам не палю. У грамадзкіх месцах шмат людзей, якія павінны дыхаць чыстым паветрам, у якіх няма цягі да нікатыну. І мабыць, правы тых, хто паліць, і тых, хто ня паліць, павінны быць роўныя”.

(Дзяўчына: ) “Я стаўлюся да гэтага станоўча, таму што нашае паветра і так вельмі забруджанае, і пасіўныя курцы вымушаныя пакутаваць ад тых, хто паліць. Іх лёгкія забруджваюцца, і гэта нэгатыўна ўплывае на іх здароўе”.

(Дзяўчына: ) “Не, навошта яго забараняць? Я думаю, што шмат людзей будзе супраць гэтага. А ўвогульле кідаць паліць трэба. Вось мы сёньня таксама вырашылі кінуць паліць”.

Дарэчы, на філялягічным факультэце БДУ забаронена паліць нават на прыступках ля ўваходу, курцы паляць у адмыслова адведзеным месцы ва ўнутраных дворыку ўнівэрсытэту.
XS
SM
MD
LG