Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЖАН-ГАРАДОК


Зьміцер Бартосік, Кажан-Гарадок

“У мяне для Вас ёсьць радасная навіна,” – з усьмешкаю сказаў я. – “На Зямлі ўжо ёсьць месцы, дзе людзі мяса ядуць нажамі і відэльцамі.”

“Ды што Вы кажаце?” – прыняла буфэтчыца маю гульню. – “Можа і да нас дакаціцца такая мода?”

Пасьля гэткага дыялёгу я з нарастаючым хваляваньнем працягваў свой шлях углыб Лунінецкага раёну, у мястэчка Кажан-Гарадок. Але седзячы праз гадзіну за столікам адкрытай кавярні насупраць помніка архітэктуры пачатку 19-га стагодьдзя, Сьвята-Мікалаеўскай царквы, і папіваючы халоднае Рэчыцкае піва, я з радасьцю адзначаў, што правінцыя – гэта паняцьце зусім не геаграфічнае. Да мяне за столік падсеў мужчына гадоў сарака. Мы разгаварыліся.

(Бартосік: ) “Першы раз бачу вёску, каб былі столікі, халоднае піва, марозіва. Ці даўно тут зьявілася такая цывілізацыя?”

(Малады чалавек: ) “Зусім нядаўна зьявілася. Для людзей лепш. Пасядзець зь дзеткамі, паесьці марожанага, піражкоў, калі ёсьць вольная гадзіна.”

Як высьветлілася, мой суразмоўца Сяргей, адзін з гаспадароў гэтай гандлёвай “кропкі”. Бізнэс робіць разам з братам.

(Бартосік: ) “У вас адна гэтая кропка, ці яшчэ ёсьць?”

(Сяргей: ) “Дзьве.”

(Бартосік: ) “Дык з гэтага можна жыць нармальна?”

(Сяргей: ) “Хапае, каб заплаціць падаткі і тое-сёе застаецца сабе. Цяжка, канечне. У народа грошай няма. Калі заплацяць у калгасе зарплату, трохі ёсьць рух. А так – цішыня.

(Бартосік: ) “Ад усяе душы жадаю Вам посьпеху ў Вашай справе.”

(Сяргей: ) “Дзякуй.”

З выгляду Кажан-Гарадок мястэчка не малое і зусім не выглядае на закінуты жабрачы куток. Хапае тут і моцных мураванак, і замежных аўто па дварах. Ёсьць тут і крама, і кавярня, і цырульня, і школа, і нават дзіцячая школа мастацтваў. Мястэчка вельмі маляўнічае. Абкружанае сасновымі барамі. Надзвычай чыстая рэчка Цна падзяляе Кажан-Гарадок на дзьве часткі, Цэнтар і Майдан. Закінутых хатаў я не заўважыў нідзе. Малады кажан-гародзец, настаўнік Янка Каратыш, які нарадзіўся тут і нікуды зьбягаць не зьбіраецца, даволі дэтальна распавёў мне, як выжываюць тут людзі.

(Каратыш: ) “Асноўны від дзейнасьці ў нашай вёсцы – гэта сельская гаспадарка. Сельская гаспадарка не ў калгасе, бо ў калгасе малыя заробкі. Гэта каля 20 тысячаў у простага рабочага. У кіраўнікоў не намнога большая. Атрымлівацца, што калі трымаць у сваёй асабістай гаспадарцы дзьве каровы, адна можа пракарміць сям’ю. Гэта будзе сваё малако, масла, тварог. А астатняе калі здаваць, прадаваць, можна атрымаць каля ста тысячаў за месяц. Гэта можна параўнаць з заробкам настаўніка.”

***

З усіх маіх паездак па роднай краіне я вынес адну жалезную выснову. Самыя шчасьлівыя людзі ў Беларусі – гэта пэнсіянэры. Ня трэба быць вялікім празорцам, каб угадаць іхны адказ на пытаньне “Як жыцьцё?”. Пытаюся ў тутэйшых бабулек.

(Бартосік: ) “Як жыцьцё цяпер у вас?”

(Бабулька: ) “Добрае! Вельмі добрае! Слава Богу, ўсё е. Здароўя няма. А так усё е. І малака, і сала, і мяса е, і бульба, і макароны! Лукашэнка ў нас харошы. Усім нас забясьпечвае. Пэнсію палучаем, што трэба купляем. Мы радыя! Памагаем ‘шчэ і дзецям. Карова ды парасяты, даемо, што е. Грашыма. Старыя, нам багата ня трэба. Дапамагаемо."

Колькі б ні чуў гэтае “дапамагаемо” з вуснаў старых людзей, дык заўжды дзіўлюся іхнай лёгіцы. Чаму дапамагаць дзецям – гэта добра? Ці ня лепш было, каб дзеці дапамагалі старым?

***

Сьвята-Мікалаеўская царква – сапраўдны шэдэўр драўлянага дойлідзтва. Не кранулі яе за два стагодзьдзі ні войны, ні пажары. І стаўленьне людзей да сваёй царквы зусім асаблівае. На нядзельную службу зьяжджаюцца людзі з усяе акругі. Перад царквой выстройваецца чарга з двух дзясяткаў машынаў. Прычым палова – патрыманыя “іншамаркі”. Мяне зьдзівіла наяўнасьць у гэтай палескай глушы старога амэрыканскага “Крайсьлеру”, які на тле вёскі глядзеўся сымбалем сёньняшняга дабрабыту. Але ж зойдзем у царкву.

Я знаходжуся на службе ў Сьвята-Мікалаеўскай славутай царкве. Тое, што храму больш за 200 гадоў, адчуваецца ня толькі па сьценах. Пачарнелыя ад часу іконы, драўляныя скульптуры. У гэтым сьветлым храме багата народу. Шмат моладзі і дзяцей. Моліцца тут вельмі лёгка, у радасьць.

Па выхадзе з царквы маю ўвагу прыцягнула адна старая прыхаджанка. Па руках і зморшчынах на твары ёй можна было даць гадоў сто. Але з пад чорнай хусткі на мяне глядзелі чыстыя блакітныя-блакітныя вочы. Мы разгаварыліся. Баба Ева, нягледзчы на свой век, мела яшчэ сьветлы розум.

(Ева: ) “Жылося, як выйшла замуж. За свайго. То пажылася сем гадоў. Хораша з мужыком, са сьвякрухаю. Добра было. Потым мужыка забралі на вайну, не вярнуўся. Многа было яшчэ ахвотнікаў на мяне. Я не хвалюся. Былі і пакіданцы, і жаніхі. Я рашыла, вельмі быў добры мужык. Я рашыла ня змэніць. І ня змэніла. А ўнук ужо з адной жонкаю разыйшоўся, з другой разыйшоўся. Толькі б вы жылі да маіх год. І вашыя дзеці і ўнучкі, усе.”

***

Каб спраўдзіць палітызаванасьць мясцовага насельніцтва я зайшоў на пошту.

(Бартосік: ) “Ці выпісваюць людзі цяпер якія-кольвек газэты?”

(Супрацоўніца пошты: ) “Вось “Советскую Белоруссию” выпісваюць. Гэта газэта прэзыдэнта. Яна карыстаецца попытам. Затым выпісваюць яшчэ раённыя газэты, гэта “Лунінецкія навіны” і “Інформ-прагулка”. Зь незалежных газэтаў у Кажан-Гарадку вядомая адна. “Народную волю” выпісваюць. Выпісваюць у асноўным людзі, якія маюць свой пункт погляду наконт палітычнага кірунку. Ёсьць у нас такія людзі, якія выпісваюць “Народную волю”.”

Такіх людзей, як высьветлілася, у Кажан-Гарадку крыху больш за дзясятак. Што, на маю думку, зусім нямала. Да іх пакуль не далучыўся 13-гадовы хлопец Зьміцер, які акрамя сваёй сярэдней школы, яшчэ вучыцца ў школе мастацтваў ігры на баяне. Ён марыць аб музычнай кар’еры. Але ведае і паважае яго местачкоўская моладзь не за баян. Зьміцер – дыск-жакей на мясцовай дыскатэцы.

(Бартосік: ) “Якую музыку ты любіш ставіць на дыскатэцы?”

(Зьміцер: ) “Калі для сябе, дык рок. Рускі рок. "Арыя", NRM”.

(Бартосік: ) “NRM – гэта рускі рок?”

(Зьміцер: ) “Беларускі.”

(Бартосік: ) “І ёсьць любімыя песьні?”

(Зьміцер: ) “"Тры чарапахі", "Одзірыдзідзіна", "Песьня падземных жыхароў", іншыя.”

Нядзельная дыскатэка ў мясцовым Доме культуры, гэта, бадай, самая гучная местачковая падзея як у простым, так і ў пераносным сэнсе. Да аднапавярховага будынку з чырвонай цэглы з усяго навакольля сьцякаецца моладзь. Некаторыя хлопцы ўжо напатпітку, некаторыя свой цудоўны ўікенд толькі пачынаюць піцьцём з рыльца каля клюбнага ганку. Што праўда, п’юць спадары не чарніла, а крамную гарэлку. Дырэктар Дома Культуры Віталь Каратыш паводзіць сябе стрымана. Нібы капітан над сп’янелай камандай.

(Бартосік: ) “Што тут зараз адбываецца?”

(Каратыш: ) “Дыскатэка толькі пачалася.”

(Бартосік: ) “Тут спакойна?”

(Каратыш: ) “Раней, некалькі гадоў таму, тут часта панажоўшчыну ладзілі. Але чамусьці цяпер спакайней, я ня ведаю... Можа, хіба што ўсе па турмах сядзяць ужо, хто ў свой час, дапрыгаўся. Таму пакуль спакойна.”

З сталых заўсёднікаў гэтага клюбу паразмаўляць са мной выказаў жаданьне толькі адзін спадар Лёха.

(Лёха: ) “У вёсцы ўвесь час весела. У горадзе сумна. Праца е. Хто работае, хто не работае. Хто грошы зарабляе, хто не зарабляе.”

(Бартосік: ) “Кім Вы працуеце?”

(Лёха: ) “Каменшчыкам.”

(Бартосік: ) “Што вы будуеце?”

(Лёха: ) “Дамы, хаты людзям. На калгас.”

(Бартосік: ) “Ці грошай хапае?”

(Лёха: ) “Для мяне, халасьцяка, хапае.”

(Бартосік: ) “А акрамя дыскатэкі ці ёсьць куды падацца?”

(Лёха: ) “На Прыпяць сама харашо. Гарэлка, дзеўкі.”

А дзясятай гадзіне ў колішнім вясковым кіназале ўжо танчыла больш за сотню маладых людзей. І гледзячы на гэты стракаты натоўп, я зразумеў спадара Лёху. Дзяўчаты тут па прыгажосьці абсалютна не саступаюць сваім аднагодкам у вялікіх гарадах ды сталіцы. І навошта, сапраўды, кудысьці зьбягаць з гэтага беларускага раю?

Што яшчэ мяне прыемна зьдзівіла ў Кажан-Гарадку – дык гэта колькасьць дзяцей на вуліцах. З дэмаграфіяй, відаць паўсім, тут праблемаў няма. Выміраць кажангародскі люд не зьбіраецца. Нягледзячы нават на тыя ўмовы, у якіх тутэйшым кабетам прыходзіцца тых дзяцей нараджаць. Вось што распавяла мне маладая кажангароцкая маці, мэдсястра Алена.

(Бартосік: ) “На Вашую думку дзяцей становіцца больш, ці менш?”

(Алена: ) “У гэты час я так лічу, што больш. Сярод сябровак маіх ходзіць думка, што дзяцей трэба хаця б двое. І нараджаюць. Нягледзячы на ўсялякія цяжкасьці ў жыцьці. Бо якая гэта сям’я ці краіна безь дзяцей?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG