Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО СТАІЦЬ ЗА “СПРАВАЙ КАЗУЛІНА”?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Крымінальная справа прадпрыемства “Унідрагмет” БДУ паступова пераходзіць у справу былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. То бок, справа з крымінальнай ператвараецца ў палітычную. Чуткі аб адстаўцы рэктара БДУ хадзілі даўно, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Але адбылася яна толькі ў панядзелак. Найперш зьвяртае на сябе ўвагу незвычайная публічнасьць у дзеяньнях пракуратуры. Звычайна падрабязнасьці крымінальнай справы зьяўляюцца сакрэтам.

Супрацоўнікі праваахоўчых органаў усяляк хаваюць такія падрабязнасьці, таму што за гэта можна прыцягнуць да адказнасьці. Былі прыклады рэпрэсіяў супраць журналістаў і СМІ, якія абнародавалі факты крымінальнай справы ня толькі на стадыі расьсьледаваньня, але і інфармацыю з залі суду. А цяпер супрацоўнікі пракуратуры далі інфармацыю БТ, а ў аўторак “Советская Белоруссия” на першай паласе падрабязна расказала аб сутнасьці справы “Унідрагмету” БДУ. У чым прычыны такой незвычайнай адкрытасьці і публічнасьці пракуратуры? Што гэтым улады хочуць сказаць насельніцтву, да чаго яго падрыхтаваць? І гэтая справа крымінальная ці палітычная?”

(Анатоль Паўлаў: ) “Я лічу, што гэта чыста палітычная справа. Я добра ведаю Аляксандра Ўладзіслававіча амаль 20 гадоў. Паўтара году я працаваў зь ім на пасадзе прарэктара. Як рэктар, які клапоціцца аб унівэрсытэце, ён быў на сваім месцы. Я добра памятаю 1996 год, калі спадар Мясьніковіч прывёў нам на навуковую раду БДУ новага рэктара Казуліна. Апошні ў сваім інаўгурацыйным выступе заявіў, што ён чалавек прэзыдэнта, і хто супраць прэзыдэнта, таму ў БДУ ня месца. Некалькі гадоў ён быў фаварытам прэзыдэнта”.

(Людміла Гразнова: ) “Калі ў 1996 годзе рэктарам БДУ быў прызначаны Казулін, ён яшчэ ня быў нават прафэсарам. Ягонае прызначэньне было сустрэтае ва ўнівэрсытэцкіх колах зь неразуменьнем. Рэпрэсіі супраць Казуліна маюць палітычны характар. Лукашэнку трэба выпраўляць свой імідж, падымаць рэйтынг. Для гэтага, як ён лічыць, трэба ўдарыць па намэнклятуры, асабліва па найбольш значных асобах. Лукашэнка дзейнічае па расейскай аналёгіі. У Расеі Пуцін робіць сабе піяр на барацьбе з Хадаркоўскім. Тое ж робіць і Лукашэнка.

Казулін быў вельмі набліжаны да Лукашэнкі. Унівэрсытэт меў вельмі высокі статус, добрае фінансаваньне, не падпарадкоўваўся Міністэрству адукацыі. І Казулін разьвярнуўся. Ён паказаў сябе як добры гаспадар. Цяпер у БДУ будуецца альбо рэмантуецца дзесяць карпусоў. Але апошнія два гады БДУ прэсуюць. Лукашэнку не падабалася, што студэнты прагаласавалі, на ягоную думку, дрэнна, атрыманыя лічбы галасаваньня яго не задаволілі. Пасьля гэтага Казулін апынуўся пад прыцэлам. Лукашэнка дрэнна ставіцца да БДУ, ліцэю БДУ. У красавіку гэтага году на адной высокай нарадзе ў Лукашэнкі не было Казуліна. І Лукашэнка быццам бы сказаў: “Такіх рэчаў я не дарую”. Таму прыкметы апалы Казуліна былі бачныя і раней.

Акрамя таго, пайшлі чуткі наконт прэзыдэнцкіх амбіцыяў Казуліна. Калі б Лукашэнка пачаў рэпрэсіі супраць рэктара БДУ адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, то ўсе бы назвалі такія дзеяньні палітычнаю помстаю. Цяпер прайшло два гады, шмат хто забыўся пра тыя падзеі. А цяпер шмат хто будзе казаць, што Казулін “пагарэў на золаце”, і правільна робіць Лукашэнка, што выводзіць яго на чыстую ваду”.

(Карбалевіч: ) “Абвінавачаньні Казуліна задоўга да суду нагадваюць справы Васіля Лявонава, Васіля Старавойтава, Тамары Віньнікавай і іншых. То бок, мы маем ня столькі крымінальную, колькі палітычную справу. Што стаіць за гэтай справай? Якія задачы вырашаюць улады, арганізаваўшы кампанію ў СМІ супраць былога рэктара БДУ?”

(Паўлаў: ) “Існуе некалькі прычынаў зьяўленьня гэтай справы Казуліна, якая была заведзеная менавіта пад яго. Па-першае, хацеў бы зьвярнуць увагу на лічбу 35 кіляграмаў. Столькі золата, па вэрсіі сьледзтва, скралі на прадпрыемстве “Унідрагмет” БДУ. Я палічыў, што каб скрасьці 35 кіляграмаў золата, трэба скрасьці каля 35 тонаў матэрыялаў, зь якіх атрымліваюцца каштоўныя мэталы. А для абываталя лічба 35 кіляграмаў скрадзенага золата — гэта гучыць. Я добра ведаю Г.Корзуна, якога арыштавалі ў сувязі з гэтаю справаю. Ён сумленны чалавек, і я ніколі не паверу, што ён можа стаць злодзеем. Да гэтага часу ён з жонкаю і дзьвюма дзецьмі жыве ў інтэрнаце.

Магчыма, тут мы маем справу з барацьбой кланаў. Я сёньня быў на хімічным факультэце, дзе і нарадзілася тая тэхналёгія атрыманьня золата. Дык вось там я даведаўся, што ўсе грузы за мяжу і назад ішлі з дазволу КГБ і Камітэту дзяржаўнага кантролю. Прадстаўнікі гэтых ведамстваў візавалі неабходныя дакумэнты”.

(Гразнова: ) “Гэта піяраўская акцыя Лукашэнкі. Калі падае ўзровень жыцьця, растуць камунальныя плацяжы, то трэба адцягнуць увагу насельніцтва нейкай гучнаю справаю. Калі няма хлеба, то трэба даць народу відовішча”.

(Карбалевіч: ) “Калі ўзяць за аснову вэрсію, што рэпрэсіі супраць Казуліна ёсьць спробай чарговы раз запужаць намэнклятуру, то тут можна прасачыць цікавую заканамернасьць. Каб трымаць пад кантролем намэнклятуру, трэба рэпрэсаваць знакавых яе прадстаўнікоў Каб нагнаць страху на банкіраў, арыштоўваюць кіраўніка Нацбанку Віньнікаву. Каб напужаць вышэйшае чынавенства, арыштоўваюць патрыярха беларускай намэнклятуры яшчэ з савецкага часу Васіля Лявонава. Каб даць пэўны сыгнал старшыням калгасаў, арыштоўваюць самага вядомага зь іх — Васіля Старавойтава. А каб запужаць дырэктарат, арыштавалі дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава, кіраўніка найбуйнейшага прадпрыемства, прэзыдэнта Міжнароднага клюбу дырэктараў.

Цяпер прыйшла чарга рэктараў. Таму выбраная асоба Казуліна, кіраўніка галоўнага ВНУ краіны і кіраўніка Савету рэктараў. Калі выстройваць такі лягічны ланцуг, то лёс Казуліна незайдросны.

Спадар Паўлаў выказаў думку, што тут мы маем справу проста зь міжклянавай разборкай. Тады да якога кляну належыць Казулін? Калі мы адкажам на гэтае пытаньне, то можам спрагназаваць, хто наступны ў чарзе на пасадку?”

(Паўлаў: ) “Сяброўскія сувязі Казуліна вядомыя: Тозік, Латыпаў і шэраг іншых людзей, якія знаходзяцца на вяршыні ўлады”.

(Гразнова: ) “Мяркую, што ў Беларусі барацьба клянаў — не такі значны чыньнік. У нас няма алігархаў, такіх клянаў, як у Расеі, ва Ўкраіне. Прыхаваная барацьба мала ўплывае на грамадзка-палітычнае жыцьцё. Усё вырашае Лукашэнка ў адпаведнасьці з сваімі інтарэсамі”.

(Паўлаў: ) “Лукашэнка аб’явіў унівэрсытэт “рассаднікам апазыцыі”. Прывяду адзін прыклад. У пачатку гэтага году памёр рэктар Сахараўскага коледжу. Кандыдатура на вакантную пасаду была выкрасьленая Лукашэнкам. Пры гэтым было сказана, што нікога з БДУ не назначу, таму ён “рассаднік апазыцыі”.

(Гразнова: ) “У нашых прававых і эканамічных умовах любы кіраўнік вымушаны нешта парушаць, каб ягонае прадпрыемства працавала. Таму любога лёгка прыцягнць да крымінальнай адказнасьці. Я мяркую, што Лукашэнка дазволіў Казуліну займацца вытворчасьцю, атрымліваць прыбытак невыпадкова. Каб потым выкарыстаць гэта, пасадзіць яго на кручок”.

(Паўлаў: ) “У артыкуле ў “Советской Белоруссии” я зьвярнуў увагу на прозьвішча следчага. Гэта спадар Лаўрынюк, які вёў справу Міхаіла Чыгіра. Міхаіл Мікалаевіч мог бы вельмі дакладна яго ахарактарызаваць”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікненьне “справы Казуліна” высьвятляе нейкія заканамернасьці функцыянаваньня існоўнага ў краіне палітычнага рэжыму. Мала хто абмяркоўвае гэтую праблему ў межах права, закону, пытаньня аб сапраўднай вінаватасьці былога рэктара БДУ. Грамадзтва прывучылі, што рэпрэсіі супраць высокага чыноўніка азначаюць альбо чарговую палітычную кампанію, альбо чарговы этап міжклянавай барацьбы. Што лішні раз сьведчыць аб адсутнасьці ў Беларусі дэмакратыі, прававой дзяржавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG