У Лёндане ўведзеныя сапраўды беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі, кошт якіх ацэньваецца ў больш як 7 мільёнаў даляраў: гэта, напрыклад, мабілізацыя ў Лёндан 5 тысячаў паліцыянтаў, многія зь якіх узброеныя, разьмяшчэньне сотняў узброеных амэрыканскіх агентаў бясьпекі, забарона палётаў над Лёнданам – і ўдарная група зьнішчальнікаў каралеўскіх паветраных сілаў у стане пэрманэнтнай гатовасьці.
Сараўды, частка цэнтра Лёндана, непадалёк Букінгэмскага палаца, была сёньня зраніцы адгарожаная паліцыяй. Паводле адного актыўнага дзеяча беларускай грамады ў Лёндане, які працуе ў самым лёнданскім “сіты”, сёньняшнія надзвычайныя меры бясьпекі не парушылі аднак хады бізнэсовага жыцьця ў “сіты” – хіба толькі крыху пацішэла на вуліцы, бо паменела машынаў.
Што тычыцца стаўленьня брытанскіх беларусаў да візыта Буша, то ў гэтым беларуская грамада рэпрэзэнтацыйная для настрояў грамадзтва агулам. Напрыклад, зь ліку маіх знаёмых студэнтаў зь Беларусі гарачых прыхільнікаў Буша сапраўды няма, але на маршы пратэсту заўтра ніхто зь іх таксама не зьбіраецца.
Тымчасам усе брытанскія тэлеканалы зазначылі той факт, што Буш нават праз самы сад Букінгэмскага палацу – ад задняга да параднага ўваходу будынка – праехаў у сваім браніраваным лімузіне. Прэзыдэнта прывіталі 41 гарматным стрэлам у Зялёным парку, а ля ўвахода яго і Лору Буш урачыста сустракалі каралева, князь эдынбурскі, і цэлы цэрэманіяльны вайсковы парад. Важнай падзеяй сталася прамова прэзыдэнта, у якой ён між іншым падкрэсьліў важнасьць хаўруса зь Вялікай Брытаніяй у барацьбе з тэрарызмам, і што вайна вядзецца ў абарону саміх каштоўнасьцьяў свабоднага сьвету – а не зьяўляецца для ЗША нейкім простым пільнаваньнем ўласнага інтарэсу.
Сёньня ў Лёндане ўжо адбыўся марш пратэсту супраць – паводле меркаваньня дэманстрантаў – занадта ваяўнічай палітыкі Джорджа Буша. Гэта была ня першая масавая акцыя з нагоды візыта прэзыдэнта ЗША – але першая ў цэнтры места. Аднак вялікая, галоўная дэманстрацыя пратэсту прымеркаваная на заўтра. Паводле арганізатараў – кааліцыі “Спыніць вайну” – удзел у ёй магчыма возьмуць да 100 тысячаў асобаў. Плянуецца, што дэманстрацыя пройдзе праз самы цэнтар – побач парляманту, побач рэзыдэнцыі прэм’ера на Даўнінг Стрыт – дзе заўтра адбудуцца перамовы паміж Бушам і Блэрам – і да Трафальгарскага пляцу. Тымчасам у Лёндане заплянавана яшчэ некалькі меншых масавых акцыяў супраць вайны, у тым ліку антываенны вечар ладзіць у лёнданскай ратушы сам мэр Лёндана – Кен Лівінгстон.
Што тычыца перамоваў, то хаця Брытанія бярэ чынны ўдзел разам з ЗША ў вайне супраць тэрарызму, аднак паміж краінамі існуе даволі вялікі сьпіс невырашаных пытаньняў. Як паведамляецца, Блэр будзе пераконваць Буша зьмяніць націск у Іраку зь сілавога на больш палітычны – перадусім, павялічыць удзел іракскіх сунітаў у іракскіх структурах улады, што магчыма паскорыла б перадачу ўлады ўласна іракскаму ўраду. Застаецца нявырашанай і праблема шасьці брытанскіх грамадзянаў, якіх ЗША ўтрымлівае на базе ў затоцы Гуантанама, і якіх зьбіраюцца судзіць амэрыканскім ваенным трыбуналам.
Блэр таксама будзе націскаць на Буша, каб ЗША болей зрабіла для дасягненьня замірэньня паміж Ізраілем і Палестынай. Палітычна-гаспадарчыя пытаньні ўключаюць адкрыцьцё доступу для брытанскіх кампаніяў да кантрактаў на рэканструкцыю ў Іраку, а таксама пэрспэктыву санкцынаваных Сусьветнай гандлёвай арганізацыяй эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу супраць ЗША, вартасьцю ў 3 мільярды даляраў, за ўвядзеньне Джорджам Бушам нелегальных падаткаў на імпарт сталі. Сапраўды, шмат хто ў Вялікай Брытаніі хацеў бы пабачыць, што важнасьць брытанскай падтрымкі для ЗША ў вайне была бы засьведчаная таксама і больш пазытыўным стаўленьнем амэрыканскага боку да рашэньняў у іншых аспэктах брытанска-амэрыканскіх дачыненьняў.