Цераз год, у 1994 годзе, пабачыў сьвет другі том. Завяршыць шасьцітомнае фундамэнтальнае выданьне беларускіх гісторыкаў, аналягаў якому не было і няма на постсавецкай прасторы, меркавалася да 1998 году, аднак зрабілі гэта толькі цяпер.
Трэці том гістарычнае энцыкляпедыі выйшаў са значнай затрымкай. Зь ягонай вокладкі зьнікла “Пагоня”, а разам зь ёю зь пераліку сяброў рэдакцыйнае калегіі зьніклі і прозьвішчы самых выбітных дасьледнікаў айчыннае гісторыі – Міхася Біча, Анатоля Грыцкевіча, Міколы Ермаловіча, Уладзімера Конана, Віталя Скалабана, Георгія Штыхава.
Новыя тамы энцыкляпедыі пісалі і перапісвалі прыпрэзыдэнцкія гістарыёграфы. А ў выніку чытачы атрымалі неаб’ектыўную панараму гісторыі краіны. Гаворыць прафэсар Анатоль Грыцкевіч.
(Грыцкевіч: ) “Не надрукавана многае зь гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі альбо яна наагул ня згадваецца. Няма артыкулаў пра некаторых дзеячоў эміграцыі, пра некаторых дзеячоў пэрыяду 1918-20 гадоў, а таксама пэрыяду нямецкае акупацыі. Так што раней ці пазьней прыйдзецца штосьці дапісваць, штосьці дадавацць”.
Асабліва ўражвае незалежных гісторыкаў мэтадалягічны падыход да гістарычных падзеяў, пункт погляду на іх стваральнікаў энцыкляпэдыі.
(Грыцкевіч: ) “У энцыкляпэдыі ёсьць артыкулы ў былым агульнасаюзным стылі. Гэта значыць напісаныя з таго ж самага пункту гледжаньня, расейска-цэнтрыскага падыходу да гісторыі, нібыта Беларусь па-ранейшаму ў складзе Савецкага Саюзу, ці нават з такога погляду як быццам Беларусь – частка былой Расейскай імпэрыі і цяпер нават.”
Прафэсару Грыцкевічу рэдакцыя энцыкляпэдыі замовіла артыкул пра Слуцкае паўстаньне. Аднак, калі ён пабачыў свой тэкст, то вымушаны быў зьняць з подпісу сваё прозьвішча. І вось чаму.
(Грыцкевіч: ) “Выкрасьлена ўсё, што зьвязана зь незалежнасьцю Беларусі. Калі праводзілі зьезд Случчыны 14-15 лістапада 1920 году, то адной зь яго галоўных рэзалюцыяў быў заклік да жыхароў Слуцкага і іншых паветаў да паўстаньня за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Усё гэта выкрасьлена. Таму я вымушаны быў зьняць свой подпіс”.
Грубае ўмяшаньне цэнзуры ў навуковыя тэксты пазбавіла энцыкляпэдыю унівэрсалізму. Велізарная праца гісторыкаў прыстасаваная да ідэалягічных патрэбаў цяперашняе ўлады. Таму са зьменаю ўлады, напэўна, давядзецца перапісваць і выдадзеную ёю энцыкляпэдыю.