Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІ ЛЁС ЧАКАЕ “СПАДЧЫНУ” АЛЯКСАНДРА КАЗУЛІНА?


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Казулін у якасьці рэктара прыйшоў у БДУ у 1996 годзе. Ягонае прызначэньне А. Лукашэнкам было не бясспрэчным. Але ўрэшце калектыў прыняў яго і на апошніх выбарах за яго галасавалі 94% Аб’яднанай рады БДУ. Унікальны факт – прызначэнцу А. Лукашэнкі ўдалося на пэўны час дабіцца самакіраваньня БДУ, хаця пазьней, калі пазыцыі спадара Казуліна пахіснуліся, самакіраваньне было зьліквідаванае.

Тым ня менш, былому рэктару ўдалося стварыць унікальную для Беларусі навучальную і гаспадарчую структуру, выкарыстоўваючы і дзяржаўную падтрымку, і міжнародныя сувязі, і ўласную ініцыятыву. Як калісьці першы рэктар БДУ Уладзімер Пічэта, спадар Казулін пэўны час быў сябрам ураду, а унівэрсытэт меў бюджэтнае фінансаваньне “асобным радком”, якое складала 30% ад усіх сродкаў, што накіроўваліся на ўсе ВНУ краіны.

За апошнія гады БДУ ператварыўся ў будаўнічую пляцоўку. Былі рэканструяваныя многія корпусы факультэтаў і інтэрнатаў, Ліцэй БДУ, спартовы комплекс. А інтэр’ерам і кабінэтам рэктарату зайздросьцілі нават урадоўцы. Большасьць выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ перакананыя ў выключных арганізатарскіх здольнасьцях Казуліна:

(Cупрацоўнік БДУ: ) “Ён вельмі добры гаспадарнік. Даволі шмат ім зроблена, і ён жа не для сябе рабіў гэта”.

Асобна трэба адзначыць міжнародныя сувязі БДУ, кантакты з Маскоўскім, Кіеўскім ды іншымі унівэрсытэтамі, намаганьні кіраўнітцва БДУ, каб ягоныя дыплёмы прызнаваліся ў Эўропе паводле Лісабонскай канвэнцыі. Менавіта пры БДУ быў створаны Цэнтар эўрапейскай дакумэнтацыі і інфармацыі. З наступнага году тут павінна пачаць працу аддзяленьне фундамэтальнай мэдыцыны Маскоўскага унівэрсытэту. Сёлета ўнівэрсытэту ўдалося адстаяць сваю прыёмную камісію, адмовіцца ад адзінага ўступнага экзамэну.

Сам Аляксандар Казулін разьлічвае, што шматлікія праекты, якія распачыналіся ў БДУ пры ім, будуць і далей рэалізоўвацца:

(Казулін: ) “У нас пляны ўсе разьлічаныя на працяглы пэрыяд часу, іх трэба рэалізоўваць, усё ўжо запушчана па поўнай праграме, усё знаходзіцца ў руху. І калі чалавеку, які прызначаны новым рэктарам, удасца ўсё гэта захаваць, набраныя абароты і тэмп, то ўсё будзе нармальна.”

Аляксандар Казулін кажа, што частка праектаў былі “завязаныя” на ягоную асобу, але адстаўка не павінна перашкодзіць іхнай рэалізацыі:

(Казулін: ) “Канечне ж, давалі пад асобу, але я заўсёды імкнуўся да таго, каб была справа, якая не зьвязаная з асобай, а была справа, зьвязаная з унівэрсытэтам, зь яго будучыняй”.

Але ж частка праектаў Аляксандра Казуліна ўжо зьнішчаная пад ціскам улады. Сярод ахвяраў – факультэт фундамэнтальнай і нетрадыцыйнай мэдыцыны, Міжнародны гуманітарны інстытут. Рэвізію новага кіраўніцтва чакае 17 унітарных навукова-вытворчых прадпрыемстваў БДУ, навукова-дасьледчых цэнтраў. Паводле некаторых зьвестак, гадавы абарот унітарных прадпрыемстваў БДУ складаў 40 мільёнаў даляраў. Можна адзначыць цяпер ўжо усім вядомы “Унідрагмет БДУ”, у сувязі зь якім Казуліна і вызвалілі ад пасады. Але ня менш пасьпяховае іншае прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ”, якое зарабляе каля 8 мільёнаў даляраў штогод. Што далей будзе з гэтай вялізнай гаспадарча-камэрцыйнай дзейнасьцю унівэрсытэту? Гаворыць новы рэктар БДУ Васіль Стражаў:

(Стражаў: ) “Сказаць адназначна, што гэта добра, я не магу, але і сказаць адназначна, што гэта дрэнна, таксама не магу. Я буду разьбірацца з кожным канкрэтным прадпрыемствам. Калі гэтае прадпрыемства рэальна ўключанае ў навучальны працэс, калі яно ня ёсьць проста сродкам для атрыманьня грошай, а мае адносіны да навуковай, навукова-тэхнічнай і творчай дзейнасьці выкладчыкаў самога ўнівэрсытэту, калі яно ўздымае якасьць адукацыі, тады яно можа існаваць. Калі ж яно само па сабе, то можа быць і асобна, яго можна акцыянаваць і мець там большасьць акцыяў.”

Спадар Стражаў кажа, што асаблівым клопатам для яго стануць і даўгабуды – будынкі журфаку, бібліятэкі, факультэту міжнародных адносінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG